«Эфэкт Ціханоўскай мог паўтарыцца ў Расеі». Расейскі апазыцыянэр Кара-Мурза тлумачыць нядопуск партыі «Яблоко» да выбараў

Уладзімір Кара-Мурза.

«20 верасьня ў мільёнаў расейскіх грамадзян была б легальная, мірная і адносна бясьпечная магчымасьць сказаць «не» гэтай вайне — вайне, якую мільёны расейскіх грамадзян ніколі не хацелі пачынаць і хочуць яе скончыць сёньня».

10 жніўня Вярхоўны суд Расеі задаволіў пазоў партыі «Родина» і скасаваў рэгістрацыю фэдэральнага сьпісу кандыдатаў у дэпутаты Дзяржаўнай думы ад партыі «Яблоко».

Пазоў разглядаў судзьдзя Вячаслаў Кірылаў, які ў красавіку 2026 году прыняў рашэньне прызнаць «экстрэмісцкай» арганізацыю «Мемориал», якая займалася вывучэньнем рэпрэсій і абаронай правоў чалавека.

«Яблоко» абвінавачвалі ў парушэньні аўтарскіх правоў, у прыватнасьці, за выкарыстаньне ў інтэрвію заснавальніка і былога старшыні партыі Грыгорыя Яўлінскага фраз «Хай заўжды будзе сонца» і «Абы не было вайны», а таксама западозрылі ў падтрымцы ЛГБТ, закліках да «экстрэмісцкай» дзейнасьці, парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і атрыманьні замежнага фінансаваньня.

Пры гэтым «Яблоко» было адзінай фэдэральнай партыяй у Расеі, якая выступае супраць вайны ва Ўкраіне зь перадвыбарчым лёзунгам «За мір і свабоду! За жыцьцё бяз страху!». У сацсетках кампанія палітыкаў выклікала істотны водгук, у тым ліку, і ў зусім маладых. А падтрымаць «Яблоко» да будынка суду ў Маскве прыйшлі каля паўтысячы чалавек.

Акцыя ў падтрымку партыі «Яблоко» каля будынка Вярхоўнага суду ў Маскве, 10 жніўня 2026 году

Што рашэньне Вярхоўнага суду кажа пра настроі ў расейскім грамадзтве, «Настоящее время» спыталася ў расейскага апазыцыянэра Ўладзіміра Кара-Мурзы.

У красавіку 2023 году палітыка прыгаварылі да 25 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачаньні ў ваенных «фэйках», удзеле ў дзейнасьці «непажаданай» арганізацыі і «дзяржаўнай здрадзе». Яго вызвалілі ў выніку абмену паміж Расеяй і заходнімі краінамі ў жніўні 2024 году. У 2026 годзе Кара-Мурза ўвайшоў у склад Плятформы расейскіх дэмакратычных сілаў пры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

«Крэмль спалохаўся масавага шматмільённага галасаваньня супраць вайны»

— Само рашэньне суду аб зьняцьці «Яблока» з выбараў многія называлі чаканым. Але перад будынкам сабраліся сотні маладых людзей, партыя набірала папулярнасьць у сацсетках. Пра што, па-вашаму, гэта гаворыць?

— Па-першае гэта, вядома, ніякае не рашэньне суду, гэта рашэньне Крамля і асабіста Ўладзіміра Пуціна. Вельмі дэманстратыўна быў прызначаны той самы «судзьдзя», які ў свой час абвясьціў «экстрэмісцкім» праваабарончае таварыства «Мемориал» і адхіляў пазовы Аляксея Навальнага з калёніі.

Я ня памятаю апошні раз, калі пуцінскі, цяперашні крамлёўскі рэжым, у такой ступені паказваў свой страх і няўпэўненасьць.

Гадамі крамлёўская прапаганда расказвала і Расеі, і ўсяму сьвету пра «Данбаскі кансэнсус», пра аднадушную падтрымку так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Сёлета на парадзе на Краснай плошчы Пуцін сказаў, што «ўвесь народ» у нас, аказваецца, падтрымлівае тое, што адбываецца ва Ўкраіне.

І, на жаль, на маё вялікае зьдзіўленьне, многія людзі на Захадзе ўспрымаюць гэта за чыстую манету і паўтараюць гэты крамлёўскі наратыў, што нібыта сапраўды расейскае грамадзтва ў сваёй пераважнай большасьці падтрымлівае вайну ва Ўкраіне.

Але справы заўсёды гавораць гучней за словы. І пасьпешлівае, панічнае рашэньне Крамля зьняць з выбараў адзіную антываенную партыю значна красамоўнейшае за любыя выдзіманыя сацыялягічныя апытаньні, вынікі фальшывых выбараў, прапагандысцкіх рэляцый.

За гэтыя 13 дзён, што партыя «Яблоко» была зарэгістраваная для ўдзелу ў так званых парлямэнцкіх выбарах, мы ўсе бачылі, якую рэакцыю гэта выклікала ў расейскім грамадзтве. Мы бачылі гэтыя мільённыя прагляды ролікаў у TikTok.

І рэч ня ў «Яблыку» — рэч у тым, што гэта была магчымасьць для мільёнаў расейскіх грамадзян прагаласаваць супраць вайны.

Мы бачылі — у прыватнасьці, [паліталягіня] Кацярына Шульман выкладвала — скрыншоты звычайных дамавых чатаў у расейскіх, у тым ліку правінцыйных гарадах, у глыбінцы, дзе «Яблоко» проста абставіла «Единую Россию».

Мы бачылі небывалае, шырокае аб’яднаньне самых розных апазыцыйных сіл, калі палітыкі, грамадзкія дзеячы, якія, мусіць, у жыцьці не заўсёды нават вітаюцца адзін з адным, не змаўляючыся, публічна выступілі ў падтрымку партыі «Яблоко».

Гэта сытуацыя, якая пагражала выйсьці з-пад кантролю Крамля, пуцінскай улады.

Яны добра памятаюць «эфэкт Ціханоўскай», калі шэсьць гадоў таму спадар Лукашэнка вырашыў пагуляць у дэмакратыю і пусьціў у бюлетэнь, як пагардліва называлі Сьвятлану Ціханоўскую беларускія чыноўнікі, «хатнюю гаспадыню». І гэтая «хатняя гаспадыня» проста вынесла Лукашэнку ў першым жа туры з усім яго адміністрацыйным і прапагандысцкім рэсурсам.

Дакладна такая ж сытуацыя магла паўтарыцца ў нас у Расеі ў верасьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чаканьні «акна магчымасьцяў». Што паказала канфэрэнцыя «Новая Беларусь»

Калі ў канцы ліпеня ў Крамлі прымалі рашэньне зарэгістраваць «Яблоко» для ўдзелу ў гэтых так званых «выбарах», разьлік быў проста зразумелы: пагуляць у дэмакратыю, паказаць, што вось, глядзіце, у нас выбары, нават антываенная партыя зь бюлетэняў. Намаляваць ёй там 1,5-2% і потым сказаць: «Гэта ўсё, хто прытрымліваецца антываенных апазыцыйных поглядаў, а так у нас усё грамадзтва ў адзіным парыве» і далей паводле тэксту.

Але яны недаацанілі, што гэта ўжо цяпер ня проста «Яблоко»: 20 верасьня ў мільёнаў расейскіх грамадзян была б легальная, мірная і адносна бясьпечная магчымасьць сказаць «не» гэтай вайне — вайне, якую мільёны расейскіх грамадзян ніколі не хацелі пачынаць і хочуць яе скончыць сёньня.

Цалкам інтэрвію Ўладзіміра Кара-Мурзы можна прачытаць тут (па-расейску).