Зяленскі заявіў аб пасьпяховым ракетным удары па расейскай вайскова-марской базе ў Новарасійску

Порт у Новарасійску. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб унікальнай апэрацыі, якую ажыцьцявілі ўкраінскія вайскоўцы супраць вайскова-марскай базы ў Новарасійску, што на адлегласьці больш за 300 кілямэтраў ад лініі фронту.

«Нашыя рэактыўныя дроны „Паляніца“, ракеты „Няптун“ і марскія безэкіпажныя сыстэмы трапна адпрацавалі па вызначаных мэтах. Пацьверджана пацэльваньне па пазыцыях СПА, прычалах і інфраструктуры марскога порту», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт падзякаваў сілам абароны і выведцы за выдатныя вынікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія войскі зьнішчылі ў Чорным моры расейскі выведны карабель

У Расеі пацьвердзілі ўдар, але не маштабы

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 12 жніўня абясшкодзілі 502 украінскіх бесьпілётнікі над 7 расейскімі рэгіёнамі, над анэксаваным Расеяй Крымам і ў акваторыі Чорнага мора. Аднак, няма дэталёвай інфармацыі аб колькасьць перахопленых украінскіх дронаў над Краснадарскім краем, на тэрыторыі якога знаходзіцца вайсковая марская база.

Улады Краснадарскага краю адзначылі, што атака была вельмі інтэнсіўнай.

Паводле губэрнатара Краснадарскага краю Веньяміна Кандрацьева, у Новарасійску, Анапе, Геленджыку і Цямрукскім раёне пацярпелі «цывільныя аб’екты і дамы мірных жыхароў». Ён адзначыў, што загінуў адзін чалавек і пацярпелі 8, у тым ліку адно дзіця.

Аб наступствах для вайскова-марской базы ў порце Новарасійску кіраўнік краю нічога не сказаў.

Telegram-канал «Крымский ветер» з спасылкай на спадарожнікавыя фота ўдакладніў, што асноўнай мэтай украінскага ўдару ў Новарасійску былі нафтавы тэрмінал «Шесхарыс» у порце і вайсковая гавань — месца стаянкі караблёў і падводных лодак Чарнаморскага флёту. Там зафіксавалі ўзгараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы зьнішчылі расейскія патрульныя катэры, што ахоўвалі Керчанскі мост, і пацэлілі ў НПЗ у Пермі