У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што праз значнае пагаршэньне зроку палітвязень Вацлаў Арэшка навобмацак перасоўваецца ў атрадзе.
«За час зьняволеньня Вацлаў практычна асьлеп, але інваліднасьць у калёніі яму да гэтага часу не афармляюць. Нягледзячы на ўзрост і стан здароўя, рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць пэнсіянэра ў няволі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Праваабаронцы паведамілі дэталі ягонага знаходжаньня ў калёніі з спасылкай на колішняга палітвязьня, які адбываў пакараньне разам з Вацлавам Арэшкам.
«Праз тое, што ён нічога ня бачыць, яму дужа цяжка хадзіць у сталоўку ці ў мэдчастку, заўсёды зь ім ідзе чалавек, які яго суправаджае! Гэты чалавек, у асноўным, не адзін і той самы, а розныя», — працытавалі праваабаронцы свайго суразмоўніка.
Вацлава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 году, праз год яму прысудзілі 8 гадоў зьняволеньня, ужо трэці год палітвязьня трымаюць у івацэвіцкай калёніі № 22. Праз пэнсійны ўзрост палітвязьня не прымушаюць працаваць, але ягоны фізычны стан такі, што ён мусіць да мінімуму абмежаваць перасоўваньні.
Праваабаронцы ўключылі Вацлава Арэшку ў сьпіс палітвязьняў у стане асаблівай рызыкі паводле здароўя, якіх трэба як мага хутчэй вызваліць.
У студзені 2026 году Вацлаву Арэшку споўнілася 70 гадоў.
Палітоляг і грамадзкі дзяяч, актывіст прафсаюзу РЭП Вацлаў Арэшка ў пачатку 2023 году быў асуджаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзелу ў ім», яго асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інфармацыя пра сьмерці палітвязьняў зь віны дзяржавы ўсяляк хаваецца — агляд пра палітычныя сьмерці ў БеларусіЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.