У Кіргізстане празь сьнегапад спынілі пошукі зьніклых беларускіх альпіністаў. Сваякі разьлічваюць, што яны жывыя

Альпіністы зніклі без вестак на вяршыні Курумды.

У Міністэрстве ў надзвычайных сытуацыях Кіргізстану паведамілі, што змогуць аднавіць пошука-выратавальную апэрацыю, калі палепшацца ўмовы надвор’я.

Як паведаміла Кіргіская служба Радыё Свабода, праз кепскую бачнасьць дроны, пры дапамозе якіх шукаюць трох зьніклых альпіністаў (два зь Беларусі і адзін зь Літвы. — РС) ня могуць узьняцца над гарой. У выніку пошукава-ратавальную апэрацыю, якую праводзілі на вышні 5600-6000 мэтраў пакуль прыпынілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіргізстане ў гарах зьніклі двое беларускіх альпіністаў

«Ёсьць надзея, што яны жывыя»

Ганна Бандарэнка, дачка аднаго з зьніклых альпіністаў Мікалая Сьвірыдава, у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню «Мінская праўда» паведаміла, што размаўляла з бацькам у дзень яго ад’езду з Салігорску і ён прапанаваў падтрымліваць далейшую сувязь праз жонку ягонага напарніка Максіма Палянскага.

«Настрой у іх пасьля пад’ёму быў пазытыўны. Ні пра якія ўскладненьні не казалі. Больш ён не тэлефанаваў», — працытавала Ганну Бандарэнка дзяржаўнае выданьне.

Дачка зьніклага альпініста кажа, што вельмі цяжка знаходзіцца ў стане чаканьня, калі нічым ня можаш дапамагчы.

«Надзея ёсьць, што яны жывыя і схаваліся ад непагадзі ва ўкрыцьці пад сьнегам. Калі накатвае смутак, я ўспамінаю, які моцны духам мой тата. Што ён не адступіць ні завошта на сьвеце. Будзе змагацца да апошняга. І тады на душы сьвятлее», — сказала Ганна.

Паводле яе, пошукі спынілі яшчэ 9 жніўня, калі пачаўся сьнегапад. «Ратаўнікі і добраахвотнікі робяць усё магчымае, на мяжы сваіх сіл. Сёньня-заўтра падключаюцца іншыя беларускія альпіністы, якія знаходзяцца недалёка. У ратаўнікоў ёсьць дрон зь цеплавізарам. Галоўнае, каб надвор’е дазволіла працягваць. Перапынак паміж сьнегападамі — гэта цяпер ключ», — паведаміла яна.

Дачка зьніклага Мікалая Сьвірыдава дадала, што 9 жніўня ратаўнікі падняліся на рабро піка Курумды, абсьледавалі схілы дронам, але потым працэс спыніўся. Але, паводле яе, ёсьць і іншыя праблемы.

«Вельмі патрэбныя альпіністы з акліматызацыяй і дзейным памежным пропускам у Кіргізстан. Новы пропуск афармляецца 10 дзён. А часу зусім няма. Фінансавы бок таксама складаны. Страхоўка кампэнсуе толькі частку расходаў, а вартасьць апэрацыі — велізарная», — адзначыла Ганна Бандарэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Альпах загінуў беларускі турыст. На гэтай вяршыні ўжо гінулі беларусы

Што папярэднічала

9 жніўня стала вядома, што пасьля ўзыходжаньня на пік Курумды 4 жніўня перасталі выходзіць на сувязь два беларускія і адзін літоўскі альпіністы.

43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Сьвірыдаў і 37-гадовы літоўскі альпініст Сяргей Рубцоў падняліся на пік Карумду вышынёй 6613 мэтраў 1 жніўня і абвясьцілі, што пачнуць спуск 2 жніўня. Яны зьвязаліся з апэратарам і паведамілі, што гатовыя рухацца ў бок базавага лягера. У прызначаны час 4 жніўня група не прыйшла на кантрольны пункт. Дагэтуль невядома, дзе цяпер альпіністы.

Кіргіскія ратавальнікі знайшлі намёт зьніклых, аднак унутры нікога не было.

Сваякі беларускіх альпіністаў абвясьцілі збор сродкаў, неабходных для пошуку зьніклых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У зоне сьмерці страх можа быць жудасны». Гісторыя беларускай альпіністкі, якая ў 64 гады скарае васьмітысячнікі