Прэзыдэнтам Вугоршчыны стаў звольнены пры Орбану старшыня Вярхоўнага суду

Новы прэзыдэнт Вугоршчыны Андраш Бака

Парлямэнт Вугоршчыны абраў прэзыдэнтам краіны былога старшыню Вярхоўнага суду, 73-гадовага Андраша Баку. Яго падтрымалі 70% ад агульнай колькасьці дэпутатаў.

Пасада кіраўніка дзяржавы вызвалілася пасьля таго, як новы прэм’ер-міністар краіны Пэтэр Мадзяр дамогся адстаўкі Тамаша Шуёка, блізкага да папярэдняга вугорскага прэм’ера Віктара Орбана. Тэрмін паўнамоцтваў Шуёка быў скарочаны пасьля прыняцьця папраўкі да Канстытуцыі.

Партыя Орбана «Фідэс» і яе саюзьнікі ў парлямэнце байкатавалі галасаваньне, бо лічаць, што адхіленьне Шуёка было незаконным.

Андраш Бака 17 гадоў працаваў у Эўрапейскім судзе ў правах чалавека. У 2009 годзе яго прызначылі старшынём Вярхоўнага суду. Аднак праз тры гады адхілілі ад пасады пасьля таго, як ён раскрытыкаваў ініцыятыву ўраду Орбана зьнізіць узрост абавязковага выхаду на пэнсію для судзьдзяў з 70 да 62 гадоў.

«Дэмакратыя разбураецца ня толькі тады, калі нехта перавышае свае паўнамоцтвы». Што сказаў Бака ў першай прэзыдэнцкай прамове

Дэпутаты аплядуюць новаабранаму прэзыдэнту Вугоршчыны Андрашу Баку пасьля складаньня ім прысягі

У сваёй прамове пасьля абраньня Андраш Бака заявіў, што для аднаўленьня вяршэнства права ў краіне адных выбараў недастаткова: патрэбныя новая канстытуцыя, незалежныя суды, эфэктыўнае правасудзьдзе, свабода слова і падсправаздачнае кіраваньне.

Паводле яго, найважнейшая задача прэзыдэнта — падтрымліваць еднасьць нацыі, аберагаць дэмакратыю, умацоўваць асноўныя канстытуцыйныя каштоўнасьці. Ён адзначыў, што цяпер неабходна стварыць умовы, пры якіх вяртаньне краіны да палітычнай сыстэмы, што існавала пры Віктару Орбану, будзе немагчымым.

Андраш Бака сказаў, што прававая дзяржава трымаецца ня толькі на правілах, але і на веры людзей у тое, што гэтыя правілы тычацца ўсіх. Дэмакратыя разбураецца ня толькі тады, калі нехта перавышае свае паўнамоцтвы, але і тады, калі грамадзтва прызвычайваецца, што такое можа быць.

Але адказам на глыбокі падзел вугорскага грамадзтва ня можа быць помста, — адзначыў Андраш Бака. — Немагчыма будаваць супольную будучыню так, каб грамадзяне бачылі адзін у адным ворагаў. Таму задача, якая стаіць перад намі, патрабуе адначасова справядлівасьці і стрыманасьці, — заявіў абраны кіраўнік дзяржавы. Правапарушэньні павінны быць раскрытыя, выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў — праверанае, а вінаватасьць павінны вызначаць суды, — адзначыў ён.

Паводле Бака, еднасьць нацыі азначае ня тое, што ўсе думаюць аднолькава, а тое, што ўсе з аднолькавай годнасьцю і аднолькавымі правамі належаць да адной нацыі, — цытуе прэзыдэнта афіцыйны партал вугорскага ўраду.

Андраш Бака (у цэнтры)

Прэзыдэнт у Вугоршчыне выконвае пераважна цырыманіяльныя і прадстаўнічыя функцыі. Асноўная ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Ад траўня гэтую пасаду займае Пэтэр Мадзяр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы міністар замежных спраў Вугоршычны Сіярта знайшоў сабе працу ў Кітаі