Як паведаміла агенцтва АР, Пэтэр Сіярта, былы міністар замежных спраў Вугоршчыны ва ўрадзе Віктара Орбана, вядомы цеснымі сувязямі з Расеяй і Лукашэнкам, пакінуў краіну.
Сіярта ў сераду 15 ліпеня склаў дэпутацкія паўнамоцтвы, каб далучыцца да кітайскага аўтавытворцы BYD, пра што ён паведаміў у сацыяльных сетках.
Гэта выклікала крытыку ва ўгорскім грамадзтве, паколькі ўрад Орбана садзейнічаў атрыманьню значных дзяржаўных прэфэрэнцый гэтай кампаніяй падчас знаходжаньня ва ўладзе, піша АР.
Пэтэр Сіярта быў галоўным дыпляматам Вугоршчыны амаль 12гадоў, меў цесныя сувязі з Масквою і Менскам.
Яго звольнілі з пасады пасьля таго, як праэўрапейская партыя «Ціса» Пэтэра Мадзьяра атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах у красавіку, але Сіярта застаўся чальцом парлямэнту.
Сіярта абвясьціў, што атрымаў «вельмі прэстыжную прапанову» ад вядучага ў сьвеце вытворцы электрамабіляў «заняць міжнародную пасаду».
«BYD — адна з найвялікшых гісторый посьпеху ў аўтамабільнай прамысловасьці за апошнія 20 гадоў, — напісаў Сіярта. — Пачынаючы з сёньняшняга дня, я працягну сваю працу ў якасьці кіраўніка, адказнага за зьнешнія сувязі групы і разьвіцьцё новых бізнэс-напрамкаў», — паведаміў Сіярта.
Пасьля апошніх выбараў Сіярта прапусьціў большасьць парлямэнцкіх паседжаньняў і рэдка зьяўляўся на публіцы або пісаў у сацыяльных сетках.
Чым быў вядомы Сіярта на пасадзе кіраўніка МЗС
Як высьветлілі расьсьледнікі, Сіярта на пасадзе кіраўніка МЗС Вугоршчыны рэгулярна інфармаваў свайго расейскага калегу Лаўрова аб дэталях канфідэнцыйных перамоваў эўрапейскіх дыпляматаў. Ён раскрыў сярод іншага падрабязнасьці пасяджэньня Рады ў замежных справах ЭЗ ад 29 жніўня 2024 году.
У іншай тэлефоннай размове Сіярта паведаміў намесьніку міністра энэргетыкі Расеі Паўлу Сарокіну, што ён робіць усё магчымае, каб скасаваць пакет санкцый ЭЗ, накіраваны супраць расейскага «ценевага флёту».
У лютым 2026 году Вугоршчына заблякавала 20-ы пакет санкцый Эўразьвязу і вайсковы крэдыт Украіне на 90 млрд эўра. Сіярта тады заявіў, што Будапэшт перагледзіць сваю пазыцыю толькі тады, калі Ўкраіна адновіць пастаўкі нафты нафтаводам «Дружба».
Бываў Сіярта і ў Беларусі. У кастрычніку 2023 году ён наведаў Менск для ўдзелу ў канфэрэнцыі высокага ўзроўню ў пытаньнях бясьпекі. Тады Пэтэр Сіярта сустрэўся і з Аляксандрам Лукашэнкам.
У кастрычніку наступнага году Сіярта зноў наведаў Менскую канфэрэнцыю ў пытаньнях бясьпекі.
Наступны яго візыт у Менск адбыўся 9–10 верасьня 2025 году.
У канцы верасьня 2023 году Лукашэнка прыняў даверчыя лісты ад новай амбасадаркі Вугоршчыны ў Беларусі Зіты Ілоны Бенчык. Такім чынам, Вугоршчына тады сталася адной зь нямногіх краін ЭЗ, амбасадар якой уручыў граматы Лукашэнку пасьля падзеяў 2020 году.
Форум