Памёр легендарны трэнэр фрыстайлістаў Мікалай Казека. Яго адхілілі ад працы за пазыцыю ў 2020-м

Мікалай Казека, кастрычнік 2020 году

Пасьпяховы трэнэр фрыстайлістаў, які выгадаваў некалькіх алімпійскіх чэмпіёнаў, пасьля 2020 году трапіў у няміласьць уладаў, бо выступіў супраць гвалту.

Мікалай Казека памёр 10 жніўня на 77-м годзе жыцьця. Пра ягоную сьмерць паведаміў у Інстаграме спартовец Вадзім Дзевятоўскі, а таксама Onliner з спасылкай на сваякоў трэнэра.

На Алімпійскіх гульнях з 1998 па 2022 год выхаваныцы Мікалая Казекі заваявалі восем мэдалёў: чатыры залатыя (Аляксей Грышын, Ала Цупер, Антон Кушнір, Ганна Гуськова), два срэбныя (Дзьмітры Дашчынскі і Ганна Гуськова) і два бронзавыя (Дзьмітры Дашчынскі і Аляксей Грышын).

Мікалай Казека з алімпійскай чэмпіёнкай Ганнай Гуськовай ў Пхёнчхане. 2018 год

Мікалай Казека нарадзіўся ў 1950 годзе ў Менску ў сям’і настаўніцы малодшых клясаў Вольгі Дзьмітрыеўны і літаратуразнаўцы, галоўнага рэдактара выдавецтва «Белдзяржвыдат» (потым «Беларусь»), намесьніка галоўнага рэдактара ў «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», ляўрэата Дзяржпрэміі БССР Янкі Казекі.

Яшчэ ў школе пачаў займацца скачкамі на батуце. У 15-гадовым узросьце дэбютаваў на першых усесаюзных спаборніцтвах, а ў 1972-м стаў чэмпіёнам СССР у скачках на батуце. Потым яшчэ ня раз станавіўся прызэрам спаборніцтваў.

Пасьля заканчэньня кар’еры паспрабаваў сябе трэнэрам па скачках у ваду, а ў 1986 годзе прыняў прапанову ўзначаліць каманду БССР у новым відзе спорту — фрыстайле (лыжная акрабатыка).

Пасьля атрыманьня краінай незалежнасьці быў нязьменным галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі. Беларускія фрыстайлісты лічацца аднымі з наймацнейшых у сьвеце.

У 2020 годзе заслужаны трэнэр Беларусі выказаўся супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. За гэта яго фактычна адхілілі ад працы з атлетамі. Пакуль ён з каранавірусам на пачатку 2021 году ляжаў у лякарні, яго адхілілі нават ад працы з моладзьдзю. У 2022 годзе зь ім не працягнулі кантракт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўны трэнэр па фрыстайле: У нас дома гасьцявалі Крапіва, Мележ, Броўка і Шамякін

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трэнэра, які прынёс Беларусі чатыры алімпійскія перамогі, пазбавілі імянной прэзыдэнцкай стыпэндыіГалоўнага трэнэра фрыстайлістаў Казеку не ўзялі на зборы нацыянальнай камандыТрэнэр Казека прапанаваў у склад Нацыянальнага алімпійскага камітэту дваіх спартоўцаў, якія падпісалі ліст за новыя выбары«Дзякуй міністру Кавальчуку, які актыўна ўзяўся за тое, каб патапіць фрыстайл». Чым цяпер займаецца легендарны трэнэр Мікалай Казека?Адзін з самых тытуляваных трэнэраў Беларусі не атрымаў новага кантракту з палітычных прычынСлавутаму трэнэру ў фрыстайле Мікалаю Казеку не дазваляюць працаваць нават у дзіцячым спорце