«Яго называлі „Шэфе“». Гарадзенцы ўспамінаюць, якім чалавекам быў Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч. 2012 год

Гарадзенцы, якія ведалі Аляксандра Мілінкевіча ня толькі як палітыка, але і як «шэфа», баскетбаліста і гаспадара дома ля возера, падзяліліся са Свабодай сваімі ўспамінамі пра яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На 80-м годзе жыцьця памёр беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч

Добра знаёмыя з Мілінкевічам гарадзенцы называлі яго «Шэфе». Гэта пайшло яшчэ з 1990-х гадоў, калі Аляксандар Уладзімеравіч узначальваў горадзенскае аб’яднаньне грамадзкай арганізацыі «Ратуша». Фізык з адукацыі, ён меў сантымэнт да гісторыі Беларусі і гісторыі сваёй сям’і. Дарагім для яго месцам быў дом на беразе возера ў вёсцы Бершты на Шчучыншчыне, дзе жылі ягоныя продкі і куды палітык так хацеў вярнуцца з эміграцыі. Інтэлігенты, мяккі, чалавечны — такім перадусім успамінаюць спачылага суразмоўцы.

Аляксандру Мілінкевічу было 79 гадоў. У лістападзе мінулага году яму зрабілі плянавую апэрацыю на соннай артэрыі, выдалілі тромб. Але нечакана стан падчас апэрацыі пагоршыўся, адкрыўся моцны крывацёк. Некалькі тыдняў Мілінкевіч правёў у рэанімацыі. Усе наступныя месяцы ён аднаўляўся ў шпіталі. Стан то пагаршаўся, то быў лепшым. Аляксандар Уладзімеравіч быў у сьвядомасьці, аднак яму было складана гучна гаварыць і хадзіць.

Аляксандар Мілінкевіч вядомы як гарадзенец, «адзіны кандыдат» ад дэмакратычнай апазыцыі на выбарах 2006 году, фізік-навуковец, аматар гісторыі, кіраўнік баскетбольнага клюбу, стваральнік грамадзкага руху «За Свабоду», у апошні час — адзін з стваральнікаў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту» у Варшаве» і пазаштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай. З 2021 году ён жыў за мяжой, у Польшчы, і ня мог вярнуцца на радзіму праз палітычны перасьлед.

Партрэт Баторыя-Мілінкевіча

Журналіст Павал Мажэйка быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча падчас выбарчай кампаніі 2006 году. Узгадвае, як яны езьдзілі разам па гарадах на сустрэчы з выбаршчыкамі. Зь першых гарадоў людзі масава пайшлі на гэтыя сустрэчы. Імаверна, у Драгічыне ўлады «нагналі сваіх» поўныя залі, чалавек 400.

«Відаць, ім паставілі задачу: калаціць, стукаць, крычаць, высьмейваць. Мілінкевіч толькі пачынае выступаць, адразу крык моцны, дэцыбелы валяць, каб замінаць яму, каб яго не было чуваць. Метамарфоза, каторую я назіраю на сваіх вачах: Мілінкевіч ціха гаворыць, у першыя шэрагі гэтыя словы пачынаюць далятаць, ён гаворыць разумныя рэчы, і ў пэўны момант гэты гвалт пачынае затухаць. Людзі хочуць пачуць, што ён гаворыць», — успамінае Мажэйка.

Павал узгадвае, як цікава Мілінкевіч расказваў пра сваю сям’ю, дзеда Аляксандра Мілінкевіча, які быў адным з лідэраў Таварыства беларускай школы ў Берштах, і як яму было важна, што ягоныя продкі былі на правільным баку, што для іх была важная беларушчына, што яны падтрымлівалі паўстаньне Кастуся Каліноўскага.

Аляксандар Мілінкевіч на вакацыях у родных Берштах

Сам Аляксандар Мілінкевіч быў намесьнікам кіраўніка Горадні. Ён адкрываў горад на Эўропу, мяркуе Павал. Вяртаў горадзенскім вуліцам гістарычныя назвы, займаўся рэканструкцыяй Калоскай царквы, агулам рэлігійнымі пытаньнямі, быў у добрых адносінах і з кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі Філярэтам і горадзенскім уладыкам Арцеміем, і з былым кіраўніком беларускіх каталікоў мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Ён быў чалавекам памежжа. Ты разумееш, што калі вы не дамовіцеся, нягледзячы на тое, што вы розных веравызнаньняў, розных моваў, вас проста ня будзе, іншыя гэтым скарыстаюцца. Калі ня трэба перці, як танк, калі разумееш, што трэба ўмець выслухаць кожнага. Яму было цікава, што ты гаворыш. У нас была розьніца ў 30 зь нечым гадоў, а яму было цікава, што ты гаворыш. Гэта была ня ветлівасьць. Яму было важна паслухаць», — расказвае Мажэйка.

Ён расказаў, што ён сам рэдка называў Аляксандра Ўладзімеравіча па імені, звычайна — «Шэфе», як і некаторыя іншыя гарадзенцы. Гэта пайшло яшчэ з часоў грамадзкай арганізацыі «Ратуша», якой кіраваў Мілінкевіч.

«Гэта было такой далучанасьцю, нейкім паролем. Гэта было прыкольна ў 1990-я гады, нефармальна. Ёсьць нашае беларускае стаўленьне да чыноўнікаў з піетэтам. І тут раптам чалавек, які быў намесьнікам мэра, — і нешта лёгкае, ні да чаго не абавязвае. „Шэфе“ яго называлі і людзі, каторыя нават блізка зь ім не працавалі. Чыноўнікі — гэта пэўная каста, а тут ты бачыш чалавека абсалютна эўрапейскага ўзроўню, які дазваляе сабе жартаваць», — расказвае суразмоўца.

Аляксандар Мілінкевіч на Грунвальдзкім фэсьце ў Польшчы, 2010 год

Павал узгадвае, як на адзін з юбілеяў «Шэфа» яны падарылі яму карціну з каралём Стэфанам Баторыем, толькі замест твару караля, прыфаташопілі туды твар Мілінкевіча.

«Чалавек мог пакрыўдзіцца. Але ён умеў добра пасьмяяцца. Ніколі не адчувалася гэтай розьніцы ва ўзросьце, дыстанцыі», — кажа гарадзенец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мілінкевіч на Свабодзе: пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, урокі 2020 году і адпачынак у Беларусі

Сумоўе на працу

Блогер і журналіст Валер Руселік успомніў, як Аляксандар Мілінкевіч прымаў яго на працу ў грамадзкую арганізацыю «Ратуша».

«Гэта быў недзе 2003 год, мяне як раз былі выгналі за палітыку з журфаку БДУ, і я шукаў працу. Спадар Алесь запрасіў мяне да сябе ў кабінэт й нечакана пачаў размаўляць са мною зусім не пра мае кампэтэнцыі, але пра мае зацікаўленасьці, сям’ю, мары, каштоўнасьці», — узгадвае Валер.

Ён дзеліцца, што яго моцна кранула тая размова. Пазьней Руселік шматкроць прыводзіў у прыклад «сапраўды мудрага і чалавечага падыходу кіраўніка, працадаўцы».

«Ты і разумееш, што за чалавек у цябе будзе працаваць, і кантакт наладжваеш абсалютна чалавечы. Я гэта вельмі цаніў і пазьней заўжды выкарыстоўваў як эталён на ўсіх наступных сваіх працах», — расказвае Руселік.

Некалькі гадоў таму ў Варшаве, са словаў журналіста, яны дамаўляліся з Аляксандрам Мілінкевічам сустрэцца і зьняць вялікую размову — пра Горадню, пра Беларусь, пра сям’ю, пра беларусізацыю часоў пачатку незалежнасьці і што адтуль можна было б выкарыстаць сёньня.

«Але ўвесь час адкладалі: то нейкі затык з часам, то праблемы са здароўем — ну вось так і не паразмаўлялі… Вельмі шкада! Гэта быў цудоўны і сьветлы Чалавек, сапраўдны Гарадзенец і Беларус, вельмі годны, інтэлігентны і бясконца адданы беларускай справе!», — кажа Валер Руселік.

Ключы на слупах

Гарадзенка Ірына* (мы не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля ейнай бясьпекі. — РС) ведала Аляксандра Мілінкевіча яшчэ з часоў да выбараў 2006 году, куды палітык ішоў як адзіны кандыдат ад апазыцыі.

«Я цяпер не ўяўляю, як увогуле жыць. Ён такая канстанта была. Такі чалавек — яго не відаць, але ён як паветра, мусіць быць», — кажа празь сьлёзы Ірына.

Аляксандар Мілінкевіч у доме ў Берштах

Яна зь сям’ёй бывала ў гасьцях у сям’і Мілінкевіча ў Берштах на Горадзеншчыне.

«Адкрыты дом, цёплы, у якім бачна рука гаспадара, рука гаспадыні. Так не хапае гэтай кропачкі, таго, што яна існавала. Дом у возера, вялікія вокны», — успамінае гарадзенка.

Мілінкевіч расказваў ёй, што людзі зь ягонай і суседніх вёсак ведалі, што ён зьбірае староцьце і прыносілі яму.

«У ягонай залі ў доме заўсёды было вельмі шмат ключоў, розных, старых. Яны віселі на цьвічках на слупах, якія трымаюць столю», — расказвае яна

Ірына ўспомніла, што калі ейны блізкі чалавек, які сядзеў за палітыку і які сябраваў з Мілінкевічам, вызваліўся з турмы і выехаў зь Беларусі, то спадар Аляксандар амаль адразу да яго прыехаў у госьці.

Аляксандар Мілінкевіч (1947-2026). Жыцьцё ў фота

У 2006 годзе Ірына бачыла, як палітык праводзіць сваю перадвыбарчую кампанію.

«На яго спускалі ўсіх сабак на месцах падчас агітацыйных паездак на Берасьцейшчыну, яшчэ недзе. Ён, здаецца, такі мяккі чалавек, спагадлівы. Як увогуле ён са сваім такім спакойным характарам пойдзе ў гэтую кампанію? Там была вельмі непрыхільная заля, чалавек дзьвесьце, можа. Нейкія казакі на першых шэрагах, каторыя пачалі падчас прамовы задаваць правакацыйныя пытаньні. Я была пазытыўна ўражаная тым, наколькі чалавек здолеў, адказваючы часам на самыя хамскія пытаньні, цягам некалькіх хвілінаў ператварыць гэтую залю, яўна варожую, на калі не яўных, то патаемных прыхільнікаў», — успамінае суразмоўца.

Сіла Мілінкевіча ў тым, што ён адкрыта ішоў і рабіў сваю справу, мяркуе Ірына.

«Каб быць моцным, ня трэба быць агрэсіўным. Моц у тым, што вакол цябе ёсьць вартыя людзі, што ты робіш тое, што лічыш слушным. Часам простая шчырая размова зь людзьмі працуе», — кажа гарадзенка.

Баскетбольны чэмпіянат

Публіцыст і праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч лічыць Аляксандра Мілінкевіча сапраўдным гарадзенцам, прадстаўніком мясцовай інтэлігенцыі, які ў свой час шмат зрабіў для эўрапейскасьці гораду над Нёманам, для наладжваньня культурнай супрацы паміж Горадняй і нямецкім Міндэнам, францускім Ліможам.

Аляксандар Мілінкевіч, пачатак 1990-х гадоў

«Ён неяк асабліва ўмеў злучаць розныя пакаленьні гарадзенцаў — сталых і маладых. Памятаю, калі „Гродна-93“ выйграў баскетбольны чэмпіянат краіны, Мілінкевіч, які ў мінулым сам займаўся баскетболам, быў якраз прэзыдэнтам клюбу, і ён сабраў на ўрачыстасьць старых прадстаўнікоў горадзенскай баскетбольнай школы, гэта была вельмі кранальная вечарына», — расказвае Ўладзімер.

Хільмановіч прыгадаў, як яны разам з Мілінкевічам займаліся арганізацыяй мастацкай выставы аргенцінскай мастачкі Нэлі О’Брайен, якая нарадзілася ў Горадні, змушана была яе пакінуць і прыехала ў горад над Нёманам толькі ў сталым веку.

«Пачатак 1990-х — найлепшы час у нашай найноўшай гісторыі, і Мілінкевіч пакінуў яскравы культурны сьлед найперш у роднай для яго Горадні», — перакананы публіцыст.

Дом ля возера

Журналіст з Горадні Андрэй Мялешка добра запомніў апошнюю сустрэчу з Мілінкевічам на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве летась улетку.

«Мы вельмі добра паразмаўлялі ў добрай горадзенскай кампаніі. Мы ўзгадалі горадзенскія мясьціны, горадзенскія рэчы. Вельмі цёпла пагаварылі пра тое, што хочацца вярнуцца дадому ў родны горад», — успамінае Мялешка.

Берштаўскае возера на радзіме Аляксандра Мілінкевіча

Андрэй таксама быў у гасьцях у доме Мілінкевіча ў Берштах. Ён мяркуе, што гэты хутар быў галоўнай кропкай жыцьця Мілінкевіча, апрача дома ў Горадні паблізу Калоскай царквы. Яны з спадаром Аляксандрам, паводле успамінаў Мялешкі, абмяркоўвалі, што варта некалі аднавіць будынак вялікай школы, у якой выкладаў ягоны бацька і ягоны дзед яшчэ ў даваенны час.

«Гэтыя мясьціны мне таксама вельмі падабаюцца. З ягонага дома можна адразу падысьці да возера, дзе ён часьцяком плаваў. Апошнім часам ён казаў, што плаваць ужо ня можа праз здароўе», — успамінае гарадзенец.

Гарадзенец Міхась* (мы не называем сапраўднае імя суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) расказаў, што Аляксандар Мілінкевіч прасоўваў яго і шмат іншых маладых людзей на праграму Кастуся Каліноўскага.

Аляксандар Мілінкевіч з бацькамі. 1954 год

«Ён перажываў. Ён хацеў, каб маладыя людзі вучыліся, атрымлівалі адукацыю. Да яго заўсёды можна было зьвярнуцца па культурных праектах. Ён калі не напрасткі, то дапамог бы парадамі, кантактамі. У зносінах ён быў, як на мой густ, аж занадта інтэлігентны. Ён чалавек старых каштоўнасьцяў, з сапраўднай інтэлігенцыі настаўнікаў, з той пары. Звычайная чалавечая годнасьць, павага, аўтарытэты. Ён быў вельмі добрым чалавекам, добрым беларусам. Ягоную дабрыню выкарыстоўвалі, бо ён ня мог адмовіць», — успамінае Міхась.