Міністэрства інфармацыі Беларусі дапоўніла сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў шэрагам Telegram-каналаў, а таксама старонак у сацыяльных сетках. Найбольш такіх рашэньняў 6 жніўня ўхваліў суд Ленінскага раёну Горадні.
«Экстрэмісцкімі», паводле ўладаў Беларусі, цяпер зьяўляюцца:
- старонка «Валера Беларус» у TikTok (рашэньне суда Слаўгарадзкага раёну Магілёўскай вобласьці ад 7 жніўня),
- старонка Паўла Латушкі ў Threads (рашэньне суда Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці ад 7 жніўня),
- сайт эстонскага СМІ Postimees,https://www.postimees.ee (рашэньне суда Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці ад 6 жніўня),
- старонка руху «Воля» (фракцыя ў Каардынацыйнай радзе. — РС) у Instagram (рашэньне суда Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці ад 6 жніўня),
- Telegram-боты «Листовки бот» і ByProsvet (рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні ад 6 жніўня),
- Telegram-бот «Чёрная Карта оккупантов» (рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні ад 6 жніўня),
- Telegram-канал BELZHD EDITOR (рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні ад 6 жніўня),
- Telegram-канал "ПОГОНЯ"(рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні ад 6 жніўня),
- Telegram-бот FrayMarta (рашэньне суда Ленінскага раёну Горадні ад 6 жніўня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інфармацыя пра сьмерці палітвязьняў зь віны дзяржавы ўсяляк хаваецца — агляд пра палітычныя сьмерці ў БеларусіЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».