Інфармацыя пра сьмерці палітвязьняў зь віны дзяржавы ўсяляк хаваецца — агляд пра палітычныя сьмерці ў Беларусі

Андрэй Паднябенны — адзін з палітвязьняў, якія памерлі або загінулі ў турме

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі апублікаваў другую частку інфармацыйна-аналітычнага агляду, у якой ідзе працяг дакумэнтаваньня фактаў гібелі грамадзян, адказнасьць за якія ляжыць на дзяржаве.

У другой частцы дасьледаваньня «Палітычныя забойствы і сьмерці па віне рэжыму» прадстаўнікі камітэту аналізуюць мэханізмы рэпрэсіўнай сыстэмы, якія прыводзяць да сьмяротных зыходаў як у месцах пазбаўленьня волі, так і па-за іх межамі. Адмыслоўцы фіксуюць практыку наўмыснай адмовы ад мэдыцынскай дапамогі цяжкахворым палітвязьням, катавальныя ўмовы ўтрыманьня і сыстэмны ціск, які разбурае здароўе людзей.

У разьдзеле «Сьмерці зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі пасьля 2020 году» зьмешчаныя падразьдзелы пра Дзяніса Кузьняцова, Вадзіма Храсько, Ігара Ледніка і іншых палітычных зьняволеных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы палітвязень расказаў, як памерламу Вадзіму Храсько ў калёніі не давалі мэдычнай дапамогі

Асаблівую ўвагу ў дакумэнце надалі фэномэну «адкладзенай сьмяротнасьці» — калі найцяжэйшая шкода, нанесеная арганізму ў калёніях і СІЗА, прыводзіць да гібелі чалавека неўзабаве пасьля выхаду на волю. Напрыклад, такія сьмерці былі ў Ганны Кандраценкі, Віталя Бычкова, Валянціна Іваноўскага і іншых.

Задакумэнтаваныя ў аглядзе й выпадкі даводжаньня да самагубства пад узьдзеяньнем бесьперапыннага перасьледу, гібель ад рук сілавікоў і падазроныя сьмерці пры нявысьветленых абставінах.

Асобны разьдзел прысьвечаны сьмерці праз ужыцьцё зброі сілавікамі ў момант, калі гэтага не патрабавалі абставіны. У ім гісторыя кіроўцы аўтобуса Паўла Сібілёва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску памёр кіроўца аўтобуса, якога падчас разгону пратэстаў 10 жніўня 2020 году паранілі гранатай

Пад кожнай асобай, якая загінула ад рук дзяржавы, прыводзіцца кароткая біяграфічная даведка, абставіны, афіцыйная прычына сьмерці, меркаваныя адказныя за гэтую сьмерць асобы, і да высновы афіцыйная рэакцыя дзяржаўных установаў, калі такая была.

Высновы агляду

У якасьці агульнай высновы па прыведзеных выпадках аўтары дакумэнту зазначылі, што прыведзеныя выпадкі ня ёсьць ізаляванымі эпізодамі, яны паказваюць на больш шырокую праблему: адсутнасьць эфэктыўнай абароны жыцьця і здароўя людзей, якія знаходзяцца пад поўным кантролем дзяржавы ў месцах пазбаўленьня волі.

Пры падрыхтоўцы дакумэнту аўтары сутыкнуліся з вострым недахопам пацьверджанай інфармацыі, афіцыйных дакумэнтаў, мэдыцынскіх высноваў, а таксама сьведчаньняў сваякоў, адвакатаў, сукамэрнікаў.

Менавіта тым тумачацца асьцярожныя фармулёўкі, выкарыстаныя ў шэрагу разьдзелаў агляду. Недахоп дакумэнтаў не дазваляе адназначна сьцьвярджаць пра прычыну сьмерці і бязьдзейнасьць службовых асобаў. Закрытасьць пэнітэнцыярнай сыстэмы не дазваляе мець камплект папераў, якія бы давалі поўную карціну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як найменей 10 016 ахвяраў перасьледу. Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі лічбы рэпрэсій за шэсьць гадоў

Чаму гэта важна?

Адсутнасьць незалежных расьсьледаваньняў і поўная бяскарнасьць сілавікоў фактычна ператвараюць непадаваньне дапамогі і ізаляцыю ў інструмэнт фізычнага ўхіленьня апанэнтаў рэжыму, адзначылі аўтары дакумэнту.

Зьвесткі пра сьмерці за кратамі ці ў выніку катаваньняў і перасьледу зьбіраюць і фіксуюць дзеля будучай прававой ацэнкі дзеяньняў уладаў на міжнародным узроўні і прыцягненьня ўсіх вінаватых да адказнасьці ў межах мэханізмаў унівэрсальнай юрысдыкцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

BelPol: у Бэрліне правяраюць датычнасьць экс-супрацоўніка калёніі ў Беларусі да злачынстваў супраць чалавечнасьці