У Беларусі абмяжуюць павелічэньне часткі «зялёнай» энэргетыкі на карысьць атамнай

Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі зьбіраюцца абмежаваць «на ўзроўні 7%» рост часткі аднаўляльнай энэргетыкі ў агульным энэргабалянсе краіны.

Як паведаміла выданьне «Позірк», гэта вынікае з заявы намесьніка дырэктара Дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці Дзяржстандарту Леаніда Палешчука, якую ён зрабіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 10 жніўня.

«Гэта ў першую чаргу ветраэнэргетычныя станцыі, сонечныя электрастанцыі, біягазавы комплекс. [Цель] — дывэрсыфікаваць вытворчасьць электрычнай электраэнэргіі», — працытавала Леаніда Палешчука выданьне.

Паводле яго, многія краіны максымальна пераходзяць на «зялёную» энэргетыку: «У некаторых нават балянс 35% і больш ужо».

Актуальны паказьнік для Беларусі прадстаўнік дэпартамэнту не назваў. Па выніках 2024 году ён складаў 7,2 %. «Такім чынам, гаворка ідзе аб абмежаваньні росту часткі аднаўляльных крыніц энэргіі», — прыйшло да высновы выданьне.

У гэтым кантэксьце чыноўнік згадаў Беларускую АЭС, якая дае «калі не зялёную, то блакітную энэргію», і назваў яе бясьпечнай.

«Пакуль наша энэргасыстэма працуе ў тым, каб зразумець, куды, у якую галіну, варта рухацца, каб максымальна сысьці ад прыроднага газу, выкарыстоўваць атамную і аднаўляльную энэргію. Мы бачым мясцовыя віды паліва, як асноўны рэсурс па частцы павелічэньня часткі аднаўляльнай энэргіі», — адзначыў Паляшчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Люстэрка»: Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю «Рэчыца»

Энэргаёмістасьць скарацілася больш, чым у два разы

Паводле яго, за апошнія 20 гадоў, энэргаёмістасьць ВУП Беларусі зьнізілася на 54%. За 2021–2025 гады эканомія паліўна-энэргетычных рэсурсаў склада 3,1 мільёна тон умоўнага паліва.

У прыватнасьці, на ААТ «Гродна Азот» рэканструкцыя абсталяваньня дазволіла зьнізіць энэргаспажываньне цэха метанолу на 40%, гадавая эканомія склала 42,4 тысячы тон умоўнага паліва. Замена ахаладжальнага абсталяваньня на прадпрыемстве «Інтэграл» (Менск) зьнізіла ўдзельны расход электраэнэргіі амаль на 22 %.

Прадстаўнік дэпартамэнту чакае «эфэктыўнага, а не залішняга спажываньня электраэнергіі: «Плян да 2030 году прадугледжвае прырост электраспажываньня на 4,8 млрд кВт·гадзін. З 2018 да 2025 году прырост склаў 1,99 млрд кВт·гадзін».

«Гаворка ідзе аб мадэрнізацыі вытворчасьці, разьвіцьці электрычнага транспарту, жыльлёвага будаўніцтва і іншых кірунках, дзе электраэнэргія дазваляе атрымаць большы вынік з меншымі стратамі», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У адным з цэхаў «Гродна Азота» аварыйна спыненая вытворчасьць аміяку

Што кажуць эколягі

26 красавіка з нагоды 40-годзьдзя аварыі на чарнобыльскай АЭС беларускія экалягічныя і праваабарончыя арганізацыі ў выгнаньні заклікалі «выключыць атамную энэргетыку з „зялёных“ павестак і плянаў нават у кароткатэрміновай пэрспэктыве», ухваліць тэрміновыя захады па «абароне дзейных АЭС у зоне рызыкі ад ваенных атак», распрацаваць і рэалізаваць «устойлівыя бязьядзерныя энэргетычныя стратэгіі на аснове дэцэнтралізацыі і аднаўляльных крыніц».

Як адзначала загадчыца сэктарам Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Людміла Варанецкая ў артыкуле для часопісу «Финансы. Учет. Аудит», у Беларусі недаацэньваюць маштаб забруджаньня паветра, вады, і глебы, ёсьць праблема «недастаткова выніковага абыходжаньня з адкідамі, невысокага ўзроўню „зялёнага“ фінансаваньня і экалягічных стандартаў у прамысловасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад «чарнобыльскай нацыі» да ядзернай дзяржавы. Карбалевіч — пра эвалюцыю беларускай траўмы

Новыя «атамныя» пляны ўладаў

Будаўніцтва Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Горадзенская вобласьць) завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыю пабудавалі па расейскім праекце, генэральным падраднікам выступіў «Расатам». Першы блёк АЭС уключаны ў энэргасыстэму Беларусі з трэцяга лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплюатацыю іх увялі ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

У лістападзе 2025 году стала вядома, што ўлады маюць намер пабудаваць трэці блёк Беларускай АЭС і ўключыць яго ў энэргасыстэму ў 2035–2038 гадах.

Пры гэтым яны не адмаўляюцца ад ідэі пабудаваць другую атамную станцыю на ўсходзе Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прапанова Лукашэнкі пабудаваць другую АЭС як міна запаволенага дзеяньня пад будучыню Беларусі