«Белавія» ўнесла зьмены ў плян палётаў з прычыны абстрэлаў Расеі

У пачакальні аэрапорту, архіўны здымак

Афіцыйна кампанія зьвязала гэта з «абмежаваньнямі на выкарыстаньне паветранай прасторы Расейскай Фэдэрацыі». А яны, у сваю чаргу, уведзеныя з прычыны абстрэлаў расейскіх прадпрыемстваў.

У зьвязку з абмежаваньнямі на выкарыстаньне паветранай прасторы Расеі дзяржаўная авіякампанія «Белавія» зьмяніла плян палётаў, паінфармавалі ў прэс-службе авіякампаніі.

Дзеля бясьпекі самалёты аблятаюць закрытыя зоны, на асобных напрамках ажыцьцяўляюцца тэхнічныя пасадкі для дазапраўкі. Гэтыя захады адбіваюцца на палётнай праграме агулам і цягнуць за сабой як затрымкі, так і зьмены ў раскладзе.

«Найбліжэйшымі днямі просім правяраць актуальны статус рэйсу ў разьдзеле „Таблё вылету-прылёту“ на сайце авіякампаніі. Мы прымаем усе неабходныя меры для забесьпячэньня бясьпекі палётаў і па магчымасьці скарачаем нязручнасьці, выкліканыя існай сытуацыяй. Прыносім прабачэньні за дыскамфорт і дзякуем за разуменьне», — адзначылі ў прэс-службе.

Паглядзець на новы плян палётаў можна на сайце belavia.by або непасрэдна ў аэрапортах.

Абстрэлы Расеі

Расейскія аэрапорты сыстэматычна закрываюць на пэўны час празь бесьпілётнікі з Украіны, якія атакуюць прадпрыемствы вайскова-прамысловага комплексу Расеі.

Украінскія войскі гэтымі абстрэламі спрабуюць зьменшыць запасы паліва і іншых рэсурсаў для расейскага войска.

Чарговы раз расейскі нафтавы сэктар украінскія вайскоўцы атакавалі мінулай ноччу. Улады Татарстану заявілі аб 12 загінулых і 39 пацярпелых у выніку атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на ўлады Татарстану, украінскія сілы цэліліся ў прамысловую зону Ніжнякамску.

Расейскія маніторынгавыя Telegram-каналы па выніках свайго аналізу выказалі меркаваньне, што цэльлю ўкраінскай атакі было прадпрыемства «Ніжнякамскнафтахім». У яго прамысловай зоне знаходзяцца два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія раней ужо цярпелі ў выніку ўкраінскіх удараў.

Украінскія маніторынгавыя Telegram-каналы апублікавалі відэазапісы пажару і сьцьвярджаюць, што ўдар нанесьлі па НПЗ.