Белгідрамэт: узровень вады на рэках краіны інтэнсіўна зьніжаецца

На Прыпяці ў Мазыры ўзровень вады знаходзіцца ніжэй за адзнаку, што лімітуе суднаходзтва. Ілюстрцыйнае фота

У Цэнтры гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыеактыўнага забруджваньня і маніторынгу навакольля (Белгідрамэт) паведамілі, што ўзровень вады на беларускіх рэках зьніжаецца на 1-20 сантымэтраў кожныя 24 гадзіны.

«Толькі на Заходняй Дзьвіне ў мястэчку Сураж, Віліі на ўчастку Сьцешыцы — Вілейка, прытоку Дняпра рацэ Друць і на прытоцы Беразіны рацэ Сьвіслач назіраецца рост узроўню вады з інтэнсіўнасьцю 1-5 см у содні», — адзначаецца ў паведамленьні Белгідрамэту.

На Заходняй Дзьвіне ў Віцебску, Нёмане ў Горадні, Дняпры ў Магілёве, Жлобіне, Рэчыцы і Лоеве, Беразіне ў Бабруйску і Сьветлагорску, Сожы ў Крычаве, Слаўгарадзе і Гомлі, Прыпяці ў вёсцы Чэрнічы і ў Мазыры ўзроўні вады знаходзяцца ніжэй адзнак, што лімітуюць суднаходзтва.

Тэмпэратура вады знаходзіцца ў межах у ад 14°С да 25°С у рэках, а ў іншых вадаёмах — ад 20°С да 24°С.

Паводле беларускіх гідролягаў, у бліжэйшыя дні будзе працягвацца спад узроўняў вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ некалькі краін заявілі аб зьніжэньні ўзроўню вады на сваіх рэках і рызыцы для энэргетыкі. А што ў Беларусі?

Чаму гэта важна

У жніўні некалькі Нямеччыны, Аўстрыя, Румынія і Вугоршчына заявілі аб крытычным зьніжэньні ўзроўню вады на рэках Рэйн і Дунай, якія фарміруюць усю энэргетычную сыстэму Эўразьвязу. Празь іх абмяленьне можа паралізавацца дзейнасьць АЭС і гідраэлектрастанцый.

Ва Ўкраіне праз падзеньне ўзроўню вады ў Днястроўскім вадасховішчы і Хатынскім водазаборы абмежавалі спэцыяльнае водакарыстаньне для 92 спажыўцоў у басэйне Днястра. З аналягічнай сытуацыяй сутыкнулася і Малдова. Украіна і Малдова дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні, абменьвацца інфармацыяй і супольна рэагаваць на выклікі, зьвязаныя з малаводзьдзем.

У Беларусі празь зьніжэньне ўзроўню вады ўскладніўся рух рачнога транспарту. Паводле эколягаў, працяглыя высокія тэмпэратуры паветра вельмі шкодныя ня толькі для ўзроўню вады ў рэках і іншых вадаёмах — яны істотна пагаршаюць іх якасьць і могуць нават выклікаць небясьпеку для чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Працяглыя высокія тэмпэратуры ў Беларусі пагаршаюць якасьць вады ў вадаёмах, — эколягі

Што папярэднічала

Праз сьпёку ў траўні і чэрвені ў Заходняй Эўропе засуха ахапіла велізарныя тэрыторыі, што зрабіла іх асабліва ўразьлівымі да лясных пажараў.

Дасьледнікі адзначаюць, што сёлетняя сьпёка — адна з самых моцных і пашыраных за ўсю гісторыю назіраньняў. Паводле іх аналізу, падобныя хвалі цяпла амаль немагчымыя без уплыву кліматычных зьменаў, выкліканых выкідамі парніковых газаў.

Асноўныя прычыны гэтага, паводле навукоўцаў: глябальнае пацяпленьне праз спальваньне выкапнёвага паліва; перасушаныя глебы, якія ўзмацняюць награваньне паветра; зьмены ў атмасфэрнай цыркуляцыі, якія «завешваюць» гарачае паветра над Эўропай; памяншэньне воблачнасьці і ахаладжальнага эфэкту аэразоляў.

Паводле Ўсясьветнай мэтэаралягічнай арганізацыі, сярэдняя тэмпэратура ў Эўропе падымаецца ўдвая хутчэй за сярэдні паказьнік у сьвеце, што робіць працяглыя пэрыяды сьпёкі ўсё больш імавернымі.

Небясьпека цяпер ідзе ня толькі ад максымальных тэмпэратураў, але і ад высокай начной тэмпэратуры (арганізм не пасьпявае астываць), павышанай вільготнасьці, перагрузкі мэдычных установаў і транспарту.

Навукоўцы папярэджваюць, што хвалі сьпёкі будуць часьцейшымі і даўжэйшымі, тэмпэратурныя рэкорды будуць абнаўляцца рэгулярна, цяперашнія экстрэмальныя ўмовы могуць стаць «новай нормай» у Эўропе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

150 мільёнаў чалавек у Эўропе сутыкнуцца з тэмпэратурай, вышэйшай за 35°, у Беларусі таксама экстрэмальная гарачыня