Мерапрыемства будзе прысьвечанае абмеркаваньню тых зьменаў, што адбыліся апошнім часам, асэнсаваньню таго, хто і як дапамагае беларусам і Беларусі, разгляду пэрспэктываў разьвіцьця сытуацыі ў рэгіёне, вызначэньню таго, якое месца ў гэтых працэсах займаем і будзем займаць мы — беларускія дэмакратычныя сілы, беларусы і Беларусь агулам, гаворыцца на сайце Сьвятланы Ціханоўскай.
Першая панэль абмеркаваньняў у праграме першага дня называецца «Не чакаць, а ствараць новае вакно магчымасьцяў». Другая — «Празь мір ува Ўкраіне — да свабоды ў Беларусі». А трэцяя — «Постлукашэнкаўская» Беларусь. Рэформы. Пэрспэктывы. Візіі».
Заключнай стадыяй 8 жніўня на канфэрэнцыі стане прэзэнтацыя праектаў і ініцыятываў пад назвай «Рашэньні для Беларусі».
Пасьля падвядзеньня вынікаў дня адбудзецца акустычны выступ Лявона Вольскага.
Ціханоўская: заклікаю беларусаў замежжа быць больш бачнымі
Зь вітальным словам перад удзельнікамі канфэрэнцыі выступіла Сьвятлана Ціханоўская.
«Той жнівень, жнівень 2020 году адгукаецца ўва мне болем. Болем уперамешку з натхненьнем.
Шчыра кажучы, я не была гатовая да выгнаньня, да ўсіх гэтых выпрабаваньняў. У мяне тады не было плянаў, як у Бабарыкі, мужнасьці, як у Мікалая Статкевіча, досьведу, як у Алеся Бяляцкага, харызмы як у Паўла Севярынца.
Я ведаю, што сёньня шмат людзей, якія хацелі бы „перагарнуць старонку“. Але як можна гэта забыць? У тыя дні абудзілася наша нацыя. Рэжым дагэтуль ня можа ачуняць ад тых падзей, спрабуючы закатаць які хаця пратэст пад асфальт.
У беларусаў ёсьць звышсіла — выжываць у самых неспрыяльных умовах. Я ўпэўненая, што калі паўстане новая магчымасьць, беларусы пакажуць сябе зноў.
Мы навучыліся весьці дыпляматычную працу, ствараць якасныя мэдыя, без дапамогі ўладаў, дзяржавы.
Дзякуючы працы беларусаў і тым падзеям сьвет ведае, што Беларусь гэта не Расея. Я дзякую ўсім, хто не апусьціў рук і працягвае змагацца. Вы тут, і гэта ўжо пра шмат што кажа.
За апошні час адбылося шмат падзеяў, якія раней здаваліся немагчымымі. Прэзыдэнт Украіны Зяленскі павіншаваў беларусаў з Днём Волі па-беларуску, у судзе ў Гаазе супраць Лукашэнкі завялі справу».
Таксама Ціханоўская заклікала аплядысмэнтамі павітаць былых палітвязьняў, якія цяпер знаходзяцца ня ў турмах, а на волі, хоць і на выгнаньні.
Яна заклікала беларусаў замежжа быць больш бачнымі, бо толькі тады беларусаў ведаюць, калі беларусы актыўныя.
Івонка Сурвіла: дзякую ўсім, хто захоўвае на чужыне беларускае слова
Прэзыдэнтка Рады БНР Івонка Сурвіла таксама прывітала ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Яна адзначыла, што сярод прыхільнікаў пераменаў амаль не засталося тых, хто зьвязвае будучыню з Масквой.
«Супраць беларусаў ужываецца „ціхая зброя“ — русыфікацыя. Беларускія кнігі абвяшчаюцца „экстрэмісцкімі“, рэжым Лукашэнкі дапамагае Крамлю пашыраць „русский мир“ у краіне. Таму я дзякую ўсім, хто захоўвае на чужыне беларускае слова. У такіх умовах нашай галоўнай мэтай становіцца захаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці».
Алесь Бяляцкі: да хуткіх зьменаў трэба быць гатовымі, але ж таксама і набліжаць іх
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі адзначыў, што беларусам нельга дазволіць сябе дзяліць. Ягоны турэмны досьвед паказаў, што дух 2020 году жыве ў беларускай нацыі.
«Тактыка спэцслужбаў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ў тым, каб пасварыць нас паводле розных прыкметаў. Нельга дазволіць гэтаму здарыцца. Да хуткіх зьменаў трэба быць гатовымі, але ж таксама і набліжаць іх.
Сёньня 100 гадоў з дня нараджэньня айца Аляксандра Надсана, заўтра сотыя ўгодкі іншага беларускага дзеяча, які жыў у Злучаных Штатах Амэрыкі Янкі Запрудніка. Нам, новай дыяспары варта вучыцца ў іх нястомнасьці, трывушчасьці, маральным і духоўным каштоўнасьцям, якія грунтаваліся на нацыянальнай ідэнтычнасьці, беларускай мове.
Рух да аўтарытарызму, абмежаваньня дэмакратыі небясьпечны для Беларусі бо ён непазьбежна цягне за сабой адраджэньне імпэрскіх атавізмаў у розных краінах. Таму нам трэба ўмацоўваць сувязі найперш з сваімі дэмакратычнымі суседзямі. Каб захаваць незалежнасьць і свабоду, нам трэба далучыцца да эўрапейскай палітычнай прасторы, Рады Эўропы, , Эўрапейскага зьвязу, іншых агульнаэўрапейскіх інстытуцыяў.
Гэта не пытаньне, хачу не хачу, падабаецца не падабаецца, гэта пытаньне нашага выжываньня як народу. Ні на хвіліну ня будзем забывацца, што нам намі навіс змрочны цень імпэрыі. Беларуская нацыянальная сьвядомасьць і эўрапейскія каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды — непадзельныя».
Павал Севярынец: калі беларускія дактары шукаюць у Польшчы працу грузчыкамі — мы гробім будучыню Беларусі
У час працы першай дыскусійнай панэлі палітык і былы палітычны вязень Павал Севярынец адзначыў, што беларусам варта яднацца цяпер у тых краінах, дзе яны апынуліся на выгнаньні. Ён сказаў, што шмат гарадзенцаў жывуць у Беластоку, лідзянаў у Вільні, берасьцейцаў у Любліне. І яны могуць яднацца, ствараючы новыя магчымасьці для суродзічаў.
«Калі зараз нашыя інжынэры, дактары, настаўнікі, якія выехалі зь Беларусі, шукаюць працу прыбіральнікаў або грузчыкаў — мы гробім будучыню нашай краіны. Яны павінны рыхтавацца да вяртаньня ў Беларусь зь перамогай, у сваёй кваліфікацыі. Сюды трэба ўкладацца таксама!
Таму, сябры, калі мы будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за Беларусь, Бог нам Беларусь дасьць».
Намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павал Латушка адзначыў, што становішча Лукашэнкі вельмі моцна залежыць ад фінансавага стану Масквы.
Павал Латушка перакананы, што вакно магчымасьцяў для Беларусі шырокае
«Мы часта кажам пра „вакно магчымасьцяў“. Цяпер працуюць „дальнабойныя ўкраінскія санкцыі“, мы бачым назапашвальны вынік амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцыяў.
Надыходзіць сытуацыя, калі донар ня ў стане ўтрымліваць свайго падуладнага. І гэтая сытуацыя набліжаецца. Сырыя была хаўрусьніцай Пуціна? Пуцін яе не падтрымаў, калі трэба было. Вэнэсуэлу не падтрымаў таксама, ужо пачаліся перамовы там. Заўтра будзе Куба.
Гараць расейскія НПЗ, гараць расейскія склады Wildberries. Расейцы ўжо ня могуць разьмясьціць аблігацыі фэдэральнай пазыкі, у іх унутры ўжо няма грошай. Дык Крэмль што, знойдзе грошы ўтрымліваць свайго проксі ў Беларусі?!
Мне здаецца, што чым далей, дык для Расеі „вакно магчымасьцяў“ зачыняецца».
Пытаньні пра беларусаў ува Ўкраіне
У час другой панэлі дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка адзначыў, што ўва Ўкраіне на гэты момант «ад 100 да 3000 чалавек» знаходзяцца ў стане нявызначанасьці наконт сваёй легалізацыі. Гэта ўплывае на няпэўнасьць іншых беларусаў, якія жывуць у Кіеве і іншых украінскіх гарадах.
Гэтыя словы выклікалі некалькі спадарожных пытаньняў:
Дзяніс Герасімчык з «Руху каліноўцаў Польшчы» і ўдзельнік фракцыі «Воля» ў Каардынацыйнай радзе сказаў, што займаецца добраахвотнікамі-вэтэранамі і бачыць, што Вячорка гаварыў гэта і два, і тры гады таму, але пытаньне застаецца неразьвязаным;
прадстаўнца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі Крысьціна Шыянок спытала пра ўшанаваньне памяці палеглых беларусаў, а ў прыватнасьці Марыны Зайцавай;
былы баец Палку Каліноўскага Аляксандар «Кусь» Клачко нагадаў, што празь бюракратычныя рашэньні Ўкраіны сем’і палеглых на палёх баёў беларускіх добраахвотнікаў дагэтуль не атрымліваюць грашовай дапамогі;
яшчэ адно пытаньне прагучала пра блякаваньне рахункаў беларусам, якія жывуць ува Ўкраіне.
У адказах прадстаўнік МЗС Украіны ў дачыненьнях зь беларускай апазыцыяй Яраслаў Чарнагор адзначыў, што пытаньне з дакумэнтамі не забытае, але ўкраінская дзяржава ўва ўмовах пастаянных абстрэлаў з боку Расеі ня можа надаваць пэўным пытаньням больш увагі за пільныя ваенныя справы.
Зь ім пагадзілася старшыня Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Шаціліна, якая выступала па-ўкраінску. Яна адзначыла, што пытаньне блякаваньня банкаўскіх рахункаў — гэта справа Нацбанку Ўкраіны і СБУ. А ўсе прапановы беларусы могуць складаць супольна асобнымі дакумэнтамі, зьвяртаючыся да ўкраінскіх дзяржаўных ворганаў. Тады будзе больш шанцаў на атрыманьне канкрэтнага адказу па сутнасьці пытаньня.
Франак Вячорка не пагадзіўся з тэзай пра тое, нібы пытаньне беларускіх добраахвотнікаў ува Ўкраіне стаіць на 3-4 месцы. На ягоную думку, гэта пытаньне вострае, толькі яно залежыць ад шматлікіх чыньнікаў. Палітыкі могуць толькі падняць праблему на больш высокі ровень, але сфармуляваньне гэтай праблемы і яе абвяшчэньне залежаць ад беларускай супольнасьці. Яшчэ адным чыньнікам тут выступае палітычная воля той краіны, зь якой беларускія дэмакратычныя сілы вядуць перамовы.
Вячорка ад пачатку паўнамаштабнай вайны ўжо 8 разоў прыяжджаў ува Ўкраіну і правёў шмат перамоваў. Ён адзначыў, што праблема існуе, застаецца шмат заблякаваных рахункаў, і шмат беларусаў мусілі пакінуць Украіну і выехаць у Польшчу і іншыя дзяржавы.
Выплаты сем'ям не даюць зрабіць цяперашнія нарматыўныя акты, гэтым пытаньням займалася Сьвятлана Шаціліна. Яна адзначыла, што тут шмат залежыць ад палітычнай волі. Часткова гэта адбываецца яшчэ праз тое, што афіцыйны Кіеў дагэтуль ня вызначыўся, які статус надаць Беларусі: краіны-агрэсара або акупаванай краіны.
Народны дэпутат Вадзім Галайчук, старшыня міжфракцыйнага аб’яднаньня «За дэмакратычную Беларусь» адказаў, што цяжкасьць можа быць і ў тым, «куды пойдуць гэтыя грошы». Кіеў вагаецца, якім чынам зрабіць выплату сем’ям загіблых добраахвотнікаў, калі яны жывуць у Беларусі.