Пра гэта заявіў у этэры тэлемаратону прадстаўнік ДПСУ ў сувязях з грамадзкасьцю Андрэй Дземчанка.
«Ціск з боку Расеі на Беларусь захоўваецца, каб яна больш актыўна далучалася да вайны супраць нашай краіны», — цытуе чыноўніка партал «Слова і справа».
Дземчанка канстатаваў, што ўкраінска-беларуская мяжа цяпер «значна лепш умацаваная, чым у 2022 годзе». Гаворка пра ўзмацненьне інжынэрнага абсталяваньня, фартыфікацый і мінна-выбуховых загародаў на «найбольш небясьпечных напрамках».
«Беларусь павінна разумець і бачыць, што мы робім, што мы не нясем пагрозы для яе, але калі раптам Беларусь сваімі сіламі вырашыць далучыцца да вайны, то яна павінна разумець, з чым ёй давядзецца мець справу», — заявіў прадстаўнік ДПСУ.
Раней Яраслаў Чарнагор, амбасадар МЗС Украіны ў асаблівых даручэньнях, які адказвае за сувязі з беларускімі дэмсіламі, на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве 8 жніўня адзначыў, што ўкраінцы маюць шэраг праблемаў, якія прымушаюць адкладаць асобныя пытаньні, і ў прыватнасьці пытаньне легалізацыі беларусаў ува Ўкраіне, не пазьнейшы тэрмін.
«Уся дзейнасьць украінскай дзяржаўнай машыны пераважна акцэнтуецца на выжываньні і жаданьні перамогі ў гэтай вайне. Украінская дзяржава, знаходзячыся ва ўмовах вайны, усё-такі дэмакратычная дзяржава. Яна прыслухоўваецца да тых патрабаваньняў, якія падае беларуская супольнасьць ува Ўкраіне, грамадзяне Ўкраіны, і стараецца рэагаваць па меры сваіх магчымасьцяў».
Чарнагор адзначыў, што шмат пытаньняў на канфэрэнцыі гучала такім чынам, нібыта Ўкраіна ўжо на парозе міру.
«Але напраўду пытаньне ў тым, што, магчыма, мы на парозе яшчэ большай вайны, і для ўкраінскай дзяржавы гэта вялікі выклік», — падкрэсьліў ён.
Паводле слоў прадстаўніка МЗС, ува Ўкраіне ёсьць занепакоенасьць магчымым удзелам Беларусі ў вайне на баку Расеі.
Форум