Падчас выбарчай кампаніі 2020 году ЦВК афіцыйна зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў. Аднак пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты ў выніку атрымалі толькі 5 чалавек. Расказваем, як яны (а таксама некалькі незарэгістраваных прэтэндэнтаў) удзельнічалі ў выбарах і чым займаюцца цяпер, праз шэсьць гадоў пасьля 9 жніўня 2020 году
Выбарчая кампанія 2020 году афіцыйна стартавала 8 траўня, калі тагачасная кіраўнічка ЦВК Лідзія Ярмошына афіцыйна назвала дату асноўнага дня галасаваньня. У Беларусі гэтая навіна на той момант не была найважнейшай — у краіне панавала неабвешчаная эпідэмія каранавірусу, а ад выбараў чагосьці незвычайнага не чакалі нават палітычныя аналітыкі. Аднак сытуацыя кардынальна зьмянілася ўсяго за чатыры дні. Спачатку ўвечары таго ж 8 траўня пра намер удзельнічаць у выбарах праз акаўнт у Facebook паведаміў былы кіраўнік і адзін з стваральнікаў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) Валер Цапкала. А праз чатыры дні, 12 траўня, тое самае зрабіў Віктар Бабарыка, які ў гэты ж дзень з уласнай ініцыятывы пакінуў пасаду кіраўніка «Белгазпрамбанку». Падзеі, якія пачаліся ў краіне ў наступныя месяцы, кардынальна паўплывалі ня толькі на лёсы соцень тысяч беларусаў, але зьмянілі жыцьцё і беспасярэдніх удзельнікаў той прэзыдэнцкай кампаніі. Расказваем, як менавіта.
Валер Цапкала
У траўні 2020 году Валер Цапкала ўжо не займаў нейкіх дзяржаўных пасадаў ці пазыцыяў у прыватных фірмах. Займаўся, зь ягоных словаў, аказаньнем кансультацыйных паслуг міжнародным кампаніям. Стварыў біяграфічны сайт-бібліятэку Prabook.com (працуе дагэтуль) і актыўна яго разьвіваў. Першая прэсавая канфэрэнцыя Цапкалы ў статусе патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі з шыкам прайшла 21 траўня ў канфэрэнц-залі менскага Victoria Olimp Hotel. На ёй Цапкала шмат крытыкаваў сыстэму дзяржаўнай улады, называў яе састарэлай і неэфэктыўнай.
Валер Цапкала на сустрэчы з выбаршчыкамі ў канцы траўня 2020
У канцы чэрвеня ініцыятыўная група Валера Цапкалы здала ў ЦВК каля 160 тысяч подпісаў за яго вылучэньне (трэба было здаць 100 тысяч). Зь іх ЦВК палічыў сапраўднымі толькі 75 тысяч і адмовіў Цапкалу ў рэгістрацыі. Былы кіраўнік ПВТ яшчэ прыкладна месяц заставаўся ў Беларусі, адкуль зьехаў у ноч з 23 на 24 ліпеня праз Маскву.
Улёткі ў падтрымку Цапкалы, чэрвень 2020
З таго часу Валер Цапкала жыве за мяжой. Ён разам зь сям’ёй зьмяніў некалькі краін Эўразьвязу, пакуль не асеў у Альбаніі, дзе працуе кансультантам у Альбанскай інвэстыцыйнай карпарацыі, займаецца стварэньнем мясцовага аналягу ПВТ — TEDA Tirana. Грамадзка-палітычнай дзейнасьці таксама не пакідае, пэрыядычна жорстка крытыкуючы дзейнасьць Офісу Ціханоўскай.
Віктар Бабарыка
Як ужо гаварылася вышэй, у дзень абвяшчэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Віктар Бабарыка быў адным з самых пасьпяховых банкаўскіх мэнэджараў Беларусі, вядомым калекцыянэрам мастацтва і ўдзельнікам шматлікіх бізнэс-канфэрэнцыяў. Пагатоў нечаканым было яго рашэньне ўдзельнічаць у выбарах, якое нарабіла яшчэ больш шуму, чым заява Цапкалы.
Віктар Бабарыка на ўласным пікеце па зборы подпісаў за тры дні за арышту. Чэрвень 2020
З пасады ў «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка пайшоў адначасова з падачай заявы на ўдзел у выбарах. Першую прэсавую канфэрэнцыю, якая была нашмат сьціплейшай за мерапрыемства Валера Цапкалы, правёў 20 траўня. Гаварыў там Бабарыка таксама пра неабходнасьць рэфармаваньня дзяржаўнай сыстэмы, адмаўляў наяўнасьць у краіне жорсткіх палітычных рэпрэсіяў. Менш чым празь месяц — 18 чэрвеня — Віктара Бабарыку арыштавалі разам зь ягоным сынам і кіраўніком выбарчага штабу Эдуардам, а 14 ліпеня ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Прычынай назвалі неадпаведнасьць падатковай дэклярацыі рэальным даходам. Выбарчы штаб Віктара Бабарыкі пры гэтым змог сабраць больш за 430 тысяч подпісаў за яго вылучэньне, зь якіх у ЦВК перадалі 367 тысяч (ЦВК прызнаў сапраўднымі 166 тысяч пры патрэбных 100 тысячах).
Суд па справе Віктара Бабарыкі ў Менску, ліпень 2021
Наступныя 5 з паловай гадоў Віктар Бабарыка правёў за кратамі, яго сын Эдуард у зьняволеньні дагэтуль. Бабарыку-старэйшага вызвалілі ў выніку перамоваў паміж Лукашэнкам і дэлегацыяй ЗША 13 сьнежня 2025 году. Праз тэрыторыю Ўкраіны яго вывезьлі спачатку ў Польшчу, а пасьля ў Нямеччыну.
Віктар Бабарыка пасьля вызваленьня ў Бэрліне. Люты 2026
Зараз Віктар Бабарыка жыве ў Бэрліне, сталай працы ня мае. Займаецца грамадзкай дзейнасьцю, праводзіць сустрэчы зь беларускай дыяспарай, удзельнічае ў прэзэнтацыях кніг. Бабарыка таксама зарэгістраваў у Нямеччыне кампанію, у будучыні ён плянуе аказваць кансультацыйныя паслугі ў сфэры прымяненьня ШІ-тэхналёгій.
Сяргей Ціханоўскі
Бізнэсовец і відэаблогер Сяргей Ціханоўскі падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы з дапамогай паплечнікаў, бо сядзеў у турме за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі й Расеі. Яго ўдзел у выбарах ня быў настолькі нечаканым, як у выпадку Цапкалы і Бабарыкі. Стварыўшы блог на YouTube у сакавіку 2019 году, Ціханоўскі вельмі хутка стаў адным з самых папулярных крытыкаў улады ў краіне.
Сяргей Ціханоўскі ў 2020 годзе
ЦВК адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу Сяргея Ціханоўскага, спаслаўшыся на брак асабістага подпісу патэнцыйнага кандыдата пад заявай. Урэшце ў выніку замест Сяргея кандыдацкае пасьведчаньне атрымала яго жонка Сьвятлана, а самога Ціханоўскага ў канцы траўня арыштавалі на выбарчым пікеце ў Горадні. На свабоду ён выйшаў толькі празь пяць гадоў — у чэрвені 2025-га.
Сяргей Ціханоўскі ў віленскім офісе Свабоды пасьля вызваленьня, ліпень 2025
У першыя тыдні пасьля вызваленьня Сяргей Ціханоўскі даў некалькі рэзанансных інтэрвію, паабяцаў уварвацца ў беларускую палітыку, перазапусьціць свае відэапраекты. Аднак на практыцы дасягнуць гэтага адразу не ўдалося. Неўзабаве Ціханоўскі зьехаў зь Літвы ў ЗША, дзе і жыве зараз, займаючыся сваёй адукацыяй. У жніўні 2026 году Сяргей Ціханоўскі завёў новы праект на YouTube, выступіўшы ў нечаканай ролі — чытае вершы і казкі ў розных вобразах.
Андрэй Дзьмітрыеў
Удзел аднаго з кіраўнікоў руху «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева ў выбарах 2020 году ня стаў сюрпрызам. Пяць гадоў таму Дзьмітрыеў кіраваў выбарчым штабам Тацьцяны Караткевіч, у 2010-м быў адным з асноўных дзеячоў выбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева. 20 траўня ЦВК прыняў дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Дзьмітрыева, 14 ліпеня ён афіцыйна стаў кандыдатам у прэзыдэнты, здаўшы перад гэтым каля 107 тысяч подпісаў.
Андрэй Дзьмітрыеў ля будынка ЦВК, ліпень 2020
Нягледзячы на звычайна стрыманую рыторыку і ўніканьне рэзкай адкрытай крытыкі ўладаў, Андрэй Дзьмітрыеў пасьля рэгістрацыі кандыдатам заявіў пра неабходнасьць правесьці новыя выбары, бо кампанію 2020 году ўжо нельга лічыць легітымнай. Не змаўчаў ён і ў ЦВК, у прамове перад Ярмошынай падтрымаўшы незарэгістраваных Бабарыку, Цапкалу і Ціханоўскага.
Пасьля абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў, паводле якіх Лукашэнка атрымаў больш за 80% галасоў, Дзьмітрыеў падаў у ЦВК скаргу аб прызнаньні іх несапраўднымі і запатрабаваў перападліку галасоў.
Выбарчыя ўлёткі Дзьмітрыева ў 2020 годзе
Арыштавалі былога кандыдата праз год пасьля выбараў — 12 жніўня 2021 году. Аднак адпусьцілі ў той жа дзень з падпіскай аб невыдаваньні. 13 студзеня 2023 году сілавікі прыйшлі да Дзьмітрыева зноў, на гэты раз дадому ён вярнуўся толькі праз паўтара году. Яго асудзілі за ўдзел у пратэстах і блякаваньне вуліц.
Пасьля вызваленьня Андрэй Дзьмітрыеў доўга заставаўся ў Беларусі, спрабаваў вярнуцца да грамадзкай і палітычнай дзейнасьці. Паводле інфармацыі Свабоды, зараз Дзьмітрыеў вучыцца ў адной з эўрапейскіх краін, дзе атрымлівае магістарскую ступень у галіне міжнародных адносінаў.
Сяргей Чэрачань
Да 2020 году пра існаваньне ў беларускай палітыцы Сяргея Чэрачня ведалі збольшага палітычныя актывісты і журналісты. У 2018 годзе ён нечакана замяніў на пасадзе старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслава Шушкевіча. 12 студзеня 2020 году партыя вырашыла вылучыць Чэрачня кандыдатам, што і было зроблена ў траўні таго ж году пасьля абвяшчэньня даты выбараў.
Сяргей Чэрачань паказвае журналістам пасьведчаньне кандыдата ў прэзідэнты
Ініцыятыўная група яго вылучэньня падала ў ЦВК патрэбную колькасьць подпісаў, хоць актыўных пікетаў у падтрымку Сяргея Чэрачня было значна менш, чым за іншых кандыдатаў.
Збор подпісаў за вылучэньне Чэрачня ў Менску, травень 2020
Пасьля 9 жніўня Сяргей Чэрачань стрымана асудзіў дзеяньні сілавікоў і заклікаў да дыялёгу паміж удзельнікамі пратэстаў і прадстаўнікамі ўлады. Арышту і крымінальнага перасьледу былы кандыдат унікнуў. Сяргей Чэрачань працягвае жыць у Менску, пэрыядычна заяўляе, што гатовы ўдзельнічаць у легальных палітычных кампаніях.
Ганна Канапацкая
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла аб намеры ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі ў той самы дзень, што і Віктар Бабарыка. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падала праз тыдзень — 20 траўня. Нягледзячы на амаль поўную адсутнасьць выбарчых пікетаў, у канцы чэрвеня яна заявіла аб зборы патрэбных 100 тысяч подпісаў, пасьля дэманстратыўна адмовілася ад удзелу ў тэледэбатах. Пасьля завяршэньня кампаніі падала ў ЦВК скаргу на яе вынікі.
Ганна Канапацкая ля будынка ЦВК у ліпені 2020 году
Ганна Канапацкая засталася ў Беларусі пасьля пратэстаў 2020 году і пачатку масавых рэпрэсіяў. Яна ўнікла арышту і адзіная (акрамя Лукашэнкі) з кандыдатаў на выбарах 2020 году ўдзельнічала і ў выбарчай кампаніі 2025 году, дзе афіцыйна атрымала 1,86% галасоў.
Пікет па зборы подпісаў за Канапацкую ля менскага ГУМа
У 2026 годзе Ганна Канапацкая зьмяніла прозьвішча на Трухановіч (вярнула сабе дзявочае, але ў сацыяльных сетках пакінула старое), надалей жыве ў Менску, зарэгістравала ІП, аказвае юрыдычныя паслугі. Актыўнічае ў сацсетках і пэрыядычна выяжджае за мяжу, у тым ліку ў краіны ЭЗ і ў ЗША, крытыкуючы дзеячоў беларускай апазыцыі, якія пасьля 2020 году вымушана жывуць за мяжой.
Сьвятлана Ціханоўская
Ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай зарэгістравалі апошняй з усіх 15, якім ЦВК дазволіў зьбіраць подпісы ў кампаніі 2020 году. Святлана пасьпела падаць свае дакумэнты літаральна за гадзіну да завяршэньня тэрміну і адразу пайшла з Дому ўраду, дзе разьмяшчаўся ЦВК, адмовіўшыся размаўляць з журналістамі. Сюрпрызам вылучэньне Ціханоўскай стала ня толькі для іх, але і для мужа Сяргея, які пазьней прызнаваўся, што «не чакаў такога ад жонкі».
Сьвятлана Ціханоўская падчас галасаваньня 9 жніўня 2020
Далей былі кілямэтровыя чэргі да пікетаў для збору подпісаў за яе вылучэньне па ўсёй краіне, рэгістрацыя кандыдаткай, аб’яднаньне з штабамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы, паездкі па Беларусі разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай, праведзены ў штабе Віктара Бабарыкі на вуліцы Веры Харужай дзень галасаваньня і зьнікненьне пасьля візыту ў ЦВК.
11 жніўня тагачасны міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца побач, яна зь дзецьмі ў Вільні. У літоўскую сталіцу былая кандыдатка трапіла ў суправаджэньні кіраўніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Андрэя Паўлючэнкі. Паводле вэрсіі ўладаў Беларусі, такім чынам яны выратавалі Ціханоўскую ад «дэструктыўных сілаў, якія рыхтавалі яе забойства». Сама Ціханоўская расказала пра псыхалягічны ціск і пагрозы ад беларускіх сілавікоў.
Сьвятлана Ціханоўская і Марыя Калесьнікава на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску на наступны дзень пасьля 9 жніўня. Адзін з апошніх здымкаў Ціханоўскай у Беларусі
Афіцыйна ЦВК налічыў Сьвятлане Ціханоўскай на выбарах 2020 году крыху больш за 10% галасоў. Паводле плятформы «Голас», якая лічыла галасы альтэрнатыўна, Ціханоўская набрала 56,7% і выйграла выбары ў першым туры.
Сьвятлана Ціханоўская вярнулася да актыўнай палітычнай дзейнасьці ўвосень 2020 году. У Вільні пачаў дзейнічаць яе офіс, легітымнасьць Ціханоўскай як лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі прызнае большасьць беларускіх апазыцыйных асяродкаў замежжа. На пачатку 2026 году яна пераехала ў Польшчу, дзе працягвае дзейнасьць, рэзка крытыкуючы афіцыйны Менск.
Аляксандар Лукашэнка
У тым, што Аляксандр Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах 2020 году, сумневаў не было задоўга да пачатку кампаніі. Ён прадказальна ня меў ніякіх праблемаў з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы і зборам подпісаў, хоць у звыклай для сябе манеры дэманстраваў абыякавасьць да ходу кампаніі. Адмовіўся ад удзелу ў дэбатах і выбарчых пікетах, абразьліва выказваўся пра апанэнтаў і вёў агітацыю пад выглядам працоўных паездак па краіне.
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу перад прыхільнікамі ля Дому урада 16 жніўня 2020. У гэты ж час у Менску зьбіраюцца сотні тысяч дэманстрантаў, якія патрабуюць яго сыходу
Раніцай 10 жніўня Лідзія Ярмошына апошні раз абвесьціла перамогу Лукашэнкі на выбарах — ЦВК налічыў яму крыху больш за 80% галасоў (альтэрнатыўныя падлікі плятформы «Голас» давалі 31,2% і другое месца пасьля Ціханоўскай. — РС). Прэсавая канфэрэнцыя Ярмошынай праходзіла ў Палацы Рэспублікі і выклікала зьдзіўленьне нават у супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. Кіраўніца Цэнтравыбаркаму, абвясьціўшы афіцыйныя вынікі, заявіла аб пагрозе яе жыцьцю і ня стала адказваць на пытаньні журналістаў.
Пікет па зборы подпісаў за Аляксандра Лукашэнку падчас выбараў 2020
Пасьля Лукашэнка перажыў адкрытую крытыку ад рабочых на МЗКТ, бегаў ля свайго палацу Незалежнасьці з аўтаматам Калашнікава без магазына з патронамі, лётаў над сотнямі тысяч пратэстоўцаў на верталёце і амаль таемна інаўгураваўся на новы тэрмін. У студзені 2025 году Лукашэнка чарговы раз афіцыйна выйграў выбары, на гэты раз ЦВК заявіў пра больш як 86% галасоў на ягоную карысьць. Працягвае жыць у сваёй рэзыдэнцыі Дразды ў Менску.