Вусаў: Падзеі 2020 году — штуршок для нацыянальнага адраджэньня

Павал Вусаў выступае на мітынгу ў Варшаве, 2023 год

Шэсьць гадоў пасьля падзеяў 2020 году Беларусь застаецца ў палітычным тупіку. Рэжым Лукашэнкі ўтрымаў уладу, але страціў частку сваёй незалежнасьці ад Масквы. Грамадзтва было рэпрэсаванае і пазбаўленае магчымасьці адкрыта дзейнічаць. Што засталося ад пратэставага руху і ці магчымыя перамены?

Пра гэта ў «ПіКу Свабоды» Дзьмітры Гурневіч размаўляў з палітолягам, доктарам палітычных навук Паўлам Вусавым.

«Перамагла Расея»

На думку Паўла Вусава, галоўным вынікам 2020 году стала не перамога ні ўлады, ні апазыцыі, а ўзмацненьне ўплыву Крамля на Беларусь.

«Перамагае якраз такі Расея. І не рэжым Лукашэнкі, і не беларускае грамадзтва. Гэтыя абодва бакі прайгралі татальна ў 2020 годзе, канешне, рукамі Лукашэнкі. Пуцін падрыхтаваў вельмі добрую глебу для ўварваньня ва Ўкраіну і па сутнасьці зрабіў Беларусь саўдзельнікам агрэсіі супраць суседняй дзяржавы. І сёньня Беларусь знаходзіцца геапалітычным закладнікам інтарэсаў Масквы, інтарэсаў Крамля».

Пры гэтым палітоляг адзначае, што Лукашэнка фармальна захаваў уладу, але страціў тую прастору для манэўру, якая існавала раней.

«Ён захоўвае пэўную сувэрэннасьць сваёй улады і рэалізуе палітыку ў дачыненьні да Беларусі і беларусаў унутры краіны, праводзіць рэпрэсіі. Але з другога боку — ён страціў геапалітычную суб’ектнасьць. Калі раней, пасьля крызісаў 2006, 2010 гадоў, ён мог вяртацца да дыялёгу з Захадам, лавіраваць паміж Масквой і Захадам, то сёньня гэтай магчымасьці няма. Па сутнасьці, ён будзе функцыянаваць у цені Масквы на наступныя гады».

1:26 Вусаў: Расея атрымала найбольш выгады. Прайгралі і беларускае грамадзтва, і Лукашэнка
10:03 Ці ёсьць патэнцыйныя фактары, якія могуць прывесьці да новых пратэстаў
13:16 Ці будуць мець уплыў на Беларусь сучасныя структуры ў выгнаньні
16:43 Што ў ідэале можа рабіць апазыцыя ў выгнаньні
26:23 Чаму Павал Вусаў не бярэ ўдзелу ў Канфэрэнцыі новай Беларусі
28:42 Латушка: Якія доказы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны
31:29 Што зьмянілася пасьля стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу па агрэсіі супраць Украіны
35:57 Ці ёсьць доказы, якія могуць непасрэдна зьвязаць Лукашэнку з канкрэтнымі рашэньнямі
38:47 Хто, акрамя Лукашэнкі, павінен стаць галоўнымі фігурантамі расьсьледаваньняў
40:59 Ці варта скептычна ставіцца да міжнароднага права
44:03 Як жыве Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня

«2020 год запусьціў нацыянальную трансфармацыю»

Нягледзячы на паразу пратэстаў, Вусаў лічыць, што падзеі 2020 году зьмянілі беларускае грамадзтва значна глыбей, чым здаецца.

«2020 год паклаў пачатак для такой нацыянальнай трансфармацыі беларускага грамадзтва, для ўзмацненьня нацыянальнай сьвядомасьці. Не толькі 2020 год, але і 2022 год, калі беларусы, якія раней збольшага галасавалі толькі супраць Лукашэнкі, пачалі атаясамліваць сябе з краінай і краіну з сабой.
Адбыўся вельмі моцны штуршок для нацыянальнага адраджэньня, для фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці. Магчыма, вынік гэтага мы ўбачым не зараз. Але такія працэсы ствараюць гістарычны капітал, які можа спрацаваць у будучыні».

Ён параўноўвае гэта з паўстаньнем Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, якое было задушанае, але пакінула значны сьлед у нацыянальнай памяці.

«У Беларусі няма структуры, якая магла б арганізаваць новы пратэст»

На пытаньне, ці можа ў Беларусі зноў узьнікнуць масавы рух, Вусаў адказвае, што цяпер для гэтага няма неабходных умоваў.

«Само па сабе грамадзтва ня зможа кансалідавацца і мабілізавацца. Для такіх працэсаў неабходныя палітычныя і сацыяльныя інстытуты. У Польшчы ў 1980-я гады існавала „Салідарнасьць“, у Чэхаславаччыне — Грамадзянскі форум. Гэтыя структуры маглі арганізаваць людзей, праводзіць страйкі, весьці перамовы з уладай. У Беларусі такіх структураў сёньня няма — яны былі зьнішчаныя».

Палітоляг лічыць, што апазыцыя за мяжой таксама павінна зьмяніць падыходы.

«Беларуская апазыцыя рызыкуе страціць сувязь з грамадзтвам»

Паводле Вусава, галоўная праблема дэмакратычных структураў у выгнаньні — адсутнасьць доўгатэрміновай стратэгіі.

«Фармат дзейнасьці застаецца традыцыйным: паездкі на канфэрэнцыі, сустрэчы за мяжой. Але няма сыстэмнай працы, якая б мабілізавала дыяспару. Трэба было ствараць інстытуты: беларускія школы, унівэрсытэцкія праекты, структуры, якія захоўваюць нацыянальную памяць і рыхтуюць будучыя эліты. Бо жыцьцё за мяжой становіцца для многіх людзей камфортным, і частка беларусаў ужо не плянуе вяртацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латушка: Лукашэнку можна прыцягнуць да адказнасьці за злачынства агрэсіі супраць Украіны