Прэзэнтацыя прайшла ў той час, калі працягваецца падрыхтоўка да запуску Спэцыяльнага трыбуналу ў справе злачынства агрэсіі супраць Украіны, які ў пэрспэктыве можа разглядаць і адказнасьць найвышэйшага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Беларусі.
У праграме «ПіК Свабоды» Латушка заявіў, што адным з ключавых доказаў зьяўляецца выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну.
«Перадусім гэта зьвязана з прадстаўленьнем тэрыторыі краіны для замежнай арміі, для ажыцьцяўленьня агрэсіі супраць суседняй дзяржавы. У гэтай сытуацыі расейская армія скарыстала тэрыторыю Беларусі супраць Украіны».
Паводле яго, таксама важнымі доказамі зьяўляюцца перакідваньне на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў і ўзбраеньняў, выкарыстаньне беларускай вайсковай інфраструктуры для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне, а таксама выкарыстаньне грамадзянскай інфраструктуры для запуску бесьпілётнікаў.
Латушка сьцьвярджае, што пры перакідваньні расейскіх войскаў у студзені 2022 году былі парушаныя абавязаньні Беларусі паводле Венскага дакумэнту АБСЭ 2011 году. Паводле яго, Менск не паведаміў загадзя іншым дзяржавам пра маштабныя вайсковыя манэўры, хаця колькасьць расейскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі, паводле ацэнак, перавышала 30 тысяч чалавек.
1:26 Вусаў: Расея атрымала найбольш выгады. Прайгралі і беларускае грамадзтва, і Лукашэнка
10:03 Ці ёсьць патэнцыйныя фактары, якія могуць прывесьці да новых пратэстаў
13:16 Ці будуць мець уплыў на Беларусь сучасныя структуры ў выгнаньні
16:43 Што ў ідэале можа рабіць апазыцыя ў выгнаньні
26:23 Чаму Павал Вусаў не бярэ ўдзелу ў Канфэрэнцыі новай Беларусі
28:42 Латушка: Якія доказы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны
31:29 Што зьмянілася пасьля стварэньня Спэцыяльнага трыбуналу па агрэсіі супраць Украіны
35:57 Ці ёсьць доказы, якія могуць непасрэдна зьвязаць Лукашэнку з канкрэтнымі рашэньнямі
38:47 Хто, акрамя Лукашэнкі, павінен стаць галоўнымі фігурантамі расьсьледаваньняў
40:59 Ці варта скептычна ставіцца да міжнароднага права
44:03 Як жыве Мікола Статкевіч пасьля вызваленьня
«Спэцтрыбунал — галоўны мэханізм»
Кіраўнік НАУ адзначыў, што пасьля стварэньня
Спэцыяльнага трыбуналу зьявіўся мэханізм, які, на яго думку, можа дазволіць прыцягнуць да адказнасьці найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі.
«Спэцыяльны трыбунал і Міжнародны крымінальны суд зьяўляюцца фактычна адзінымі эфэктыўнымі для нас інстытутамі, празь якія мы можам дасягнуць прыцягненьня да міжнароднай крымінальнай адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў».
Паводле Латушкі, цяпер краіны, якія далучыліся да пагадненьня аб стварэньні трыбуналу, праходзяць працэс ратыфікацыі. Пасьля гэтага павінны быць сфармаваныя органы трыбуналу і пачнецца расьсьледаваньне.
«Няма паняцьця „садзейнічаньне агрэсіі“»
Латушка асобна падкрэсьліў, што ў міжнародным крымінальным праве няма юрыдычнага паняцьця «садзейнічаньне агрэсіі».
«Каб усталяваць злачынства Лукашэнкі, нам фактычна трэба даказаць шэсьць элемэнтаў злачынства агрэсіі, зьдзейсьненага Аляксандрам Лукашэнкам».
Ён спаслаўся на рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі ААН № 3314, паводле якой само прадастаўленьне тэрыторыі дзяржавы для агрэсіі іншай краіны можа лічыцца актам агрэсіі.
«Лукашэнка ведаў пра пляны ўварваньня»
На пытаньне, ці ёсьць прамыя доказы таго, што Лукашэнка ведаў пра падрыхтоўку поўнамаштабнага ўварваньня, Латушка адказаў сьцьвярджальна.
Паводле яго, каманда НАУ зьбірае, у тым ліку, архіўныя заявы Лукашэнкі, якія, як сьцьвярджаецца, выдаляюцца з дзяржаўных рэсурсаў.
«Найбольш каштоўнымі зьяўляюцца самі выказваньні Лукашэнкі»
Латушка прывёў некалькі прыкладаў. Паводле яго, яшчэ 29 сьнежня 2021 году пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным Лукашэнка публічна казаў, што сам прапанаваў разьмясьціць расейскія войскі ў Беларусі пад выглядам вучэньняў, якія пасьля перарасьлі ва ўварваньне ва Ўкраіну. Таксама ён спаслаўся на заявы Лукашэнкі ад 24 лютага і 15 сакавіка 2022 году, якія, на думку кіраўніка НАУ, сьведчаць, што беларускі кіраўнік загадзя ведаў пра пляны расейскага наступу і ўсьведамляў яго агрэсіўны характар.
Каго могуць прыцягнуць да адказнасьці
Акрамя Лукашэнкі, патэнцыйнымі фігурантамі расьсьледаваньня, на думку Латушкі, могуць стаць былы начальнік Генэральнага штабу Віктар Гулевіч, міністар абароны Віктар Хрэнін і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч.
Латушка таксама аспрэчыў аргумэнт афіцыйнага Менску пра тое, што Беларусь нібыта не ўдзельнічала ў вайне.
«Сам факт прадстаўленьня тэрыторыі зьяўляецца дастатковым, каб даказаць злачынства агрэсіі, зьдзейсьненае Аляксандрам Лукашэнкам».
На яго думку, нават калі працэс будзе працяглым, расьсьледаваньне павінна прывесьці да канкрэтных вынікаў.
«У нас няма ніякага сумневу ў тым, што гэта завершыцца канкрэтнымі вынікамі, і адказнасьць — непазьбежная».
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць істотныя падзеі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум