Праваабаронцы налічылі ўжо 183 факты перасьледу грамадзян у «справе ЭГУ»

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт

Сьледчы камітэт раней заяўляў, што ня ўсім, хто вучыўся ўва ўнівэрсытэце ў Вільні варта баяцца перасьледу. Але факты гавораць пра тое, што лік перасьледаваных расьце.

Пра тое, што перасьледу ўсіх зьвязаных у мінулым з унівэрсытэтам людзей ня будзе некалькі месяцаў таму заяўляў генэральны пракурор Беларусі Дзьмітры Гара. Але на пачатку жніўня праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі ўжо 183 факты перасьледу ў «справе ЭГУ». 156 зь іх адбыліся ў Беларусі.

Некалькі сваякоў студэнтаў атрымалі арышты, іх судзілі ў адміністрацыйных справах на 15 содняў.

Праваабаронцы заклікаюць паведамляць пра ціск і факты перасьледу, допыты, ператрусы на «гарачую лінію» праваабаронцаў @ViasnaSOS.

Паводле інфармацыі Свабоды, за апошнія 10 гадоў праз адукацыйныя праграмы і навучаньне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце прайшлі каля 5000 грамадзян Беларусі.

«Справа ЭГУ»

З пачатку чэрвеня па ўсёй Беларусі разгортваецца маштабны перасьлед, зьвязаны з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, які ў Беларусі прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй і распачалі крымінальную справу за спрыяньне «экстрэмісцкай дзейнасьці» і яе фінансаваньне. Да людзей прыходзяць з ператрусамі, допытамі і выклікаюць на размовы ў КДБ.

Паводле інфармацыі Свабоды, фактаў ціску можа быць значна больш, колькасьць фігурантаў крымінальнай справы і ператрусаў павялічваецца. Родныя цяперашніх і былых студэнтаў унівэрсытэту на ўмовах ананімнасьці расказваюць, што супраць іх заводзяць крымінальныя справы за факт аплаты вучобы ў ЭГУ.

Вядома, што заводзілі справу, нават калі такая аплата адбывалася 10 гадоў таму. Сілавікі прыходзяць і да бацькоў былых студэнтаў, якія даўно жывуць за мяжой, і абвінавачваюць іх у аплаце навучаньня дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэпрэсіі супраць ЭГУ працягваюцца. Узгадваем, хто з праўладных актывістаў у розны час быў зьвязаны з гэтым унівэрсытэтам