Сыноптыкі абвясьцілі павышаны ўзровень небясьпекі праз моцную сьпёку.
Таксама ў сьпёку ўзмацняецца выпарэньне вады ў рэках і вадаёмах. Паводле сёньняшняй гідралягічнай мапы Белгідрамету, зьнізіўся ўзровень вады на асобных участках Дняпра, Сажа, Нёмана і іншых рэк. Людзі ў сацыяльных сетках публікуюць фота абмяленьня Прыпяці. Працяглая сьпёка зьмяншае колькасьць кіслароду ў вадзе і нэгатыўна ўплывае на рыбаў.
Кліматалягіня Ганна Скрыган у камэнтары Свабодзе адзначыла, што працяглыя высокія тэмпэратуры паветра вельмі шкодныя ня толькі для роўню вады ў рэках і іншых вадаёмах — яны істотна пагаршаюць іх якасьць і могуць нават выклікаць небясьпеку для чалавека.
«Высокія тэмпэратуры і працяглая сьпёка — гэта дадатковы стрэс для ўсіх паверхневых вадаёмаў. Трэба памятаць, што сёлета вясна была сухой, і ўжо тады назіралася так званая гідралягічная засуха. Гэта значыць, што рэкі і азёры недаатрымалі неабходную колькасьць вады.
Цяпер жа сьпёка яшчэ больш узмацняе выпарэньне, таму вады ў вадаёмах становіцца ўсё меней.
Яшчэ адна праблема — высокая тэмпэратура спрыяе бурнаму разьвіцьцю патагенных мікраарганізмаў і „цьвіценьню“ вады. Пасьля гэтага вада можа стаць таксычнай і непрыдатнай нават для адпачынку.
Акрамя таго, існуюць прадпрыемствы, якім патрэбная вялікая колькасьць халоднай вады. Напрыклад, яна выкарыстоўваецца для ахалоджваньня ядзерных рэактараў. У такіх выпадках колькасьць вады ў рацэ і яе тэмпэратура становяцца вельмі важнымі паказьнікамі.
Чым даўжэй працягваюцца хвалі сьпёкі, тым больш пагаршаецца сытуацыя з паверхневымі водамі».
Раней стала вядома, што высокія тэмпэратуры паўплывалі й на суднаходзтва. На Нёмане ў Горадні, Дняпры ў Магілёве, Жлобіне і Лоеве, на Бярэзіне ў Бабруйску і Сьветлагорску, Сожы ў Крычаве, Слаўгарадзе і Гомлі, Прыпяці ў вёсцы Чэрнічы і ў Мазыры назіраюцца ўскладненьні ў працы рачнога транспарту.
Рызыкі для АЭС
Улады не паведамлялі, ці паўплывалі цяжкасьці з тэмпэратурамі на працу першай беларускай АЭС.
Астравецкая АЭС выкарыстоўвае для адводу цяпла тэхнічную ваду, зьвязаную з басэйнам Вяльлі. Але магчымае абмяленьне ракі не азначае аўтаматычнай пагрозы спыненьня рэактараў.
АЭС праектуецца з улікам розных рэжымаў працы і мае рэзэрвовыя сыстэмы ахалоджваньня.