«Беларускія склады Wildberries не заменяць расейскіх, яны значна меншыя», — Кныровіч

Дым над атакаваным складам Wildberries у Самарскай вобласьці Расеі. 3 жніўня 2026

Як стала вядома, у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Менскам расейская кампанія Wildberries паскоранымі тэмпамі завяршае будаўніцтва лягістычнага цэнтру. Што бы гэта значыла?

Як паведаміў БТ першы намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі ў пытаньнях разьвіцьця індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Кірыл Карацееў, абставіны ў Расеі прымушаюць інвэстара як мага хутчэй запусьціць аб’ект. Кампанія ўжо набірае супрацоўнікаў. У Беларусь прыехалі расейскія спэцыялісты, якія рыхтуюць беларускі пэрсанал і адбіраюць будучых кіраўнікоў.

З 18 ліпеня Ўкраіна наносіць удары па лягістычнай інфраструктуры Wildberries у Расеі. Якія рызыкі стварае для Беларусі вялікі лягістычны цэнтар пад Менскам? На пытаньне Свабоды адказаў бізнэсовец і эканамічны аглядальнік Аляксандар Кныровіч.

— Цяпер я ня бачу нейкіх сур’ёзных рызыкаў, якія ёсьць у беларусаў, з гледзішча таго, што Wildberries дабудоўвае склады і, напэўна, будзе будаваць яшчэ некалькі.

Чаму я ня бачу такіх рызыкаў? Бо я ўпэўнены, што прэзыдэнт Зяленскі пасьля таго, як Лукашэнка выканаў ягоныя патрабаваньні, ня будзе зараз накіроўваць дроны на беларускія склады кампаніі.

Мне падаецца, што гэта зусім не адпавядае ягонай сёньняшняй стратэгіі. Таму, канешне, ёсьць эканамічныя рызыкі таго, бо лягістычныя ланцужкі і так напружаныя. Але нейкіх іншых рызыкаў я ня бачу.

Ці будзе выгада? Ведаеце, беларускія склады малыя, яны ня могуць замяніць расейскія, яны разоў у 10-15 меншыя за тыя склады, якія ўжо вывелі з ладу дроны. Таму нельга разьлічваць, што нейкі будзе вялікі ўплыў, тым больш, што Беларусь гэта, канешне, тупік. Казахстан стаіць на маршруце з Кітаю да Расеі, а беларускі тупік можа абслугоўваць толькі Пскоў ці Бранск, ці Смаленск.

Сёньня ў Тульскай вобласьці Расеі пасьля атакі украінскіх бесьпілётнікаў загарэўся лягістычны цэнтар кампаніі Wildberries. За апошнія тыдні ўкраінскія вайскоўцы атакавалі больш за дзясятак складоў кампаніі ў розных рэгіёнах Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У парку «Вялікі Камень» запаволілася выкананьне кітайскіх праектаў, пад Менскам тэрмінова дабудоўваюць склад Wildberries

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія войскі атакавалі склад Wildberries пад расейскім Уладзімірам, у Белгарадзе загарэўся корпус унівэрсытэту