Латыскі палітоляг патлумачыў, чаму ўрад не пайшоў на закрыцьцё мяжы

Памежны пункт у Патэрніеках

Латвія аднавіла працу адзінага дзейнага аўтамабільнага пункта пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Патэрніекі». Тэхнічныя збоі, празь якія пераход быў закрыты з 31 ліпеня, зьліквідаваныя, паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі.

Ад сёньня кіроўцы зноў могуць рэзэрваваць час перасячэньня мяжы праз электронную сыстэму, а аўтамабілі пачалі афармляць яшчэ ўвечары 4 жніўня.

У той жа дзень урад Латвіі адхіліў прапанову Міністэрства ўнутраных спраў цалкам закрыць апошні памежны пераход зь Беларусьсю.

Апошнія падзеі на мяжы дзьвюх краінаў Свабодзе пракамэнтаваў латскі палітоляг Юрыс Разэнвалдс.

— Часовае закрыцьцё было зьвязанае перш за ўсё з тэхнічнымі праблемамі, прынамсі, як сьцьвярджае ўрад, былі нейкія праблемы ў кампутарных сетках. У Латвіі новы міністар унутраных спраў, вельмі актыўны, ён прадстаўляе Нацыянальнае аб’яднаньне, для якога праблема міграцыі — гэта, свайго роду, звышпраблема. І вось ён прапанаваў наогул закрыць гэты пункт дзеля таго, каб перакінуць рэзэрвы памежнікаў на мяжу, якая цяпер адчувае вельмі сур’ёзны ціск з боку Беларусі.

Каля 9000 мігрантаў за гэты год былі вернутыя назад у Беларусь, зь якой яны прабіраліся на латыскую тэрыторыю. Але ўрад вырашыў па-свойму. Усё ж мігранты не празь пераходны пункт „Патэрніекі“ трапляюць у Латвію.

Увогуле, гэта адзіны сухапутны пункт на мяжы Латвіі зь Беларусьсю, таму ён патрэбны дзеля таго, каб падтрымліваць тыя яшчэ досыць невялікія эканамічныя адносіны паміж дзяржавамі.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Латвіі аднавіў працу памежны пераход Патэрніекі на беларускай мяжы

Закрыцьцё мяжы Латвіі і Беларусі

Увечары 31 ліпеня міністар унутраных справаў краіны Яніс Домбрава сказаў, што закрыцьцё мяжы адбываецца «з тэхнічных прычынаў».

Ужо ў жніўні МЗС Беларусі назвала гэтае рашэньне «цынічным крокам» перад выбарамі ў Саэйму.

Тады ж латыскі міністар сказаў, што выняткаў ня робяць нават для грамадзянаў Латвіі, якія, вяртаючыся зь Беларусі, мусяць шукаць іншых шляхоў трапіць на радзіму.

Але на нэўтральнай паласе на мяжы ўсё адно сабраліся аўтамабілі. 2 жніўня ўлады Латвіі пастанавілі ўпусьціць іх у краіну.

Дачыненьні Латвіі й Беларусі

Апошнім часам узаеміны дзьвюх дзяржаваў зноў істотна пагоршыліся. 15 ліпеня ўлады Латвіі заявілі, што яе памежнікі ўжо 111 дзён запар фіксуюць спробы нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі, якіх Беларусь трымае на сваёй тэрыторыі і не перашкаджае ім штурмаваць мяжу з Эўразьвязам.

За тры дні да таго начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс зрабіў выснову, што Латвія стала цэльлю № 1 у гібрыднай вайне, якую вядзе Лукашэнка супраць Эўразьвязу.

Пасьля гэтага Генэральная пракуратура Латвіі завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.

Парлямэнт Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытаньні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільных асоб Украіны. У закон уваходзяць і новыя абмежаваньні супраць Беларусі.

Зьмяненьні прадугледжваюць забарону імпарту зь Беларусі і Расеі шэрагу прамысловых тавараў — кніг, газэт, відэагульняў, спартовых тавараў, цацак, адзеньня і абутку. Канчатковы пералік зацьвердзіць Кабінэт міністраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Латвійскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю палохалі мігрантаў стрэламі і сьлёзацечным газам