У адной Менскай вобласьці за 5,5 гадоў у суды накіравалі звыш 1,5 тысячы спраў пра «экстрэмісцкія матэрыялы»

Ілюстрацыйнае фота

За гэты час пракуратура Менскай вобласьці накіравала ў суды больш за 1,5 тысячы заяў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцкімі».

Паводле зьвестак сілавікоў, на якія спасылаецца праваабарончы цэнтар «Вясна», у першым паўгодзьдзі 2026 году асноўная ўвага надавалася папулярным інтэрнэт-пляцоўкам — YouTube, Telegram, Instagram і Threads.

За гэты пэрыяд пракуроры Менскай вобласьці накіравалі ў суды 174 заявы пра «экстрэмісцкія матэрыялы». Па стане на пачатак ліпеня суды разгледзелі і задаволілі 146 зь іх, уключыўшы гэтыя рэсурсы ў «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Напрыклад, пракуратура Менскага раёну выявіла ў сетцы Threads асабістую старонку «Екатерина Ерусалимская», якая, зь меркаваньня сілавікоў, утрымлівала «экстрэмісцкія матэрыялы». На падставе заявы пракурора суд прызнаў іх «экстрэмісцкімі» празь «зьнявагу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варожасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады прызналі «экстрэмісцкімі» мовазнаўчую кнігу Вінцука Вячоркі і зборнік цытатаў Алексіевіч

Што адбываецца?

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. У гэтым пераліку зьмешчаныя назвы тысячаў «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць.

У пераліку — сайты, тэлеграм-каналы, уліковыя запісы і старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў сеціве, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

З 2020 году ўлады Беларусі выкарыстоўваюць гэты сьпіс для масавых рэпрэсіяў і барацьбы з іншадумствам.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».