Чарговае рашэньне ў чарадзе пастановаў пра прызнаньне выданьняў «экстрэмісцкімі» прыняў суд Заводзкага раёну Менску.
У абноўлены «сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» уключылі 9 кніг:
- «Сьвятлана Алексіевіч. 100 цытатаў на Свабодзе»
- «Белым белы прастор замарожаны. Зборнік песняў на вершы Ларысы Геніюш i Пётры Русава»
- «Менская вясна. — Наша Ніва, 1996»
- «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» (Вінцук Вячорка)
- «Народная праграма „Вольная Беларусь“. — Варшава — Нью-Ёрк — Менск»
- «Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы» (Станіслаў Шушкевіч)
- «Беларуская палітычная сістэма i прэзідэнцкія выбары 2001 году. — Менск. Аналітычная група. Варшава. Цэнтар дэмакратыі ўва Усходняй Эўропе»
- «Лёс ліцэя. Аўтабіяграфічныя запісы» (Уладзімір Колас)
- «Праграма канстытуцыйных пераўтварэнняў» (Міхаіл Пастухоў).
«Адзначым, што супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, падобна, ня ведаюць, як паставіць на працоўных кампутарах беларускую раскладку — ва ўсіх назвах кніг замест „ў“ яны пішуць „у“» — заўважыў Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум