Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, Расея выпусьціла па Ўкраіне 28 ракет, у тым ліку 4 супрацькарабельныя «Цыркон» і 24 балістычныя, а таксама 115 ударных дронаў.
Супрацьпаветраная абарона Ўкраіны зьбіла 98 расейскіх бесьпілётнікаў, але не змагла зьняшкодзіць ніводнай ракеты.
Расея ўдарыла па жылым сэктары, складах і пошце
Як паведамілі сталічныя ўлады, у Кіеве загінуў адзін чалавек і 20 пацярпелі, зь іх 15 шпіталізавалі з раненьнямі рознай цяжкасьці.
«У Галасееўскім раёне ў выніку пацэльваньня ў нежылое памяшканьне выцек аміяк», — удакладніў мэр Кіева Віталь Клічко.
Паводле яго, ад абстрэлу пацярпеў склад, ратаўнікі спрабуюць знайсьці людзей пад яго заваламі.
У Кіеўскай вобласьці загінулі 14 чалавек і 27 атрымалі раненьні.
«Найбольш ахвяраў — у Браварскім раёне, дзе загінулі дзевяць чалавек. У Бучанскім раёне вораг забіў яшчэ чатырох мірных жыхароў. Яшчэ адзін чалавек загінуў у Фастаўскім раёне», — паведамілі ўлады Кіеўскай вобласьці.
Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, расейскія войскі трэці раз атакавалі ў Браварах склады найбольшай ва Ўкраіне інтэрнэт-крамы Rozetka, у Абалонскім раёне Кіева цалкам згарэла аддзяленьне «Новай пошты». Пацярпелі таксама іншыя лягістычныя цэнтры.
У кампаніі «Укрзалізниця» паведамілі аб спыненьні руху цягнікоў у Кіеўскай вобласьці пасьля інтэнсіўнага расейскага ўдару па лягістычнай інфраструктуры. Цяпер спрабуюць аднавіць рух.
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, у выніку расейскай атакі ў Кіеўскай вобласьці і Кіеве загінулі 17 чалавек і 44 атрымалі раненьні.
Адзін чалавек загінуў і 18 параненых у Херсонскай вобласьці, два чалавекі атрымалі раненьні ў Запароскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія «Яндекс маркет» і Ozon таксама ня будуць кампэнсаваць страты ў разе атакі дронаў. Беларускія вытворцы прадаюць там свае таварыУ Тульскай вобласьці гарыць чарговы склад Wildberries
У кампаніі Wildberries паведамілі, што ў Тульскай вобласьці на лягістычным аб’екце працуюць пажарнікі, якія спрабуюць патушыць агонь пасьля атакі.
У паведамленьні адзначылі, што пэрсанал заўчасна эвакуавалі. Прыём бягучых паставак часова спынілі і перанакіравалі іх на іншыя аб’екты.
Губэрнатар Тульскай вобласьці Дзьмітрый Міляеў паведаміў аб адным параненым у выніку лучаньня дрону. Паводле яго, над рэгіёнам сёньня ўначы нібыта зьбілі 107 украінскіх бесьпілётнікаў.
Расейскія і ўкраінскія Telegram-каналы апублікавалі відэа пажару на складзе Wildberries, на якіх бачна, што маштабны пажар ахапіў значную частку складу.
Паводле Exilenova+, плошча лягістычнага цэнтру складае 194,5 тысячы квадратных мэтраў. Яго адкрылі ў 2022 годзе. Гэты аб’ект абслугоўваў пастаўкі ў Тульскую, Калускую, Арлоўскую, Бранскую, Курскую, Ліпецкую, Разанскую і іншыя вобласьці Цэнтральнай Расеі. Гэтыя склады таксама выкарыстоўвала Міністэрства абароны Расеі для захоўваньня грузаў вайсковага прызначэньня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.