У Латвіі аднавіў працу памежны пераход Патэрніекі на беларускай мяжы

Памежны пункт Патэрніекі

Прапанова Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі цалкам закрыць латвійска-беларускую мяжу не прайшла.

Латвійскі ўрад адпрэчыў прапанову МУС закрыць апошні аўтамабільны пункт пропуску зь Беларусьсю, перадае агенцтва LETA.

Міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава адзначыў, што сёньня ўлады пастараюцца цалкам вырашыць і тэхнічныя праблемы, якімі тлумачылі закрыцьцё пераходу Патэрніекі з 31 ліпеня.

Разам з тым, ахову мяжы ўзмоцняць новымі тэхнічнымі сродкамі і правядуць каля яе вучэньні з удзелам іншых краінаў NATO.

Па 20-й гадзіне Памежная служба Латвіі паведаміла, што тэхнічныя збоі ўхіленыя, памежны кантроль цалкам адноўлены, а з 5 жніўня зьявіцца магчымасьць рэзэрваваць час перасячэньня мяжы.

Латвійская электронная сыстэма рэзэрваваньня чаргі lvrobeza.lv паведаміла, што кіроўцы аўтамабіляў з зарэзэрваваным часам ужо атрымліваюць запрашэньні прыбыць у пункт пропуску.

Афармленьне аўтамабіляў у Патэрніеках пачалося а 21-й гадзіне, паведаміў Памежны камітэт Беларусі з спасылкай на перададзеную латвійскім бокам інфармацыю.

Закрыцьцё мяжы Латвіі і Беларусі

Увечары 31 ліпеня міністар унутраных справаў краіны Яніс Домбрава сказаў, што закрыцьцё мяжы адбываецца «з тэхнічных прычынаў».

Ужо ў жніўні МЗС Беларусі назвала гэтае рашэньне «цынічным крокам» перад выбарамі ў Саэйму.

Тады ж латыскі міністар сказаў, што выняткаў ня робяць нават для грамадзянаў Латвіі, якія, вяртаючыся зь Беларусі, мусяць шукаць іншых шляхоў трапіць на радзіму.

Але на нэўтральнай паласе на мяжы ўсё адно сабраліся аўтамабілі. 2 жніўня ўлады Латвіі пастанавілі ўпусьціць іх у краіну.

Дачыненьні Латвіі й Беларусі

Апошнім часам узаеміны дзьвюх дзяржаваў зноў істотна пагоршыліся. 15 ліпеня ўлады Латвіі заявілі, што яе памежнікі ўжо 111 дзён запар фіксуюць спробы нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі, якіх Беларусь трымае на сваёй тэрыторыі і не перашкаджае ім штурмаваць мяжу з Эўразьвязам.

За тры дні да таго начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс зрабіў выснову, што Латвія стала цэльлю № 1 у гібрыднай вайне, якую вядзе Лукашэнка супраць Эўразьвязу.

Пасьля гэтага Генэральная пракуратура Латвіі завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.

Парлямэнт Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытаньні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільных асоб Украіны. У закон уваходзяць і новыя абмежаваньні супраць Беларусі.

Зьмяненьні прадугледжваюць забарону імпарту зь Беларусі і Расеі шэрагу прамысловых тавараў — кніг, газэт, відэагульняў, спартовых тавараў, цацак, адзеньня і абутку. Канчатковы пералік зацьвердзіць Кабінэт міністраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Саэйма Латвіі падтрымала забарону на імпарт друкаванай прадукцыі і спажывецкіх тавараў зь Беларусі і Расеі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэральная пракуратура Латвіі завяла крымінальную справу на беларускіх памежнікаў за мігранцкі крызіс