Калі ўрад падтрымае прапанову Міністэрства ўнутраных спраў, гэта будзе азначаць, што жыхары і грузавы аўтатранспарт больш ня змогуць трапіць у Беларусь з Латвіі.
У гэты момант «Патэрніекі» — адзіны афіцыйны пункт перасячэньня мяжы на аўтадарозе на латвійска-беларускай мяжы. Адначасова па-ранейшаму існуе чыгуначны пункт перасячэньня мяжы «Індра», які цяпер выкарыстоўваецца толькі грузавымі цягнікамі.
Цяпер праект рашэньня ўраду перадалі на ўзгадненьне. Кабінэт міністраў разгледзіць яго неўзабаве.
Патрэбу закрыцьця мяжы ў МУС Латвіі тлумачаць тым, што трэба гарантаваць недатыкальнасьць дзяржавы, прадухіліць пагрозу грамадзкаму парадку, стварыць яшчэ больш спрыяльныя ўмовы для выкананьня абавязкаў Дзяржаўнай памежнай аховы і іншых службаў, што прадухіляюць незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы.
Цяпер для прадухіленьня незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы ўздоўж латвійска-беларускай мяжы абвешчаны рэжым узмоцненай аховы. Аднак створаны на аўтадарозе пункт перасячэньня мяжы «Патэрніекі» —працягвае працу, тым самым захоўваючы шырэйшую магчымасьць ажыцьцяўляць супраць Латвіі працяглую апэрацыю гібрыднай вайны, а таксама дадатковы інструмэнт для ціску, правакацый і дзеяньняў выведвальнага характару, напісана ў дакумэнце.
На «Патэрніеках» назіраліся тэхнічныя няспраўнасьці ў працы інфармацыйных сыстэмаў, у выніку правядзеньне памежнага кантролю з 31 ліпеня немагчымае, тлумачылі праблемы ўлады краіны.
У Дзяржаўнай памежнай ахове агенцтву LETA растлумачылі, што тым, хто перасякае мяжу, варта шукаць іншыя пункты перасячэньня мяжы, найбліжэйшыя месьцяцца ў Літве.
Закрыцьцё мяжы Латвіі і Беларусі
Увечары 31 ліпеня міністар унутраных справаў краіны Яніс Домбрава сказаў, што закрыцьцё мяжы адбываецца «з тэхнічных прычынаў».
Ужо ў жніўні МЗС Беларусі назвала гэтае рашэньне «цынічным крокам» пад выбары ў Саэйму.
Тады ж латыскі міністар сказаў, што выняткаў ня робяць нават для грамадзянаў Латвіі, якія, вяртаючыся зь Беларусі, мусяць шукаць іншых шляхоў трапіць на радзіму.
Але на нэўтральнай пласе на мяжы ўсё адно сабраліся аўтамабілі. 2 жніўня ўлады Латвіі вырашылі пусьціць іх у краіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Латвія закрыла мяжу зь БеларусьсюДачыненьні Латвіі і Беларусі
Апошнім часам узаеміны дзьвюх дзяржаў зноў істотна пагоршыліся. 15 ліпеня ўлады Латвіі заявілі, што памежнікі краіны ўжо 111 дзён запар фіксуюць спробы нелегальнага пераходу мяжы мігрантамі, якіх Беларусь трымае на сваёй тэрыторыі і не перашкаджае ім штурмаваць мяжу з Эўразьвязам.
За тры дні да таго начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунтыс Пуятс зрабіў выснову, што Латвія стала мэтай №1 у гібрыднай вайне, якую вядзе Лукашэнка супраць Эўразьвязу.
Пасьля гэтага Генэральная пракуратура Латвіі завяла крымінальную справу супраць службовых асобаў Памежнага камітэту Беларусі.
Парлямэнт Латвіі 23 ліпеня ў канчатковым чытаньні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільных асоб Украіны. У закон уваходзяць і новыя абмежаваньні супраць Беларусі.
Зьмяненьні прадугледжваюць забарону на імпарт зь Беларусі і Расеі шэрагу прамысловых тавараў — кніг, газэт, відэагульняў, спартовых тавараў, цацак, адзеньня і абутку. Канчатковы пералік зацьвердзіць Кабінэт міністраў.