Палітвязень Сяргей Ярашэвіч цалкам адбыў пакараньне і выйшаў на свабоду. Цяпер ён у бясьпецы

Ілюстрацыйнае фота

Палітвязень Сяргей Ярашэвіч, якога асудзілі на 6 гадоў і 3 месяцы зьняволеньня за адміністраваньне тэлеграм-каналу «Армія з народам», цалкам адбыў пакараньне і выйшаў на волю.

«Малыя нарэшце дачакаліся бацькі на свабодзе і ў бясьпецы. Найбольш хочацца, каб гэты дзень надышоў для кожнага палітвязьня, каб кожны апынуўся ў абдымках найдаражэйшых людзей, каб больш ніхто не чакаў сваіх блізкіх за калючым дротам», — напісала ягоная жонка Антаніна Канавалава на сваёй старонцы ў Facebook.

Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава былі асуджаныя і прызнаныя палітвязьнямі.

Антаніну вызвалілі ў 2024 годзе, яна зьехала зь Беларусі, каб узьяднацца з дзецьмі. Сяргей працягваў адбываць тэрмін у калёніі № 20. Фільм апісвае іх гісторыю, перажытыя наступствы рэпрэсіяў і чаканьне, у якім сям’я з малымі дзецьмі жыве ў эміграцыі.

Хто такія Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч

Антаніну Канавалаву арыштавалі на два месяцы раней за мужа, у верасьні 2020 году. Спачатку Канавалаву асудзілі адміністрацыйна — на 40 базавых велічыняў штрафу за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», але пасьля суду жанчыну не адпусьцілі, а затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы, інкрымінаваўшы артыкул 293 Крымінальнага кодэксу — «удзел у масавых беспарадках».

Судзілі Антаніну Канавалаву ў траўні 2021 году разам з мужам і іншымі фігурантамі справы тэлеграм-каналу «Армія з народам». Жанчыну, якая мае дваіх непаўналетніх дзяцей, абвінавацілі таксама ў «навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» (частка 3 артыкулу 293 КК) і асудзілі на 5,5 году пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Свой тэрмін Антаніна Канавалава цалкам адбыла ў жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Жанчына выйшла на волю ў сьнежні 2024 году, але мусіла ўцячы з Беларусі, асьцерагаючыся новых рэпрэсіяў і дзеля ўзьяднаньня зь дзецьмі, якія ўжо жылі ў Польшчы разам з бабуляй.

«У пачатку красавіка 2025 году стала вядома, што ў Беларусі арыштавалі маёмасьць сям’і Антаніны», — паведамлялі пра Канавалаву праваабаронцы «Вясны».

Сяргею Ярашэвічу 43 гады, ён адзін з адміністратараў тэлеграм-каналу «Армія з народам», муж былой палітзьняволенай Антаніны Канавалавай. Сяргей вярнуўся ў Беларусь, калі даведаўся пра арышт жонкі, і ў кастрычніку 2020 году таксама быў арыштаваны.

Сяргея абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч. 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу) і ў навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 артыкулу 293 КК). У 2021 годзе Ярашэвіча асудзілі на 5,5 году зьняволеньня, а ў дадатак амаль праз два гады асудзілі зноў паводле 411-га артыкулу КК «аб непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і дадалі да тэрміну яшчэ 9 месяцаў. Агулам ён адбываў пакараньне тэрмінам у 6 гадоў 3 месяцы.

Яшчэ ў 2022 годзе КДБ унёс Сяргея Ярашэвіча ў сьпіс асобаў, нібыта датычных да «тэрарыстычнай дзейнасьці».

Пасьля другога суду Сяргея Ярашэвіча перавялі з калёніі № 11 у Ваўкавыску ў калёнію № 20 у Мазыры. Паводле праваабаронцаў «Вясны», у чэрвені Сяргей Ярашэвіч трапляў у ШЫЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла новую рэзалюцыю па Беларусі. Дзяржаву назвалі назвалі «крыніцай пагрозаў рэгіянальнай бясьпецы»«Вясна»: рэпрэсіі ў Беларусі сталі «схаванымі», штогод заводзяць каля 5 000 палітычных крымінальных справаўДакладчык ААН заявіў, што ў Беларусі больш палітычных зьняволеных на душу насельніцтва, чым у любой іншай краіне сьвету