Паводле дадзеных ураду Гішпаніі, мяжу прарвалі ад 50 да 60 тысяч мігрантаў. Колькасьць загінулых узрасла да 67 асобаў. Частка людзей патанула, іншыя загінулі ў тлуме падчас спробы адолець хвалярэз. Улады Сеўты паведамілі тэлеканалу Sky News пра 86 загінулых.
Прэм’ер-міністар Гішпаніі Пэдра Санчэс раскрытыкаваў рэакцыю асобных лідараў краінаў Эўрапейскага Зьвязу на падзеі ў Сеўце. Паводле ягоных словаў, заклікі выключыць Гішпанію з Шэнгенскай зоны абумоўленыя перадузятасьцю, фэйкавымі навінамі, невуцтвам альбо палітычнымі інтарэсамі.
У суботу некалькіх мігрантаў, якія даплылі да пляжу Тарахаль у Сеўце, затрымалі іспанскія вайскоўцы і супрадзілі назад да мараканскай мяжы. У Міністэрстве ўнутраных справаў Гішпаніі заявілі, што большасьць людзей, якія незаконна трапілі на тэрыторыю анкляву, ужо вярнуліся ў Марока.
«Мы дзейнічаем безкампрамісна ў дачыненьні да тых, хто парушае закон», – заявіў міністар унутраных справаў Гішпаніі Фернанда Грандэ-Марласка падчас візыту ў Сеўту.
Камэнтуючы прычыны маштабнага прарыву нягледзячы на ўзмоцненую ахову мяжы, міністар падкрэсьліў, што сытуацыя патрабуе супольнага аналізу Гішпаніі і Марока. Разам з тым ён падкрэсьліў, што менавіта супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі дазволіла ўзяць сытуацыю пад кантроль на працягу 24 гадзінаў.
Сеўта і Мэлілья, яшчэ адзін гішпанскі аўтаномны горад на поўначы Марока, маюць адзіныя сухапутныя мяжы Эўрапейскага Зьвязу з Афрыкай. Гэтыя два гарады, у кожным з якіх пражывае каля 85 000 асобаў, пэрыядычна сутыкаюцца з рэзкім узростам спробаў перасячэньня мяжы мігрантамі, якія імкнуцца дабрацца да Эўропы, але маштабы чацьвярговага здарэньня мелі мала прэцэдэнтаў.