FIFA пасьля крытыкі UEFA адмовілася ад плянаў прадаць частку правоў на пяршынствы прыватным інвэстарам

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футболу (FIFA) Джаньні Інфантына. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі футболу (FIFA) Джаньні Інфантына адмовіўся ад плянаў продажу 20% акцый даччынай кампаніі, якая будзе праводзіць усе спаборніцтвы, што праходзяць пад эгідай FIFA, у тым ліку чэмпіянат сьвету па футболе.

Як паведаміла агенцтва Reuters, гэта адбылося пасьля таго, як Эўрапейскі зьвяз футбольных асацыяцыяў (UEFA) на тэрміновым паседжаньні 30 ліпеня пастанавіў байкатаваць спаборніцтвы ў выпадку продажу часткі правоў прыватным інвэстарам, сярод якіх — інвэстыцыйная фірма Thrive Capital, заснаваная Джошуа Кушнэрам, родным братам зяця прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэда Кушнэра.

Што папярэднічала

28 ліпеня FIFA заявіла аб намеры стварыць даччыную кампанію коштам 20 мільярдаў даляраў для правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе і іншых спаборніцтваў, арганізаваных глябальнай футбольнай арганізацыяй, і сабраць 4,2 мільярда даляраў на ганарары зборным камандам у выніку продажу 20 % акцый прыватным інвэстарам.

У адказ Эўрапейскі зьвяз футбольных асацыяцыяў (UEFA) сабраў тэрміновае пасяджэньне і пастанавіў байкатаваць спаборніцтвы пад эгідай FIFA, у тым ліку чэмпіянаты сьвету. Гэтую заяву падтрымалі ўсе 55 нацыянальных футбольных асацыяцыяў Эўропы.

Пазьней супраць гэтай прапановы Інфантына выступіла і Concacaf — Канфэдэрацыя футболу Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскіх астравоў, але зрабіла гэта ў мякчэйшых фармуляваньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Скандал ва ўсясьветным футболе: UEFA выступіла супраць ініцыятываў FIFA