Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал ва ўсясьветным футболе: UEFA выступіла супраць ініцыятываў FIFA

Ілюстрацыйны каляж з лягатыпамі UEFA і FIFA
Ілюстрацыйны каляж з лягатыпамі UEFA і FIFA

Адбылоася тэрміновае паседжаньне UEFA.

Эўрапейскі зьвяз футбольных асацыяцыяў (UEFA) на тэрміновым паседжаньні 30 ліпеня пастанавіў байкатаваць спаборніцтвы пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі футболу (FIFA) на чале з Джаньні Інфантына, у тым ліку чэмпіянаты сьвету, калі FIFA не адмовіцца ад плянаў прадаць частку правоў на пяршынствы прыватным інвэстарам, у тым ліку брату зяця Дональда Трампа.

Як адзначаецца ў заяве UEFA, апублікаванай на старонцы арганізацыі ў сацыяльнай сетцы Х, гэтае рашэньне падтрымалі ўсе 55 нацыянальных футбольных асацыяцыяў Эўропы.

Пазьней супраць гэтай прапановы Інфантына выступіла і Concacaf — Канфэдэрацыя футболу Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскіх астравоў, але зрабіла гэта ў мякчэйшых фармуляваньнях.

Калі сапраўды дойдзе да байкоту, то, згодна з ухваленым рашэньнем, эўрапейскія зборныя будуць байкатаваць і мужчынскі, і жаночы чэмпіянаты сьвету, а таксама клюбны чэмпіянат сьвету.

На гэтым тыдні FIFA на чале з Інфантына абнародавала плян прыцягненьня прыватных інвэстараў да фінансаваньня турніраў усіх узроўняў і накіравала ўсім 211 нацыянальным футбольным фэдэрацыям ліст, у якім патрабавала да 19 верасьня адрэагаваць на гэтую прапанову.

Як запэўніла FIFA, прыход інвэстараў забясьпечыць кожнай нацыянальнай фэдэрацыі дадатковае фінансаваньне ў 40 мільёнаў даляраў.

Крытыкі гэтых плянаў абвінавачваюць Інфантына ў спробе ўзбагаціць сябе і сваіх набліжаных і даць зарабіць сваім уплывовым сябрам.

Мяркуецца, што прыцягненьнем інвэстараў у новай схеме будзе займацца інвэстыцыйная фірма Thrive Capital, заснаваная Джошуа Кушнэрам, родным братам зяця прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэда Кушнэра.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG