Чаму для адных героямі сталі нарвэскія футбалісты, іншыя падтрымліваюць Гішпанію ці Аргентыну, і як спорт ператвараецца ў адлюстраваньне палітычных, культурных і нацыянальных уяўленьняў? Пра гэта ў ПіКу Свабоды размаўляем з аглядальнікам Віталём Цыганковым.
— Віталь, вы шмат гадоў аналізуеце спорт — ня толькі з пункту гледжаньня палітыкі і грамадзкага жыцьця, але і ўласна спартыўных спаборніцтваў. У гэтыя выходныя вызначыцца чэмпіён сьвету па футболе. Вельмі шмат беларусаў сочаць за чэмпіянатам, заўзеюць за розныя каманды. Які ваш прагноз на фінал?
— Калі ўжо гаварыць у грамадзка-палітычным аспэкце, я нядаўна рыхтаваў адзін камэнтар і ўспомніў цытату Джорджа Оруэла: «Спорт — гэта тая ж вайна, толькі бязь сьмерцяў». Гэта праява чалавечага жаданьня перамагаць, быць першым. А калі казаць больш жорстка — жаданьня перамагчы іншага, каб ён апынуўся пераможаным. Але добра, што спорт дае людзям магчымасьць рэалізаваць гэтыя эмоцыі на арэнах, а не на полі бою. Усе гэтыя страсьці вакол спорту, асабліва падчас футбольных турніраў, — гэта мірная форма такой «вайны», калі людзі змагаюцца за гонар сваёй краіны. Вось, напрыклад, аргентынцы вынесьлі банэр пра тое, што Фалклендзкія (Мальвінскія) астравы астравы належаць Аргентыне. Англічане з гэтай нагоды іранізавалі: значная частка аргентынскіх футбалістаў, акрамя Мэсі, гуляе ў Англіі, атрымлівае там заробкі і плаціць падаткі брытанскай дзяржаве. А пры гэтым на футбольным полі зноў уздымаецца пытаньне гістарычных тэрытарыяльных спрэчак. Але для аргентынцаў перамога над Англіяй — гэта сапраўды важны сымбаль. Калі ж казаць выключна пра футбол, мне здаецца, што Аргентына ўжо атрымала вялікую долю гераізму і эмоцый. Мне цяжка паверыць, што ёй яшчэ раз так пашанцуе супраць вельмі арганізаванай і амаль ідэальнай зборнай Гішпаніі, якая прапусьціла ўсяго адзін гол.
Мой прагноз — Гішпанія стане чэмпіёнам. Ёсьць такая заканамернасьць: у сучасным футболе вельмі рэдка каманды выйграюць два чэмпіянаты сьвету запар. Аргентына — дзейны чэмпіён, а апошнім часам мы бачылі, як Францыя выходзіла ў фінал, але не змагла паўтарыць свой посьпех. Таму я б сказаў — 70 на 30 на карысьць Гішпаніі.
— Я чытаю ваш Facebook, вы шмат рэагуеце на тое, як беларусы глядзяць і камэнтуюць гэты чэмпіянат. Якія вашы назіраньні? Чаму, напрыклад, для кагосьці героямі сталі нарвэскія футбалісты? З якой меркай розныя беларусы глядзяць футбол?
— Усе розныя, усе глядзяць па-свойму. Я, напрыклад, стараюся аддзяляць свае культурныя ці геапалітычныя сымпатыі ад самога футбола. Але многія людзі выбіраюць каманду не толькі па гульні. Хтосьці заўзее за Італію, бо яму падабаецца італьянская культура і кухня. Хтосьці за Нарвэгію — бо гэта краіна фіёрдаў. Хтосьці за Ірляндыю — з прычыны яе гісторыі змаганьня супраць Брытанскай імпэрыі. Хтосьці падтрымлівае Харватыю, бо гэта славянская краіна. Хтосьці любіць афрыканскія зборныя. Гэта не заўсёды футбольныя матывы. Я сам перад кожным чэмпіянатам ня ведаю, хто стане маёй галоўнай сымпатыяй. Гляджу на гульню і ўжо потым выбіраю.
Нарвэжцы сапраўды многім спадабаліся. Тут спрацаваў іх імідж: невялікая краіна, без імпэрскага мінулага, з уласнай культурай. Некаторым падабаецца, што гэта зборная, якая будуецца на сваіх рэсурсах, а не на гульцах з розных кантынэнтаў, як многія сучасныя эўрапейскія каманды. Плюс добразычлівы вобраз Эрлінга Холанда.
Камусьці, наадварот, падабаюцца гішпанцы — іх вельмі інтэлектуальны футбол. У іх няма адной суперзоркі, але ёсьць вялікая колькасьць моцных гульцоў на розных пазыцыях. Яны паказваюць, магчыма, самы калектыўны футбол на гэтым турніры. А калі казаць пра асобнага чалавека, то мяне проста ўражвае Мэсі. Гэта нешта неверагоднае — тое, што ён робіць у сваім узросьце. Ёсьць розныя статыстычныя табліцы: хто больш зрабіў перадач, стварыў момантаў, выканаў абводак, забіў галоў. У большасьці гэтых паказчыкаў у розных камандах ёсьць свае лідары. А ў Аргентыне амаль у кожным радку — Мэсі. Ён адзіны чалавек, які зьяўляецца лідэрам практычна ва ўсім. Гэта нейкая містыка. Мы, магчыма, ніколі ня бачылі ў гісторыі футбола, каб чалавек у такім узросьце заставаўся адным з найлепшых сярод сотняў футбалістаў найвышэйшага ўзроўню.
Форум