Італія прыпыніла дзеяньне Шэнгенскага пагадненьня з Гішпаніяй пасьля наплыву мігрантаў у Сэуту

Мараканскія мігранты ў Сэуце

Анкляў Гішпаніі на поўначы Марока стаўся гарачым пунктам, куды прарваліся ўжо дзясяткі тысяч мараканскіх мігрантаў.

Пра прыпыненьне дзеяньня Шэнгенскага пагадненьня Італіі з Гішпаніяй заявіў міністар замежных спраў Італіі Антоніё Таяні.

«Часовае прыпыненьне Шэнгенскага пагадненьня з Гішпаніяй — вымушаная пастанова дзеля абароны бясьпекі нашых грамадзян і абароны межаў Эўропы», — напісаў Таяні на X.

Міністэрства ўнутраных спраў Італіі пацьвердзіла AFP, што Італія закрыла для Гішпаніі свае марскія і паветраныя пункты ўезду, але папярэдзіла, што гэта не паўплывае на паездкі гішпанскіх і грамадзян Эўразьвязу ў Італію.

Прэс-сакратар таксама заявіў, што пасьля перамоваў з Францыяй абедзьве краіны ўзмоцняць кантроль на наземных межах, які ўжо існуе.

30 ліпеня пасьля першых вестак пра пранікненьне буйных групаў мараканскіх мігрантаў з парушэньнем мяжы ў Сэуту прэм’ер-міністарка Італіі Джорджыя Мэлёні заклікала да прыпыненьня ўдзелу Гішпаніі ў Шэнгенскай зоне, назваўшы выявы з Сеўты, на якіх відаць тысячы мігрантаў, «шакавальнымі».

Антоніё Таяні заявіў, што часовая мера па прыпыненьні Шэнгенскага пагадненьня — зоны падарожжаў бязь межаў, у якой скасаваны кантроль для падарожнікаў — «прадугледжаная дамовамі і сёньня стала непазьбежнай».

Ён назваў міграцыйны крызіс у Сэуце «супольнай адказнасьцю» ўнутры блёку і заявіў, што краіны Эўразьвязу павінны «працаваць разам, каб прадухіліць некантраляваныя патокі мігрантаў на тэрыторыю ЭЗ…»

Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што праверкі на паветраных і марскіх межах з Гішпаніяй будуць «дамэтнымі» і тычацца толькі грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, і тых мігрантаў, якія прыбываюць з тэрыторыі Гішпаніі.

Паводле паведамленьня Міністэрства ўнутраных спраў Італіі, гэтыя захады будуць дзейнічаць на працягу аднаго месяца, пачынаючы з суботы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзясяткі тысяч мігрантаў прарваліся ў гішпанскі анкляў на тэрыторыі Афрыкі. ФОТА

Мігранцкі крызіс у Сэўце

Сэўта, хоць аддзеленая ад Гішпаніі морам, — сувэрэнная тэрыторыя гэтай краіны і, такім чынам, тэрыторыя Шэнгенскай зоны. На практыцы пры ўезьдзе з Сэўты ў мацерыковую Гішпанію правяраюць дакумэнты, гэта значыць бесьперашкодна на эўрапейскі кантынэнт мігранты з Сэўты трапіць ня могуць.

У ноч на 31 ліпеня свабодны прыток людзей у анкляў, паводле зьвестак гішпанскіх уладаў, працягваўся.

Цяпер МУС Гішпаніі ацэньвае колькасьць тых, хто прабраўся ў анкляў Сэўту, у 49 тысяч чалавек. Людзі надалей прыбываюць.

Прыходзяць паведамленьні аб беспарадках у горадзе, насельніцтва якога складае каля 80 тысяч чалавек.

Мадрыд нядаўна абʼявіў аб магчымасьці легалізацыі каля 500 тысяч мігрантаў, якія раней прыбылі ў краіну нелегальна. На думку крытыкаў уладаў гэта, а таксама нядаўняе рашэньне Вярхоўнага суду аб немагчымасьці неадкладнай дэпартацыі мігрантаў, якія прыбылі морам, спрыяла «прарыву» мігрантаў у Сэўту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва знайшла на мяжы зь Беларусьсю яшчэ адзін няскончаны тунэль для мігрантаў