МУС замітусілася. Як Лукашэнка перакройвае сілавую вэртыкаль

Пасьля крытыкі Лукашэнкі міліцэйскі міністар Іван Кубракоў апынуўся ў няпростай сытуацыі

Сьцісла

  • Апошнімі днямі ствараецца ўражаньне, што міліцыі стала вельмі шмат у інфармацыйнай прасторы.
  • Гэта стала рэакцыяй на крытыку з боку Лукашэнкі.
  • Ад месца ў сыстэме сілавых органаў, адміністрацыйнай вагі залежыць бюджэт МУС, іншыя даброты.
  • Лукашэнка сьвядома мяняе ролю, адміністрацыйную вагу сілавых ведамстваў у межах існага рэжыму.
Зважаючы на крытыку з боку Лукашэнкі, міліцэйскае кіраўніцтва замітусілася. Ведамства змагаецца за ўмацаваньне ці хоць бы захаваньне свайго статусу. Бо Лукашэнка штучна стварае канкурэнцыю, узвышаючы ці паніжаючы тую ці іншую сілавую структуру і яе кіраўніка.

МУС актыўнічае

У Горадні, Лідзе і Вялікай Бераставіцы 29–30 ліпеня прайшлі комплексныя камандна-штабныя вучэньні для праверкі гатовасьці падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных справаў да дзеяньняў «у асаблівых умовах». Трэніроўкі адбываюцца не на палігонах, як раней, а стрэлы і выбухі гучаць наўпрост у гарадах.

Сёлета такія вучэньні ўжо прайшлі ў Віцебскай, Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях. Улады не хаваюць, што супрацоўнікі МУС трэніруюцца для спыненьня «масавых беспарадкаў».

З нагоды вучэньняў Горадзеншчыну наведаў міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. Прэсавая служба МУС паведаміла, што ён даручыў сваім падначаленым сачыць за настроямі на прадпрыемствах і за зьместам групавых чатаў. Хоць, здавалася б, кантроль за грамадзка-палітычнай атмасфэрай у працоўных калектывах ці чатах не зьяўляецца функцыяй міліцыі. Гэтую задачу выконваюць іншыя спэцыяльныя службы.

Адначасова прыйшло паведамленьне, што міліцыя затрымала каля 300 турыстаў каля возера пад Расонамі. Паводле інфармацыі МУС, у дачыненьні гэтых людзей распачалі адміністрацыйны працэс паводле артыкула 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцаў дэпартуюць, «арганізатары» пад пытаньнем. Што вядома пра масавае затрыманьне ўдзельнікаў «вясёлкавага» фэстывалю

Апошнімі днямі ствараецца ўражаньне, што міліцыі стала вельмі шмат у інфармацыйнай прасторы. Кіраўніцтва МУС неяк моцна замітусілася.

Чорная метка

Верагодна, такая актыўнасьць МУС стала рэакцыяй на крытыку Аляксандра Лукашэнкі, што прагучала падчас сэлектарнай нарады 21 ліпеня. Абураючыся крадзяжом паліва падчас уборачнай кампаніі, ён заявіў: «Асабліва абурае, што некаторыя супрацоўнікі (гэта не толькі міліцыі тычыцца) праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі несунамі, уваходзяць з імі ў долю і „крышуюць“, як у 90-я… Я гэта разглядаю як сабатаж з боку міліцыі даручэньняў прэзыдэнта. Я разьлічваў на міліцыю, што яны будуць спыняць любыя спробы крадзяжу, але яны самі схільныя да гэтага недахопу».

Таксама Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Рады бясьпекі Аляксандру Вальфовічу «вельмі жорсткім чынам» разабрацца і пакараць міліцыянтаў, якія правініліся.

Словы на адрас Кубракова, што «гэтая гутарка ў нас апошняя», можна разглядаць як чорную метку

Заява Лукашэнкі выглядала пагрозьлівай. Словы на адрас Кубракова, што «гэтая гутарка ў нас апошняя», можна разглядаць як чорную метку. Прычым, разабрацца з нядобрасумленнымі супрацоўнікамі было даручана не самому міністру, а дзяржсакратару Рады бясьпекі. Гэта можа сьведчыць пра недавер Кубракову.

Ня дзіўна, што кіраўнік МУС замітусіўся. У той жа дзень Кубракоў правёў сваю ведамасную сэлектарную нараду. Паводле яго слоў, правініліся два ўчастковыя інспэктары, якія ўжо звольненыя з органаў. Кубракоў даручыў органам МУС дапамагаць аграрыям і, калі патрабуецца, перавесьці ўчастковых на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы. Потым прайшлі вучэньні на Горадзеншчыне, якія асабіста наведаў Кубракоў, адбылося затрыманьне турыстаў пад Расонамі і іншы інфармацыйны шум.

МУС на чале зь міністрам змагаецца за ўмацаваньне ці хоць бы захаваньне свайго статусу. Ад месца ў сыстэме сілавых органаў і адміністрацыйнай вагі залежыць бюджэт ведамства, іншыя выгоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кубракоў даручыў сваім структурам адсочваць настроі людзей на прадпрыемствах

Штучная канкурэнцыя і пошук балянсу

Лукашэнка гадамі штучна стварае канкурэнцыю, узвышаючы ці паніжаючы тую ці іншую сілавую структуру і яе кіраўніка. Каб быў балянс і ніякі з органаў не набраў моц, бо гэта магло б пагражаць аднаасобнай уладзе самога аўтакрата.

Напрыклад, пэўны час таму вялікі ўплыў набыла Генэральная пракуратура на чале з Андрэем Шведам. Гэтае ведамства рэгулявала маштаб палітычных рэпрэсій, яму даручалі праверку іншых сілавых структур. Пракуратура ўплывала на ідэалёгію, адукацыю, нават гісторыю. Пад яе рэдакцыяй выйшаў школьны падручнік пра «генацыд беларускага народу» падчас Другой сусьветнай вайны. Швед узначальваў сумна знакамітую камісію па вяртаньні палітычных эмігрантаў. Аднак у сьнежні яго вызвалілі ад пасады генпракурора і прызначылі старшынём Вярхоўнага суду. І ягоная адміністратыўная вага, як і самой Генпракуратуры, раптам упала. Шведа цяпер ня бачна.

Ці вось такі адыёзны пэрсанаж, як намесьнік міністра МУС, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Памятаеце, як ён актыўна піярыў сваю дзейнасьць па стварэньні ваенна-патрыятычных клюбаў, насіўся з «вагнэраўцамі», якіх залічыў ва ўнутраныя войскі, фактычна не вылазіў з інфармацыйнага экрану? А пасьля быў вокрык Лукашэнкі, якому не спадабалася празьмерная самарэкляма генэрала. І дзе цяпер Карпянкоў? Моцна не высоўваецца.

Аляксандар Вальфовіч

Узвышэньне Дзяржсакратарыяту Рады бясьпекі

Здаецца, падобная гісторыя адбываецца з старшынём КДБ Іванам Тэртэлем. Пасьля 2020 году камітэт стаў усемагутным ведамствам. Ён займаўся ня толькі перасьледам палітычных праціўнікаў рэжыму, барацьбой з карупцыяй, кантролем за намэнклятурай. КДБ стаў удзельнічаць у замежнай палітыцы. Тэртэль прысутнічаў на перамовах Лукашэнкі з спэцпрадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам. Афіцыйна паведамлялася, што старшыня КДБ вёў перамовы з польскімі спэцслужбамі па пытаньню ўзаемаадносін Беларусі і Польшчы. Кіраўнік КДБ публічна камэнтаваў тэму дачыненьняў афіцыйнага Менску з Захадам.

А вось цяпер, здаецца, зорны час КДБ набліжаецца да канца. 23 ліпеня падчас разгляду кадравых пытаньняў Лукашэнка заявіў: «Мы крыху Камітэт дзяржбясьпекі перафарматуем у пляне ўзмацненьня Дзяржсакратарыяту і ўзьдзеяньня, уплыву на КДБ». Гэта супала з тым, што Тэртэль стаў менш зьяўляцца на інфармацыйным экране.

Адначасова, падобна, на палітычным небасхіле загараецца зорка дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Аляксандра Вольфавіча. Падчас кадравых прызначэньняў 23 ліпеня Лукашэнка канстатаваў: «Я хачу, каб вы разумелі, што роля дзяржаўнага сакратара і Дзяржсакратарыяту будзе ўзмоцнена». Зьвяртаючыся да Вальфовіча, ён адзначыў: «Як дзяржсакратара твая роля будзе ўзмоцнена зь сёньняшняга дня». Нагадаю, што менавіта Вальфовічу даручана разабрацца з правапарушэньнямі ў МУС.

Але на ўладным небасхіле Беларусі зоркі як загараюцца, так і згасаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Самая закрытая, самая ўплывовая, самая нечаканая. Расказваем пра дасьледаваньне, прысьвечанае спэцслужбам Беларусі