Цяляты ў тачцы, пакатушкі на роварах і краявіды Віцебшчыны. Як узбэцкія рабочыя абжываюцца ў Беларусі

Скрыншот з відэа узбэцкага работніка, прысьвечанага працоўным будням у Беларусі. Instagram.com

Першая партыя рабочых з Узбэкістану прыляцела ў Віцебск 13 ліпеня. Амаль адразу яны выказалі незадаволенасьць прапанаванымі ўмовамі, але ў рэшце рэшт засталіся працаваць. Паглядзелі, што яны самі расказваюць пра свой побыт у Беларусі ў сацыяльных сетках

Першы чартэрны рэйс з Узбэкістану прызямліўся ў аэрапорце Віцебску 13 ліпеня, усяго праз чатыры дні пасьля падпісаньня дамовы аб арганізаваным наборы рабочых з гэтай краіны для працы ў Беларусі. Па дзяржаўных СМІ разышліся ўрачыстыя кадры сустрэчы — каля 250 чалавек у аднолькавай блакітнай уніформе з пазытыўным настроем рыхтаваліся працаваць на прадпрыемствах Віцебшчыны — самага беднага і праблемнага рэгіёну Беларусі.

Скандал грымнуў ужо празь дзень, калі ў сацыяльных сетках зьявілася відэа з прэтэнзіямі на адрас беларускага боку, якое запісалі ўзбэкі. Там гаварылася, што ім прапанавалі заробак усяго 500 даляраў на рукі, прычым з гэтай сумы яшчэ трэба было аплаціць жыльлё і харчаваньне. Яшчэ празь дзень шум суцішыўся, узбэкам нібыта знайшлі лепшыя ўмовы — каля 700 даляраў на рукі «чыстымі» плюс харчаваньне і жытло за кошт працадаўцы.

Рабочыя мігранты з Узбэкістану ў Беларусі

У выніку пакуль ва Ўзбэкістан зь першай партыі афіцыйна вярнуўся толькі адзін чалавек. Дзе дакладна працуюць і жывуць рабочыя з Узбэкістану, афіцыйныя СМІ не паведамлялі. 28 ліпеня Лукашэнка ўскосна панаракаў на абурэньне грамадзян Узбэкістану нізкімі беларускімі заробкамі і заявіў, што грошы ў гэтай справе не галоўнае.

Пра новыя чартэры з узбэцкімі рабочымі ў Віцебск ці Магілёў пакуль не чуваць. Агулам улады абедзьвюх краін гаварылі пра 1000 чалавек для пачатку і 5000 у пэрспэктыве. Тым часам некаторыя ўзбэкі зь першай партыі, якія вырашылі застацца працаваць у Беларусі, расказваюць пра свае прыгоды ў сацсетках. Прынамсі некалькі такіх блогаў можна знайсьці ў Instagram.

Скрыншот зь відэа, у якім узбэцкія работнікі паказваюць землякам сваю беларускую працу

З апублікаваных відэа вынікае, што грамадзяне Ўзбэкістану зь першай партыі працуюць у Глыбокім у галіне сельскай гаспадаркі. На відэа, некаторыя зь якіх ужо маюць па тысячы падабаек, дзясяткі камэнтароў і дыскусіяў, можна пабачыць звычайныя для беларускай сельскай гаспадаркі сцэнкі — кароўнікі, цялятнікі й сельскія краявіды.

Скрыншот зь відэа, зробленага узбэцкім работнікам на новым месцы жыхарства

Некаторыя рэаліі беларускай сельскай гаспадаркі выклікаюць ва ўзбэкаў асаблівую цікавасьць. Напрыклад, у адным з апублікаваных ролікаў двое рабочых з Узбэкістану актыўна абмяркоўваюць памаранчавыя сьпяцоўкі, якія ім, падобна, выдалі для працы.

«Гэта што, маць яго, адзеньне для малазабяспечаных? — гучыць за кадрам. — Дайце нармальнае, я сам заплачу. Неяк не па мне такое адзеньне».

Пост з абмеркаваньнем атрыманага ў Беларусі спецадзеньня

Як патлумачылі калегі з Узбэцкай службы Радыё Свабода, гэтае відэа агучылі выказваньнем-мэмам з роліку папулярнага ва Ўзбэкістане коміка.

Набіраюць лайкі і відэа, на якіх узбэкі дабіраюцца да працы ў Глыбокім на роварах, а таксама дапамагаюць даіць ня самых чыстых беларускіх кароваў. А пасьля возяць цялятаў на тачках і дэманструюць сваё працоўнае месца.

«Добры дзень, вось я і дабраўся да месца сваёй будучай працы, — расказвае аўтар такога відэа. — Менавіта адсюль усіх разьмяркоўваюць на працу. Вось у гэтым будынку ўсё вырашаюць. Вось гэты УАЗік нас адвозіць і прывозіць на працу. Вось гэта нешта накшталт сіласу — мне трэба гэта пералапаціць. Вось тут пад павецьцю і будзем працаваць. Вось гэты мех тут увесь час — так і хочацца сесьці на яго. Старэйшыя так і гавораць — „Нельга адразу працаваць! Трэба крыху паназіраць за тым, што вакол адбываецца“».

Можна пабачыць на апублікаваных узбэцкімі рабочымі роліках і жыльлё, якое ім далі ў Беларусі. На адным з такіх ролікаў бачны мураваны дом у вёсцы, бяз плоту і дагледжанага ўчастку.

Дом, у якім пасялілі на Віцебшчыне работнікаў з Узбэкістану

«Добры дзень усім, — расказвае аўтар такога відэа за кадрам. — Вось гэта нашае месца жыхарства. Дзякуй богу, дакумэнты гатовыя, засталося толькі прайсьці мэдычны агляд. Пасьля пачнем працу».

Запісаныя ў Беларусі ўзбэцкімі рабочымі відэа актыўна абмяркоўваюцца. Пад некаторымі зь іх ужо каля сотні камэнтароў. Выказваньні камэнтатараў — пераважна пра заробак у 500 даляраў у эквіваленце, прапанаваны рабочым пасьля прыезду ў Беларусь. Некаторыя просяць землякоў паказваць больш відэа і расказваць там, якія насамрэч умовы ім прапанавалі і колькі заплацілі. Іншыя выказваюцца аб працаўладкаваньні ў Беларусі крытычна або проста посьцяць мэмы са зьдзіўленьнем.

Апублікаваныя узбэцкімі работнікамі відэа зь Беларусі актыўна абмяркоўваюцца

На пачатак 2026 году ў Беларусі афіцыйна было каля 170 тысяч вольных працоўных месцаў. Найбольшы кадравы голад зараз у прамысловасьці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы. Урад распрацаваў адмысловую праграму пад назвай «Збалянсаваны рынак працы». Паводле яе, да 2030 году ў краіну плянуюць запрасіць каля 50 тысяч замежных рабочых.