Забарону на ўдзел Беларусі ў міжнародных хакейных турнірах падоўжылі, нягледзячы на рэкамэндацыі МАК

Беларускія хакеісты. Архіўнае фота

Міжнародная фэдэрацыя хакею (IIHF) ухваліла рашэньне і надалей не дапускаць зборныя Беларусі і Расеі да ўдзелу ў турнірах, у тым ліку ў мужчынскім чэмпіянаце сьвету 2027 году і моладзевым чэмпіянаце сьвету 2027 году.

Расея і Беларусь застануцца выключанымі з бальшыні буйных міжнародных хакейных турніраў у наступным сэзоне, заявіла ў чацьвер IIHF, спасылаючыся на «пастаянныя праблемы бясьпекі і спартыўнай сумленнасьці», паведамляе Reuters.

Гэтае рашэньне азначае, што расейскія і беларускія каманды ня будуць удзельнічаць у падзеях IIHF у сэзоне 2026–2027 гадоў, у тым ліку ў чэмпіянаце сьвету сярод мужчын, чэмпіянаце сьвету сярод юніёраў і чэмпіянаце сьвету сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў.

Беларусь таксама засталася за бортам хакейных турніраў, хоць IIHF раней выказвалася аб плянах рэінтэграваць краіну ў некаторыя спаборніцтвы ніжэйшага ўзроўню, у тым ліку ў спаборніцтвы сярод мужчын і жанчын да 18 гадоў і чэмпіянат сьвету сярод жанчын у IV дывізіёне.

Расейская фэдэрацыя хакею ў заяве на сваім сайце паведаміла, што абскардзіць гэтае рашэньне ў Спартовым арбітражным судзе (CAS). Яна заявіла, што «не прымае і не разумее недальнабачнай пазыцыі IIHF, якая ігнаруе рэкамэндацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і супярэчыць ідэі спорту, пакліканага аб’ядноўваць людзей ува ўсім сьвеце».

Рэакцыі Фэдэрацыі хакею Беларусі пакуль няма.

Расея і Беларусь былі выключаныя з спаборніцтваў IIHF пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну ў лютым 2022 году. Беларусь пакаралі за падтрымку ваенных дзеяньняў Масквы.

Расея і Беларусь таксама былі выключаныя зь сёлетніх зімовых Алімпійскіх гульняў.

Працяг адхіленьня азначае, што беларускія і расейскія гульцы, у тым ліку ўдзельнікі камандаў НХЛ, ня могуць прадстаўляць сваю краіну ў турнірах IIHF.

Насуперак пазыцыі МАК

Гэтае рашэньне кантрастуе з нядаўнім зьмякчэньнем абмежаваньняў ад Міжнароднага алімпійскага камітэту, які часова зьняў забарону ўдзельнічаць у дзейнасьці МАК алімпійскім камітэтам Беларусі і Расеі. Гэта разглядаюць як крок да паступовага іх вяртаньня ў алімпійскі рух перад Гульнямі 2028 году ў Лос-Анджэлесе.

Раней выканаўчая рада МАК не рэкамэндавала надалей уводзіць абмежаваньні на ўдзел беларускіх спартоўцаў (уключаючы каманды) у спаборніцтвах, якія рэгулююць міжнародныя фэдэрацыі і арганізатары міжнародных спартовых падзеяў.

Абмежаваньні ўводзілі 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў сувязі з поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну, якому спрыялі ўлады ў Менску. Выканаўчая рада МАК скасавала абмежаваньні 7 траўня 2026 году. Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны заявіў «катэгарычны пратэст» супраць гэтага рашэньня МАК. У НАК Украіны падкрэсьліваюць, што Беларусь надалей падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны.

Чаму МАК скасаваў санкцыі супраць беларускіх спартоўцаў

Рашэньне МАК скасаваць абмежаваньні для Беларусі вынікае зь юрыдычнага разьмежаваньня адказнасьці Масквы і Менску, а таксама з эвалюцыі пазыцыі камітэту. У 2022 годзе МАК тлумачыў адхіленьне беларусаў не як пакараньне, а як часовыя «ахоўныя меры» праз парушэньне Алімпійскага перамір’я, пагрозы байкотаў і рызыкі для бясьпекі падчас пачатку вайны.

Аднак у 2026 годзе МАК заявіў пра зьнікненьне патрэбы ў «ахове», бо досьвед мінулых спаборніцтваў паказаў, што беларускія атлеты выступаюць мірна. Спартовыя чыноўнікі падкрэсьлілі, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, адрозна ад расейскага, наўпрост не парушаў Алімпійскую хартыю і не ўключаў у свой склад арганізацыі з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Далейшую забаронуперад Алімпіядай-2028 камітэт уважаў бы за дыскрымінацыю паводле пашпарту, што дазволіла асобным міжнародным фэдэрацыям, як World Gymnastics, самастойна вярнуць беларусам права выступаць пад сваім сьцягам.

Рашэньне ад 7 траўня 2026 году тычылася выключна Беларусі, стаўленьне да Расеі прынцыпова адрозьніваецца. МАК аддзяліў Беларусь ад Расеі: зь Беларусі санкцыі зьнятыя, а для Расеі дзейнічае строгі нэўтральны статус.

Рашэньне МАК ня мае абавязковага характару, асобныя міжнародныя фэдэрацыі дапусьцілі беларусаў да сваіх турніраў, іншыя захавалі забарону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускім і расейскім гандбольным камандам дазволілі вярнуцца ў міжнародныя турніры

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускім цяжкаатлетам дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах