Скандал ва ўсясьветным футболе: UEFA выступіла супраць ініцыятываў FIFA

Ілюстрацыйны каляж з лягатыпамі UEFA і FIFA

Адбылоася тэрміновае паседжаньне UEFA.

Эўрапейскі зьвяз футбольных асацыяцыяў (UEFA) на тэрміновым паседжаньні 30 ліпеня пастанавіў байкатаваць спаборніцтвы пад эгідай Міжнароднай фэдэрацыі футболу (FIFA) на чале з Джаньні Інфантына, у тым ліку чэмпіянаты сьвету, калі FIFA не адмовіцца ад плянаў прадаць частку правоў на пяршынствы прыватным інвэстарам, у тым ліку брату зяця Дональда Трампа.

Як адзначаецца ў заяве UEFA, апублікаванай на старонцы арганізацыі ў сацыяльнай сетцы Х, гэтае рашэньне падтрымалі ўсе 55 нацыянальных футбольных асацыяцыяў Эўропы.

Пазьней супраць гэтай прапановы Інфантына выступіла і Concacaf — Канфэдэрацыя футболу Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскіх астравоў, але зрабіла гэта ў мякчэйшых фармуляваньнях.

Калі сапраўды дойдзе да байкоту, то, згодна з ухваленым рашэньнем, эўрапейскія зборныя будуць байкатаваць і мужчынскі, і жаночы чэмпіянаты сьвету, а таксама клюбны чэмпіянат сьвету.

На гэтым тыдні FIFA на чале з Інфантына абнародавала плян прыцягненьня прыватных інвэстараў да фінансаваньня турніраў усіх узроўняў і накіравала ўсім 211 нацыянальным футбольным фэдэрацыям ліст, у якім патрабавала да 19 верасьня адрэагаваць на гэтую прапанову.

Як запэўніла FIFA, прыход інвэстараў забясьпечыць кожнай нацыянальнай фэдэрацыі дадатковае фінансаваньне ў 40 мільёнаў даляраў.

Крытыкі гэтых плянаў абвінавачваюць Інфантына ў спробе ўзбагаціць сябе і сваіх набліжаных і даць зарабіць сваім уплывовым сябрам.

Мяркуецца, што прыцягненьнем інвэстараў у новай схеме будзе займацца інвэстыцыйная фірма Thrive Capital, заснаваная Джошуа Кушнэрам, родным братам зяця прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джарэда Кушнэра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Спорт — гэта вайна бязь сьмерцяў»: Цыганкоў пра Мэсі, палітыку і прагноз на фінал ЧС па футболе«Беларускі» ўзбэк за 50 мільёнаў і непрадказальны фінал. Што цікавага будзе сёлета на чэмпіянаце сьвету ў футболеУлады Ірану заявілі, што мужчынская зборная краіны ў футболе прапусьціць першынство сьвету ў ЗША