Сілавікі заявілі пра прыпыненьне «несанкцыянаванага турзьлёту» аматараў руху Rainbow Family каля возера пад Расонамі. Раней у некалькіх крыніцах зьявілася інфармацыя пра нібыта затрыманьне каля 350 чалавек у гэтым раёне, але яна доўга заставалася непацьверджанай.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, міліцыю выклікалі з прычыны «шумнага мерапрыемства з гучнай музыкай і намётавым мястэчкам».
Арганізатарамі зьезду сілавікі назвалі 23-гадовую мянчанку і 52-гадовага жыхара таго ж гораду. Іх затрымалі.
Паводле інфармацыі МУС, у дачыненьні ўдзельнікаў распачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Як стала вядома Свабодзе, фізычнага гвалту да ўдзельнікаў зьлёту не ўжывалі. Сярод турыстаў былі і грамадзяне Расеі, ім пагражаюць дэпартацыямі на радзіму.
Што гэта значыць?
Масавыя затрыманьні — не навіна для Беларусі, часта ж яны пачалі адбывацца пасьля 2020 году, калі рэжым Лукашэнкі стаў асабліва асьцерагацца масавых сустрэчаў людзей. «Накрытыя» зьлёты байкераў, канцэрты музычных гуртоў, трэнаваньні футбольных фанатаў, супольныя малітвы хрысьціянаў розных кірункаў — усё гэта і ня толькі гэта апошнім часам апыналася пад пільнай увагай АМАПу, КДБ і МУС.
Калектыўныя затрыманьні адбываліся нават у электравіку за супольнае чытаньне беларускіх кнігаў.
Перашкодай для грубых дзеяньняў сілавікоў не выступалі нават навучальныя ўстановы. Напрыклад, у 2023 годзе міліцыянты непасрэдна ў аўдыторыях і побач зь імі схапілі 15 студэнтаў Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Іх абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі і экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але добра вядома, што сілавікі і крыніцы, зьвязаныя зь імі, часта даюць ілжывую інфармацыю пра прычыны затрыманьняў, калі йдзецца пра палітычныя справы.