У BelPol назвалі імя яшчэ аднаго палоненага ва Ўкраіне беларуса. Сваякі лічылі яго зьніклым бязь зьвестак

Падчас абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўкраінскі палон трапіў грамадзянін Беларусі Сяргей Тарасаў з Бабруйску, які з 2024 году ваяваў на баку Расеі супраць Украіны.

Як паведаміў BelPol сам Сяргей Тарасаў, у Бабруйску яго чакаюць маці і малодшы брат.

«Яны ведаюць, што я бязь вестак зьнік, але ня ведаюць, што я тут (ва Ўкраіне. — РС)», — сказаў Тарасаў.

Беларус паведаміў, што падпісаў кантракт у Смаленску ў 2024 годзе і празь месяц у вучэбных лягерах трапіў стралком на фронт, у штурмавы падразьдзел. Там зь ім служылі яшчэ два ці тры беларусы.

Вайскоўцы Расейскага добраахвотніцкага батальёну (ваюе на баку Ўкраіны. — РС) узялі яго ў палон параненым.

«Падпісаў кантракт у Смаленску ў 2024 годзе, езьдзіў на працу ў Расею. Я там у кавярні працаваў кухарам, на будоўлях працаваў. [...] Сустрэў там у саўне знаёмых, адзін беларус быў з вагнэраўцаў, мы там выпівалі і мяне запрасілі», — сказаў Тарасаў.

Паводле яго, гэтыя знаёмыя ўжо ваявалі ў расейскай арміі, і ён вырашыў паехаць разам зь імі ў іхную вайсковую частку. Беларус сьцьвярджае, што атрымаў прыблізна 4 мільёны расейскіх рублёў, але яны засталіся на ягонай картцы, доступу да якой ён ужо ня мае. У Беларусі яго асудзілі за крадзеж.

Тарасаў ня змог абгрунтаваць сваю матывацыю пайсьці ваяваць, толькі адзначыў, што нарадзіўся ў СССР і дагэтуль лічыць Украіну, Беларусь і Расею адзінай краінай — Савецкім Саюзам. Сьцвярджае, што нікога не забіў.

Цяпер ён хоча трапіць у сьпісы для абмену і марыць вярнуцца дадому, хоць ведае, што яму ў Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць за наёмніцтва.

Беларус адзначыў, што цяпер бы ўжо не пагадзіўся на службу ў расейскай арміі і ўдзел у вайне.

«Вайна — гэта сьмерць. Таму чалавек ідзе туды ня проста так, ён ідзе паміраць. І гэта можа здарыцца сёньня, заўтра, у кожны момант», — сказаў Сяргей Тарасаў.

Колькі беларусаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне

Сёлета ў ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай расейскай вайны назвалі колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон.

«На ліпень 2026 году ў месцах утрыманьня ваеннапалонных ва Ўкраіне знаходзяцца 22 грамадзяніны Беларусі. Пачынаючы з 2022 году, сямёх беларусаў, якія мелі таксама і расейскае грамадзянства, абмянялі на грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў расейскім палоне», — паведаміў кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.

Да гэтага былі вядомыя прозьвішчы 17 беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. З улікам Тарасава цяпер вядомыя 18 прозьвішчаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве назвалі лік узятых у палон беларусаў і паведамілі дэталі перамоваў пра абмен Іны Кардаш

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Вярнулі, як быдла». Вызваленых з украінскага палону расейцаў адпраўляюць назад на вайну