21 ліпеня на нарадзе з нагоды ўборачнай Лукашэнка выказаўся пра крадзеж дэталяў і паліва падчас уборкі ўраджаю.
«Толькі пачалі ўборку, а МУС ужо выявіла 46 злачынстваў. Асноўныя — крадзеж дэталяў і запасных частак, хабарніцтва. На першым месцы — крадзеж паліўна-змазачных матэрыялаў», — сказаў ён.
І заявіў пра факты «крышаваньня» такіх крадзяжоў сілавікамі, бо тыя ўступаюць у долю зь непасрэднымі злачынцамі.
Пазьней кіраўнік МУС Іван Кубракоў прызнаўся, што двое ўчастковых дамовіліся з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацыяў і залівалі іхнае паліва ў свае аўтамабілі. Зь ягоных словаў, іх звольнілі.
Глядзім, каго яшчэ злавілі за крадзеж паліва і як пакаралі.
За выкраданьне саляркі — максымум хатняя «хімія»
Мэханізатар сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Капыльскім раёне скраў сёлета 2,5 тоны паліва, менавіта такі аб’ём, паводле МУС, знайшлі ў яго дома. Ён сьпісваў паліва з даверанай яму тэхнікі і зьбіраўся выкарыстоўваць у асабістых мэтах. Сілавікі завялі крымінальную справу за «прысваеньне маёмасьці, якая знаходзіцца ў вядзеньні вінаватага» (артыкул 211 Крымінальнага кодэксу). Калі гэта не паўторнае злачынства і ня ў складзе групы асобаў, то максымальнае пакараньне — да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Пакуль аб прысудзе гэтаму мэханізатару нічога не вядома.
У Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці трактарыст зьліў 250 літраў дызэльнага паліва, каб прадаць яго жыхару Менску. У мужчыны забралі назад 170 літраў, астатняе ён кампэнсаваў грашыма. Сілавікі распачалі справу за «прысваеньне». Як пакаралі трактарыста, не паведамляюць.
Сёлета ў красавіку суд Талачынскага раёну вынес вырак трактарысту за прысваеньне 450 літраў паліва. Вынік — год хатняй хіміі плюс штраф 4500 рублёў. Асуджанаму пакінулі права займаць пасады, зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю, хоць санкцыя артыкулу 211 дазваляе пазбавіць асуджанага такога права.
Летась у Баранавіцкам раёне трактарыст сельскагаспадарчай арганізацыі прыдумваў сабе «цяжкія ўмовы працы», якія ўносіў у дакумэнты падчас пасяўной, а лішкі паліва за гэтыя «цяжкія ўмовы» зьліваў у полі ў каністру знаёмаму. Агулам набегла 320 літраў. Абодвум прысудзілі 2 гады 6 месяцаў «хатняй хіміі», а трактарысту забаранілі займаць эканамічна адказныя пасады на 2 гады.
Амаль ува ўсіх падобных выпадках справу заводзяць менавіта паводле 211-га артыкулу КК. Максымальная санкцыя ў ім — 12 гадоў пазбаўленьня волі, але гэта пры ўмове паўторнага дзеяньня, учыненага групай асобаў і ў асабліва буйным памеры, калі кошт скрадзенага перавышае 11 250 рублёў. Такіх выпадкаў мы не знайшлі, самае жорсткае пакараньне ў першай частцы артыкулу — крыху больш за год «хатняй хіміі», у другой, калі злачынства зьдзейсьненае групай асобаў, — 2,5 году «хатняй хіміі». Пры такім пакараньні асуджаны знаходзіцца дома і мае пэўныя абмежаваньні. Але на практыцы да судовага разбору даходзяць далёка ня ўсе выпадкі злоўжываньняў на ўборачнай.
Уборачная кампанія ў Беларусі. Архіўнае фота
«Вельмі часта міліцыянты дамаўляюцца з кіраўніком прадпрыемства, калі зловяць некага на крадзяжах, — расказвае Свабодзе супрацоўнік беларускага сельскагаспадарчага прадпрыемства. — Не на хабар, а проста таму, што у раёне ўсе добра знаёмыя. І міліцыянты, калі даведаюцца пра крадзеж паліва ці зловяць трактарыста п’яным за стырном, то спачатку звоняць начальству і дакладваюць, а тое дырэктару прадпрыемства звоніць, і так вырашаюць паміж сабой, што рабіць. Бо іначай працаваць можа ня стаць каму. Пры жаданьні так можна ўсіх трактарыстаў пералавіць, ведаеце. Гэта нікому ня трэба. А калі ўборачная ідзе, то пагатоў. Галоўнае — намалоты і перадавікі, нічога больш ня важна».
За абразу Лукашэнкі — 4 гады, за данат — 9,5 году
Пасьля 2020 году ў Беларусі крыміналізавалі дапамогу людзям, якія трапілі пад рэпрэсіі ці знаходзяцца ў няволі. Арганізацыі, якія дапамагаюць палітзьняволеным і іхным сем’ям і ў якія можна пераказаць грошы, прызналі ці то «экстрэмісцкімі», ці то «тэрарыстычнымі». І цяпер тых, хто данаціць, караюць рэальнымі турэмнымі тэрмінамі. Людзі пры гэтым нічога ня крадуць у дзяржавы, а ахвяруюць тым, хто мае ў гэтым патрэбу, свае ўласныя сродкі.
Праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Лабковіч пералічвае тры крымінальныя артыкулы, паводле якіх судзяць за ахвяраваньні:
«Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага характару» (артыкул 361-2, ч. 1) — да 5 гадоў пазбаўленьня волі, паўторна — да 8 гадоў
«Фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці» (артыкул 290-1) — да 12 гадоў пазбаўленьня волі
«Фінансаваньне дзеяньняў грамадзян, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342-2) — да 3 гадоў пазбаўленьня волі
Уладзімер Лабковіч
Апошні артыкул фігураваў таксама ў справе самога Ўладзімера Лабковіча, якому ў сакавіку 2023 году прысудзілі 7 гадоў зьняволеньня і вывезьлі зь Беларусі за мяжу ў сьнежні 2025-га.
Праваабаронца заўважае, што цяпер улады хаваюць інфармацыю пра асуджаных за ахвяраваньні і ў іншых палітычна матываваных справах.
«Катэгорыя гэтых „злачынстваў“ цяпер у ценевай зоне, цяжка атрымліваць інфармацыю з судоў і ад адвакатаў. Асноўная крыніца — гэта людзі, якія выйшлі на волю і сустракаліся з такімі вязьнямі ў калёніі. Тым ня менш мы зафіксавалі ўжо ня менш за 159 асуджаных за данаты, і тэрміны ў іх вялікія», — расказвае Уладзімір Лабковіч.
Напрыклад, актывістку Ірыну Рашкевіч асудзілі за ахвяраваньні на 9 гадоў калёніі летась у жніўні.
У чэрвені 2023 году спартоўца Мікалая Васілевіча асудзілі за ахвяраваньні на 9,5 году зьняволеньня.
Таксама тых, хто ахвяраваў, улады прымушаюць пад пагрозай зьняволеньня сплачваць грошы ў прадзяржаўныя фонды.
«Людзей проста шантажуюць і вымагаюць „добраахвотных“ унёскаў. Улады рапартуюць, што такім чынам яны сабралі больш за 37 мільёнаў рублёў такіх, нібыта „добраахвотных“, данатаў», — кажа праваабаронца.
Камэнтары і рэпосты ў сацыяльных сетках у Беларусі таксама крыміналізаваныя, калі ідзецца пра крытыку ўлады, службовых асобаў і Лукашэнку.
«За гэта могуць прысудзіць і „хатнюю хімію“, і пазбаўленьне волі. Шмат людзей у калёніях адбываюць пакараньне з палітычных матываў менавіта за камэнтары, гэта адна з найбольшых групаў» — адзначае суразмоўца.
Напрыклад, 4 гады калёніі прысудзілі пэнсіянэрцы з Менску Ганьне Стрыжэвіч — сярод іншага, за «абразу Лукашэнкі», «паклёп на Лукашэнку» і «абразу прадстаўніка ўлады».
Агулам за «абразу» Лукашэнкі і «паклёп» на яго ў Беларусі асудзілі мінімум 1200 чалавек, 514 — на рэальныя турэмныя тэрміны.
Цяпер за «абразу Лукашэнкі» завочна судзяць беларускага музыку Сяргея Міхалка, былога фронтмэна «Ляпісаў» і Brutto. Сам Міхалок не жыве ў Беларусі.