Галоўная ўправа юстыцыі Менскага гарвыканкаму расказала, якія імёны часьцей за ўсё давалі нованароджаным менчукі ў першым паўгодзьдзі 2026 году.
Сярод дзяўчатак рэй вядуць Соф’я і Ганна — тут не адбылося зьменаў, гэтыя імёны былі распаўсюджанымі апошнія пяць гадоў.
Таксама ў лік найбольш папулярных імёнаў увайшлі Эва, Марыя і Васіліса.
У хлопчыкаў сярод першых апынуліся імёны Міхаіл, Марк, Мацьвей, Раман і Аляксандар. Тут таксама, як адзначылі ў выканкаме, усё звыклае.
Разам з тым у сталіцы Беларусі захоўваецца цікавасьць і да радзейшых імёнаў. Так, сярод дзяўчатак сустракаліся Эўфрасіньня, Ляўра, Ізабэль іДжэніфэр, а сярод хлопчыкаў — Альгерд, Сыльвэстар, Тэадор і Астап.
У той жа час некаторыя імёны, нядаўна дастаткова распаўсюджаныя, сёньня сустракаюцца значна радзей. Напрыклад, сярод жаночых да такіх імёнаў адносяцца Марына і Ілона.
А як агулам у Беларусі?
Варта адзначыць, што найбольш пашыраныя імёны ў найбольшым горадзе краіны амаль такія самыя, як і агулам у Беларусі. У чэрвені Белстат даваў статыстыку сама распаўсюджаных імёнаў ува ўсёй краіне.
Сярод неназваных у папярэднім разьдзеле мужчынскіх імёнаў у Беларусі часта сустракаецца таксама Цімафей. Жаночыя тыя самыя.
На 1 студзеня 2026 году ў Беларусі было больш за 1,716 мільёна дзяцей. Зь іх 81,4% жывуць у гарадах і толькі 18,6% у вёсцы. На 1000 хлопчыкаў у Беларусі прыпадае 951 дзяўчынка.