Сацыяльныя выплаты
Ад 1 жніўня 2026 году ў Беларусі на 4,1% павялічыцца памер бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ). Ён складзе 530,37 рубля, а цяпер яго памер 509,62 рубля.
Адпаведна зьменіцца сума шэрагу сацыяльных выплатаў, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Новыя памеры сацыяльных выплатаў будуць дзейнічаць да 31 кастрычніка.
Дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, вырасьце на 4,1%. Ад жніўня аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэньнем першага дзіцяці складзе 5303,7 рубля, другога і наступных — 7425,18 рубля.
Дапамога на дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў цяпер будзе 265,19 рубля ў месяц.
Семʼі асобных катэгорыяў, якія штомесяц атрымліваюць выплаты на дзяцей, старэйшых за тры гады, цяпер атрымаюць 265,19 рубля дапамогі, а на дзіця з інваліднасьцю — 371,26 рубля.
Павялічацца даплаты да пэнсіяў для людзей, старэйшых за 75 гадоў. Пэнсіянэрам ва ўзросьце ад 75 да 79 гадоў (а такіх каля 570 тысяч чалавек) будуць даплачваць 99,44 рубля ў месяц, а пры інваліднасьці I групы — 232,03 рубля. Людзі ва ўзросьце 80 гадоў і старэйшыя з улікам надбаўкі на догляд будуць атрымліваць 198,89 рубля, а пры інваліднасьці I групы — 265,18 рубля.
Таксама зьменіцца памер штомесячнай дапамогі для тых, хто даглядае чалавека, старэйшага за 80 гадоў, або чалавека з інваліднасьцю I групы.
Пры доглядзе аднаго чалавека будуць выплачваць 530,37 рубля, а пры доглядзе двух і больш — 636,44 рубля.
У сувязі з ростам БПМ з 1 жніўня павялічацца аднаразовыя выплаты шматдзетным сем’ям на падрыхтоўку дзяцей да школы. Такія выплаты прадугледжаныя семʼям, дзе трое і больш дзяцей да 18 гадоў, даход сямʼі пры гэтым ня ўлічваецца.
На кожнае дзіця-школьніка выплацяць 30% ад бюджэту пражытковага мінімуму, які будзе дзейнічаць на 1 жніўня 2026 году. Зьвяртацца трэба ў органы сацыяльнай абароны ў месцы жыхарства, у Менску і некаторых раёнах Берасьцейскай, Віцебскай і Горадзенскай вобласьцяў — у месцы вучобы дзіцяці.
Зьмены ў працы банкаў
Паводле выданьня banki24.by , жнівень прынясе ў фінансавую дзейнасьць банкаў зьмены, не заўсёды прыемныя для кліентаў.
Белаграпрамбанк паінфармаваў, што з 1 жніўня ўводзіцца ліміт у памеры 600 BYN у дзень на пераводы з карткак гэтага банку на карткі банкаў Казахстану, Кыргызстану, Армэніі, Таджыкістану, Грузіі, Турэччыны, Узбэкістану.
МТБанк паведаміў, што з 6 жніўня ў онлайн-абменьніку NEMBO мяняецца парадак правядзеньня валютна-абменных апэрацыяў. У NEMBO будуць даступныя толькі апэрацыі з гатоўкай (фармат «каса — каса»).
Тэхнабанк анансаваў, што прыём праз касу наяўных расейскіх рублёў ад фізычнай асобы для залічэньня на бягучы (разьліковы) рахунак у банку абыдзецца ў 15%. Для дамоваў, заключаных да 8 ліпеня, тарыф будзе дзейнічаць з 7 жніўня.
Прыёрбанк з 7 жніўня зьнізіць кошт міжнародных пераводаў у Армэнію, Грузію, Казахстан, Узбэкістан і шэраг іншых краін. Гэта датычыцца тарыфаў у USD і EUR для фізычных асобаў, удакладнілі ў банку. Актуальны кошт пераводу будзе залежаць ад краіны прызначэньня. Таксама з 7 жніўня зьменіцца кошт залічэньня ўваходных пераводаў у USD і EUR. Памер камісіі будзе залежаць ад банку-карэспандэнта, празь які паступае перавод, і ад тыпу камісіі, абранага адпраўніком пры афармленьні пераводу (OUR, SHA або BEN).
Сбер Банк з 9 жніўня ўводзіць ліміты на папаўненьне картак банку ў касах наяўнымі ў расейскіх рублях. Ліміт складзе да 50000 RUB за дзень.
Банк ВТБ (Беларусь) з 10 жніўня мяняе камісію за папаўненьне наяўнымі ў RUB бягучых рахункаў фізычных асобаў-нерэзыдэнтаў. Узнагароджаньне банку за папаўненьне рахунку складзе 15 працэнтаў ад сумы ўзносу.
Дакладна пра такую ж меру для прыцягненьня наяўнай расейскай валюты абвясьціў і Беларусбанк, але яна пачне дзейнічаць з 20 жніўня.
Лічбавыя візы ў Эгіпет
Эгіпет з 1 жніўня будзе тэставаць лічбавыя візы. Пакуль сыстэма пачне працаваць толькі ў аэрапорце Каіру: замест налепкі ў пашпарт турысты будуць атрымліваць QR-код для кантролю.
Аформіць візу ў Эгіпце можна будзе на сайце, праз аплікацыю ці ў аўтаматах у аэрапорце. Аплата — толькі карткай. Турыстычныя фірмы змогуць аформіць QR-код за турыста загадзя. Цана візы застаецца ранейшаю — $30. Для паездак на Сінайскі паўвостраў (уключаючы Шарм-эль-Шэйх) тэрмінам да 15 дзён віза па-ранейшаму не патрэбная. У Хургадзе пакуль захаваюць старыя правілы атрыманьня візы.
Статыстыка наведваньня беларусамі Эгіпту ў розныя гады значна адрозьніваецца. Паводле ацэнак сайту egyptianivisa.org, у 2023 годзе гэтую афрыканскую краіну наведалі больш за 100 тысяч турыстаў зь Беларусі.
Форум