У Менску за абразу Лукашэнкі завочна судзяць музыканта Сяргея Міхалка

Рок-музыка і актор Сяргей Міхалок

29 ліпеня крымінальную справу супраць Міхалка пачынае разглядаць Менскі гарадзкі суд.

54-гадоваму музыку Сяргею Міхалку інкрымінаваныя ч. 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу («распальваньне варожасьці») і ч. 1 артыкула 368 КК («абраза Лукашэнкі»), піша «Вясна».

Сяргей Міхалок прайшоў вялікі шлях у беларускай музыцы і гэта адна з самых адметных і выбітных фігур у беларускай папулярнай музыцы, заявіў Свабодзе музычны журналіст Аляксандар Чарнуха:

«Ён сьпяваў і сьпявае для вельмі шырокай аўдыторыі людзей? якія ўспрымаюць і песьні кшталту там „Яблыні“ і „Ау“ і песьні кшталту „Ня быць скотам“ і „Воіны сьвятла“. То бок гэта робіць асобу Міхалка даволі маштабнай. І натуральна, гэта асоба якая дазваляла сабе шмат выказваньняў у тым ліку і адносна дзеючай у Беларусі ўлады, таму гэтыя навіны пра суд цалкам вытлумачальныя. Тут няма ніякіх сюрпрызаў. І ён не адзіны беларускі музыка, у дачыненьні якога такія справы ладзяцца. Таксама хутка пачнецца завочны суд над Кацярынай Манкевіч з гурту Dymna Lotva».

Аляксандар Чарнуха назваў суд над музыкам Міхалком яшчэ адным прыкладам таго, як улада Беларусі цяпер зьвярнула ўвагу на беларускую культуру.

Хто такі Сяргей Міхалок

Сяргей Міхалок, беларускі сьпявак, аўтар музыкі і тэкстаў, актор, заснавальнік папулярных гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і Brutto.

Нарадзіўся ў 1972 годзе.

Ягоны гурт «Ляпіс Трубяцкі» прайшоў шлях ад поп-року да жорсткага сацыяльнага панк-року.

У 2014 годзе, пасьля распаду «Ляпісу», ён стварыў панк-рок-гурт Brutto.

Міхалок актыўна выступаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі, падтрымаў пратэсты 2020 году.

Праз палітычную пазыцыю Міхалка ён і ягоны гурт былі ўнесеныя ў так званы «чорны сьпіс» у Беларусі, яго канцэрты былі забароненыя.

Сяргей шмат гадоў жыў і працаваў ва Ўкраіне, у 2015 годзе ён атрымаў від на жыхарства ва Ўкраіне, а праз пяць гадоў стаў заслужаным артыстам Украіны.

Гурт «Ляпіс Трубяцкі» быў адноўлены ў 2022 годзе, пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, каб дапамагчы Ўкраіне.

Музыка актыўна падтрымліваў Рэвалюцыю годнасьці ва Ўкраіне 2014 году, ягоная песьня «Воіны сьвятла» стала адным з гімнаў Эўрамайдану. Упершыню песьня прагучала ў 2014 годзе. Яе напісалі па-расейску. Беларуская вэрсія зьявілася ў 2020 годзе, украінская — у 2022-м.

Пераклад песьні на ўкраінскую мову зрабіў вядомы ўкраінскі паэт і музыка Сяргей Жадан. Відэа на ўкраінскую вэрсію песьні запісвалі ў эстонскім Таліне. Разам зь Сяргеем Міхалком у кліпе зьнялася ягоная тагачасная жонка Сьвятлана Зелянкоўская, а таксама дзеці — старэйшы сын Макар, сярэдні Фёдар і малодшы Мірон.

У чэрвені 2020 году кампазыцыя загучала на беларускай мове дзякуючы перакладу лідэра гурту «Стары Ольса» Зьмітра Сасноўскага.

Яе ўключылі ў складанку беларускіх патрыятычных песень «Сонца Перамогі», якую выдаў «Белы Легіён».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

YouTube-канал гурта «BRUTTO» прызналі «экстрэмісцкім»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сяргей Міхалок і гурт «Ляпіс Трубяцкі» засьпявалі песьню «Воіны сьвятла» ​​на ўкраінскай мове. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Barrikado». Сяргей Міхалок і гурт Drezden прысьвяцілі новы кліп беларускім пратэстам. ВІДЭА