Сьцісла
- Прыкладаў, калі дыктатары напрыканцы свайго кіраваньня пачыналі рабіць дзіўныя рэчы, даволі шмат.
- Загад Лукашэнкі накіроўваць на вайсковыя зборы нядбайных работнікаў дэманструе, як капрызы аднаго чалавека імгненна ўвасабляюцца ў дзяржаўныя рашэньні.
- Добрай ілюстрацыяй да тэзіса пра неадэкватнасьць позьняга аўтарытарызму зьяўляюцца паводзіны Ўладзіміра Пуціна.
Асаблівасьці позьняга аўтарытарызму
Усё ж невыпадкова канстытуцыі большасьці краін сьвету зьмяшчаюць абмежаваньні па колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Гэта вынік аналізу доўгага гістарычнага досьведу чалавецтва.
Калі паглядзець на гісторыю пэрсаналісцкіх дыктатарскіх рэжымаў, то можна заўважыць, што існуе вялікая розьніца ў паводзінах дыктатараў напачатку кіраваньня і напрыканцы. На фінішным этапе сваёй дзейнасьці яны, як правіла, прымалі дзіўныя рашэньні. І гэта невыпадкова. Бо доўгае і непадзельнае кіраваньне вядзе да таго, што дыктатары ў нейкі момант адрываюцца ад рэальнасьці і пачынаюць дзівачыць.
Нават рацыянальныя аўтакраты з разьвітай палітычнай інтуіцыяй праз пэўны час трацяць сувязь з рэальнасьцю
Да такой даволі трывіяльнай высновы падштурхнуў загад Аляксандра Лукашэнкі накіроўваць на вайсковыя зборы нядбайных работнікаў падчас уборачнай кампаніі. У гэтым пляне ўладар Беларусі ніяк не выбіваецца з агульнага шэрагу лідэраў, якія доўга кіруюць. Тут усё ў межах, так бы мовіць, дыктатарскай «нормы».
Як вядома, абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Калі ў сыстэме кіраваньня дзяржавай адсутнічаюць мэханізмы стрымліваньня і проціваг, ва ўмовах адмоўнай кадравай сэлекцыі дыктатару ніхто не адважваецца пярэчыць, ён упэўніваецца ў сваёй беспамылковасьці. Нават рацыянальныя аўтакраты з разьвітай палітычнай інтуіцыяй праз пэўны час трацяць сувязь з рэальнасьцю, пачынаюць куралесіць, прымаць рашэньні, якія выглядаюць дзіўнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Штрафбат па-беларуску: яшчэ адна фантазія позьняга аўтарытарызмуДыктатары дзівачаць
Усе гэтыя заганы тычацца і постацяў, якія ўвайшлі ў гісторыю ў якасьці выбітных. Напрыклад, дасюль гісторыкі шукаюць рацыянальныя прычыны, паводле якіх Напалеон, уладар Эўропы, пайшоў у паход супраць Расейскай імпэрыі, што прывяло яго да палітычнага краху.
Увогуле прыкладаў, калі дыктатары напрыканцы свайго кіраваньня пачыналі дзівачыць, вельмі шмат.
Іосіф Сталін апошнімі гадамі жыцьця сядзеў на лецішчы, працаваў вельмі мала, разагнаў дактароў, бо падазронасьць дайшла да стадыі параноі. Мікіта Хрушчоў напачатку кіраваньня рабіў пэўныя лібэральныя крокі, а ў канцы пачаў фантаніраваць рознымі дзівацкімі пераўтварэньнямі. Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску быў напачатку даволі папулярным у сваёй краіне, а на заходзе палітычнай кар’еры ператварыўся ў чалавека, маніякальна зацыкленага на сваёй бясьпецы, якога ўсе ненавідзелі.
Нават прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан за 16 год кіраваньня ва ўмовах рэжыму з пэўнымі аўтарытарнымі рысамі пачаў жыць у своеасаблівым інфармацыйным пухіры, перастаў адчуваць свой народ і не прадбачыў набліжэньня электаральнага краху.
Вельмі добрай ілюстрацыяй да высновы пра неадэкватнасьць позьняга аўтарытарызму зьяўляюцца паводзіны Ўладзіміра Пуціна. Тэзіс вядомага выступу блогеркі Вікторыі Боні, што «прэзыдэнт адарваны ад рэальнасьці», даволі дакладна адлюстроўвае настроі вялікай часткі нават ляяльнага ўладам насельніцтва. Заявы Пуціна, што «спэцыяльная ваенная апэрацыя» ідзе згодна з плянам, усё нармальна, расейскія войскі наступаюць і хутка перамогуць на тле паліўнага крызісу, чэргаў за бэнзінам, паўблякады Крыму, выклікаюць пытаньні адносна адэкватнасьці чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Растове пашкоджаны тэрмінал, у Яраслаўлі і Ўдмуртыі — нафтавыя аб’екты. Вынікі начных удараў Украіны па РасеіКалі абсурднасьць загаду нікога не хвалюе
Але вяртаемся да Лукашэнкі. Шмат з таго, што ён робіць, цяжка растлумачыць з рацыянальнага гледзішча.
Асабліва гэта заўважна ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. Цяжка прыгадаць, якія праекты, ініцыяваныя Лукашэнкам, былі рэалізаваныя. Але ён прыдумляе новыя: стварыць аграсэрвісы ў райцэнтрах, пабудаваць дзесяць комплексаў па вытворчасьці рыбы, будаваць па ўсёй краіне прафілякторыі для цялят і інш.
Шмат ідэй выклікаюць пытаньні: навошта будаваць яшчэ адну АЭС ці энэргаблёк, калі ў краіне лішкі электраэнэргіі? Навошта будаваць завод па вытворчасьці лядоўняў, калі менскі «Атлант» ня ведае, куды падзець сваю прадукцыю? Навошта будаваць цэлюлёзна-папяровы камбінат у Віцебскай вобласьці, калі Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат зьяўляецца стратным, ня мае дастатковых і стабільных рынкаў збыту.
Лукашэнка зьбірае новыя нарады, аддае тыя самыя загады з аднолькавымі вынікамі — нулявымі
Шмат разоў ён зьвяртаецца да адных і тых жа пытаньняў (безгаспадарнасьць на сельгаспрадпрыемствах, дохнуць цяляты), лёсу адных і тых жа прадпрыемстваў («Камволь»), дае загады ўсё выправіць, але дзесяцігодзьдзямі нічога не мяняецца. Лукашэнка зьбірае новыя нарады, аддае тыя самыя загады з аднолькавымі вынікамі — нулявымі. Здавалася б, варта спыніцца і падумаць, чаму гэта не працуе. Але не. Прычыны няўдач ён бачыць у дрэннай дысцыпліне.
І нічога лепшага не прыдумаў, чым гвалтоўна накіроўваць на вайсковыя зборы нядбайных работнікаў. Абсурднасьць загаду нікога не хвалюе. Чыноўнікі навыперадкі кінуліся выконваць даручэньне. І цяпер за жнівом на палях сочаць нч толькі шматлікія кантралёры, міліцыянты, а яшчэ і ваенкамы. Атрымліваецца, кантралёраў ужо амаль столькі ж, колькі камбайнэраў.
Фантазіі, капрызы, пажаданьні аднаго чалавека імгненна ўвасабляюцца ў дзяржаўныя рашэньні, ці гэта тычыцца правядзеньня чэмпіянату ў колцы дроваў, ці пошукаў хакейнага трэнэра для менскага «Дынама».
У кожнага пэрсаналісцкага дыктатарскага рэжыму свая «восень патрыярха».