У Швэцыі паказалі нататкі Алеся Бяляцкага да ягонай новай кнігі

Алесь Бяляцкі

Нобэлеўскі ляўрэат сам узяў удзел у мерапрыемстве, якое зладзілі ў скандынаўскай краіне. Кніга выйдзе на швэдзкай мове.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі узяў удзел у вечарыне «Bok & Vandring» у Швэцыі, у межах якой эксклюзіўна апублікавалі разьдзел ягонай будучай кнігі пад назвай «Алесь». Кніга выйдзе па-швэдзку, піша Вясна.

Задуму кнігі ўвасабляюць у супрацы з праваабарончай арганізацыяй «Östgruppen», а пераклад тэксту зь беларускай на швэдзкую мову выканаў дыплямат Стэфан Эрыксан, вядомы доўгай працай у Менску і вельмі добрым валоданьнем беларускай мовай.

Нататкі да кнігі паказалі грамадзкасьці ў зьвязку з правядзеньнем выставы «Кніга і вандроўка ў Еквіку / Егелукаце» (Bok & Vandring i Jäckvik / Jäggeluaktta). Гэтыя нататкі стануць заключнай главой у новым выданьні кнігі «Алесь», якая была ўпершыню апублікавана яшчэ ў час знаходжаньня праваабаронцы ў зьняволеньні.

Кніга адлюстроўвае досьвед Бяляцкага ў беларускай турме, які ён апісвае як стан поўнай несвабоды і пастаяннай маральнай напругі.

Адным з цэнтральных момантаў разьдзелу ёсьць апісаньне побыту ў камэры, дзе разам з аўтарам знаходзіўся толькі адзін палітвязень, а астатнія былі прадстаўнікамі крымінальнага сьвету.

Бяляцкі згадвае, што сярод сукамэрнікаў былі наркаспажыўцы, дробныя парушальнікі і нават асоба, якая чакала пажыцьцёвага прысуду. Праваабаронца падкрэсьлівае, што нягледзячы на розныя жыцьцёвыя шляхі і цяжар абвінавачваньняў, супольны сьмех адкрываў шлях да чалавечага паразуменьня.

У сваіх мэмуарах Бяляцкі таксама прасочвае зьмены ў турэмнай сыстэме Беларусі, дзе фізычны гвалт часткова саступіў месца больш вытанчанаму маральнаму прыніжэньню і суцэльнаму кантролю. Аўтар апісаў у кнізе цяжкія ўмовы ў СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калёніі ў Горках, параўноўваючы знаходжаньне там са «знаходжаньнем у сьметніцы», але адначасова адзначыў велізарную важнасьць народнай салідарнасьці.

Аўтар робіць у кнізе выснову, што нават у ізаляцыі захаваньне нацыянальнай тоеснасьці і чалавечай годнасьці застаецца адзіным спосабам змаганьня супраць сыстэмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяляцкі пра закрыцьцё брэндаў LSTR, Ragna і Honar: «Гэта чарговы крок у русыфікацыі Беларусі»


Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).