Авіякампанія Turkish Airlines вяртае рэйсы ў Менск, пра што паведамляе ў сваім тэлеграм-канале нацыянальны аэрапорт «Менск».
Рэйсы маршрутам Стамбул — Менск — Стамбул будуць выконвацца з 21 верасня.
Turkish Airlines будзе лётаць шэсьць разоў на тыдзень па аўторках, чацьвяргах і суботах: чатыры рэйсы будуць начнымі, два — дзённымі.
«РУП „Нацыянальны аэрапорт Менск“ вітае вяртаньне турэцкага перавозьніка на беларускі авіяцыйны рынак і рэкамэндуе пасажырам адсочваць актуальны расклад на афіцыйным сайце авіякампаніі», — гаворыцца ў паведамленьні аэрапорту.
Раней СМІ ўжо заўважылі білеты на маршрут Стамбул — Менск у сыстэме рэзэрваваньня турэцкай авіякампаніі. Час палёту — 3 гадзіны 40 хвілін, што прыкладна на дзьве гадзіны менш, чым працягласць аналягічнага рэйсу «Белавія». Падобна, Turkish Airlines будуць лятаць у Менск праз тэрыторыю ЭЗ.
Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар у Turkish Airlines.
Чаму гэта важна
Авіякампанія Turkish Airlines спыніла палёты ў Беларусь пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымала ўлада Беларусі. Забарону на палёты неаднаразова працягвалі.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне менскі аэрапорт пакінулі авіякампаніі, якія не падтрымалі ранейшыя міжнародныя санкцыі, накладзеныя на беларускую авіяцыю ў сувязі з прымусовай пасадкай самалёта авіякампаніі RyanAir з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай на борце. У Менск працягвалі лятаць FlyDubai I Turkish Airlines, але з пачаткам вайны і яны скасавалі свае рэйсы. Апошняя аднаўляе рэйсы пасьля больш чым чатырохгадовага перапынку.
У Стамбул зь Менску таксама лятае беларуская кампанія «Белавія».