Выправадзілі з Украіны, пераехаў у Чарнагорыю. Новае ў справе беларуса, які шантажаваў украінскіх валянтэраў

Юры Захараў. Архіўнае фота

Беларусу Юрыю Захараву 26 сакавіка 2025 году выставілі падазрэньне паводле ч. 4 арт. 189 (вымагальніцтва ў складзе арганізаванай групы ва ўмовах ваеннага або надзвычайнага становішча) і ч. 4 арт. 190 (махлярства ў вялікіх памерах з выкарыстаньнем электронна-вылічальнай тэхнікі).

Грамадзяніну Беларусі пагражае ад 7 да 12 гадоў зьняволеньня з поўнай канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле ўкраінскага сьледзтва, Юры Захараў з сваёй жонкай Аляксандрай займаўся «чорным піярам» — публікаваў на падкантрольных яму сайтах і ў Telegram-канале дыскрэдытацыйныя артыкулы аб вядомых ва Ўкраіне асобах, а потым вымагаў у іх грошы за выдаленьне кампрамэтацыйных матэрыялаў.

Справу завялі паводле заявы дырэктара фонду «Батальён Валянтэр» Уладзіміра Ярэменкі аб дыскрэдытацыі гэтай арганізацыі і яе сузаснавальніка вайсковага журналіста і валянтэра Рамана Бачкалы.

З Украіны — у Малдову, а адтуль — у Чарнагорыю

На момант завядзеньня справы Юрыя Захарава ўжо не было ва Ўкраіне. Паводле сьледзтва, ён зьехаў у Малдову — 10 верасьня 2024 году ён перасек мяжу праз пункт пропуску «Маякі-Удобнае».

Свабода зьвярнула ўвагу на тое, што час выезду беларуса ў Малдову супаў з палітычнай кампаніяй у гэтай краіне: 20 кастрычніка выбіралі прэзыдэнта і праводзілі рэфэрэндум аб далучэньні Малдовы да Эўразьвязу.

Цяпер, як стала вядома сьледзтву, Юры Захараў знаходзіцца ў Чарнагорыі.

Як вынікае зь яго біяграфіі, кола беларускіх і ўкраінскіх кантактаў, а таксама зь яго дзейнасьці, ён цалкам мог быць інтэграваны ў прарасейскую прапаганду. І Малдова, і Чарнагорыя дагэтуль ёсьць аб’ектами пільнай расейскай увагі праз іх імкненьні інтэгравацца ў Эўрапейскі Зьвяз.

Усе апошнія палітычныя і выбарчыя кампаніі ў гэтых краінах суправаджаліся беспрэцэдэнтным інфармацыйным ціскам Расеі і прарасейскіх сілаў. Цяпер ужо і ў Малдове, і ў Чарнагорыі закрытыя ўсе афіцыйныя інфармацыйныя рэсурсы Расеі, але працягваюць дзейнічаць проксі-мэдыя і мясцовыя парталы, якія надалей пашыраюць прарасейскую прапаганду. Пры гэтым абсалютна ўсе заблякаваныя расейскія СМІ вядуць свае акаўнты ў сацыяльных сетках. Асобны сэктар займаюць ананімныя Telegram-каналы, у стварэньні якіх грамадзянін Беларусі мае вялікі досьвед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Шантажаваў украінскіх валянтэраў, вайскоўцаў, палітыкаў. Украіна шукае беларуса, які займаўся «чорным піярам»

Што стала прычынай выезду з Украіны

Як паведамляла Свабода, Юры Захараў пераехаў ва Ўкраіну ў канцы 2011 году і спачатку спрабаваў зарабляць рамонтам кампутарнай тэхнікі з выездам на дом.

У галіну «чорнага піяру» беларус трапіў ці не адразу пасьля свайго пераезду ва Ўкраіну. Ён супрацоўнічаў з мэдыйнай структурай Ігара Мізраха — вядомага ва Ўкраіне рэйдэра, чорнага піярніка і паліттэхноляга (памёр у кіеўскім СІЗА пры невядомых абставінах. — РС).

Ва Ўкраіне Захараў узяў шлюб з украінскай грамадзянкай (гэта быў ужо трэці ягоны шлюб пасьля першых двух няўдалых у Беларусі. — РС). На падставе гэтага ў 2016 годзе ён змог атрымаць дазвол на сталае жыхарства ва Ўкраіне. Але ў 2024 годзе яго выправадзілі з краіны. Цяпер сьледзтва атрымала дазвол азнаёміцца зь яго асабовай справай, каб высьветліць прычыны рашэньня міграцыйнага органу аб выправаджэньні Захарава.

Што папярэднічала

Юры Захараў нарадзіўся 18 траўня 1988 году ў Маладэчне.

З 2011 году беларус неаднаразова перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу на аўтамабілях беларускай, расейскай і ўкраінскай рэгістрацыі. У тым ліку пяць разоў — на трох розных аўтамабілях прадстаўніцкай клясы, якія належалі грамадзяніну Беларусі Віктару Крэйдзічу. Ва Ўкраіне яго бізнэс-партнэрам быў дэпутат ад Партыі рэгіёнаў Эльбрус Тэдэеў, які называў колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча сваім «царом і богам».

Цяпер Крэйдзіч актыўна працуе ў якасьці сябра прэзыдыюму Міжнароднай грамадзкай палаты, у якой ачольвае Камісію спартовай дыпляматыі і агучвае прарасейскую рыторыку. Палату стварылі ў 2017 годзе спачатку ў межах так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі як непалітычную пляцоўку для разьвіцьця міжнародных сувязяў і спартовай дыпляматыі. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Маскве.

Юры Захараў адміністраваў Telegram-канал «Невероятно, но факт...», які ўваходзіць у пул так званых ананімных каналаў, што служаць для дыскрэдытацыі палітыкаў і іншых вядомых асобаў ва Ўкраіне.

Захараву таксама прыпісваюць суарганізацыю ў 2014–2016 гадах так званага «Фінансавага майдану». Гэта была спроба расхістаць сытуацыю і павярнуць яе супраць ураду Арсенія Яцэнюка. Захараў нібыта на грошы прарасейскай Партыі рэгіёнаў і расейскіх «куратараў» шукаў людзей, якія за адпаведныя «ганарары» пікетавалі Нацыянальны банк і Вярхоўную раду.

Аднак пакуль у крымінальнай справе толькі адзін эпізод — вымаганьне грошай за выдаленьне з Telegram-каналу і спадарожных сайтаў публікацыяў пра журналіста Рамана Бачкалу і яго дабрачынны фонд «Батальён Валянтэр», якія займаюцца дапамогай вайскоўцам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Заканадаўчы правал». Частка беларусаў ва Ўкраіне можа хутка стаць нелегаламі