9 журналістаў і актывістаў няўрадавых арганізацыяў у Азэрбайджане асудзілі агулам на 121 год турмы

Суд у Баку, архіўнае фота

27 ліпеня азэрбайджанскі суд прызнаў групу незалежных журналістаў і актывістаў няўрадавых арганізацый вінаватымі ў «кантрабандзе». Абаронцы прэсы назвалі справу палітычнай, накіраванай на задушэньне мэдыя.

Як паведамляе Азэрбайджанская служба Радыё Свабода, дзевяць журналістаў і грамадзка-палітычных актывістаў былі асуджаныя ў суме на 121 год пазбаўленьня волі.

Згодна з прысудам, сьпікер НДА «Плятформа Трэцяй Рэспублікі» Акіф Гурбанаў і адзін зь яе заснавальнікаў Руслан Ізэтлі былі асуджаныя на 15 гадоў пазбаўленьня волі, заснавальнік інтэрнэт-тэлевізіі Toplum TV Элескер Мэмэдлі і журналіст Элі Зэйналаў — на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Рэдактар Мюшфіг Джабараў, актывісты Раміль Бабаеў і Ількін Эмрахаў былі асуджаныя на 13 гадоў пазбаўленьня волі, а журналісты Фэрыд Ісмаілаў і Эльмір Абасаў — на 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Усе дзевяць адхілілі абвінавачваньні як палітычна матываваныя.

Мюшфіг Джабараў, Фэрыд Ісмаілаў і Эльмір Абасаў, супрацоўнікі мэдыя-агенцтва Toplum TV, былі арыштаваныя ў сакавіку 2024 году падчас паліцэйскага рэйду ў бакінскіх офісах іхнага агенцтва. Чацьвёра супрацоўнікаў няўрадавых арганізацыяў і прадэмакратычны актывіст, зьвязаны з агенцтвам навін, былі арыштаваныя ў той жа дзень, а заснавальнік Toplum TV Элескер Мэмэдлі быў арыштаваны праз два дні.

Пачынаючы з 2023 году, у Азербайджане дзясяткі супрацоўнікаў СМІ былі арыштаваныя і абвінавачаных у розных злачынствах, у тым ліку ў адмываньні грошай і ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

Toplum TV, адно з найбольш вядомых незалежных азэрбайджанскіх мэдыя, апублікавала расьсьледаваньні аб меркаванай карупцыі сярод дзяржаўных чыноўнікаў, а таксама сям’і кіраўніка дзяржаўнай бясьпекі краіны.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў назвала прысуд «надзвычай жорсткім» і заклікала да неадкладнага вызваленьня абвінавачаных:

«Вырак суду пацьвярджае палітычны характар судовага працэсу і жаданьне ўладаў запалохаць і рэпрэсаваць журналістаў, якія проста выконваюць сваю працу», — гаворыцца ў заяве.

Паводле зьвестак Камітэту абароны журналістаў, гэтая каўкаская краіна летась заняла шостае месца ў сьвеце ў колькасьці зьняволеных журналістаў, саступаючы Беларусі, Расеі, Ізраілю, Мʼянме і Кітаю.

Акіф Гурбанаў, апавядаючы аб прычынах стварэньня «Плятформы Трэцяй Рэспублікі» 7 сьнежня 2023 году, роўна за тры месяцы да свайго арышту, заяўляў, што іхная мэта — аднаўленьне рэспубліканскіх каштоўнасьцяў у краіне. Ён падкрэсьліў, што ў многіх сфэрах назіраецца глыбокі крызіс, у прыватнасьці, судовая сыстэма разбураная, няма свабоднага канкурэнтнага асяродзьдзя, а бізнэс канцэнтруецца ў руках кіроўнай сямʼі і буйных чыноўнікаў.

«Падзел уладаў у краіне фармальны, насамрэч падзелу ўладаў няма. Ёсьць аднаасобнае кіраваньне. Парлямэнт — гэта натарыюс Аліева», — заяўляў Гурбанаў.

Ніводныя выбары, якія дагэтуль адбываліся ў Азэрбайджане, не атрымалі станоўчай ацэнкі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У міжнародных дакладах асабліва падкрэсьліваецца, што парлямэнцкія выбары два гады таму таксама праходзілі ў абмежаваных варунках і далёкія ад рэальнай канкурэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вяртаньне дыпляматыі. Чаму Менск раптам заступіўся за Азэрбайджан у канфлікце зь Іранам