Завочна асудзілі Паўла Міцкевіча, які больш за 20 гадоў жыве ў Польшчы
Суд прызначыў Паўлу Міцкевічу завочна пяць гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, піша «Вясна». Таксама Міцкевіч абавязаны выплаціць штраф у 22 500 рублёў (500 базавых велічыняў).
Павал — заснавальнік, старшыня праўленьня і кіраўнік праектаў у фондзе Okno na Wschód. Да 2020 году фонд займаўся трансьмежавымі польска-беларускімі і польска-ўкраінскімі праектамі, зьвязанымі з адукацыяй і культурай. Апошнімі гадамі адзін з асноўных кірункаў яго дзейнасьці — дапамога перасяленцам зь Беларусі, Украіны і Расеі ў Беластоку і іх інтэграцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 25 ліпеня: на продаж выставілі кватэру былога ўдзельніка ByPol Ігара ЛобанаЧаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.