Фільм Андрэя Куцілы пра рэпрэсіі ў Беларусі трапіў на Вэнэцыянскі міжнародны фэстываль

Андрэй Куціла, архіўнае фота

Прэм’ера беларускага фільма «Лісты» (ангельская вэрсія Letters from the Silenced Country) адбудзецца сёлета на Вэнэцыянскім міжнародным кінафэстывалі.

Пра гэта «Позірку» паведаміў рэжысёр фільма Андрэй Куціла.

Арганізатары 83-га Вэнэцыянскага міжнароднага кінафэстываля абвясьцілі праграму на 2–12 верасьня.

«Зь Беларусі — краіны, пра якую мы ведаем вельмі мала — у нас ёсць фільм Андрэя Куцілы, рэжысэра, які быў вымушаны эміграваць па палітычных прычынах», — сказаў падчас прэзэнтацыі праграмы мастацкі дырэктар Вэнэцыянскага міжнароднага кінафэстывалю Альбэрта Барбэра.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў фільме закранаецца «надзвычайны гвалт самай працяглай і найбольш адкрытай дыктатуры на эўрапейскім кантынэнце, якая без ваганьняў зьвяртаецца да катаваньняў і забойстваў сваіх палітычных апанэнтаў».

«Лісты» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, расказаная праз гісторыі людзей, якія перажылі зьняволеньне, рэпрэсіі і выгнаньне, — галасы, якія аўтарытарны рэжым прымусіў замаўчаць, — гаворыцца ў апісаньні фільма.

Кожная гісторыя ў фільме раскрывае асобны досьвед рэпрэсій. Сярод герояў бацька, які хаваецца ад сачэньня, каб пазьбегнуць арышту і разлукі з дачкой, былы крымінальны сьледчы, які ўцякае зь Беларусі, студэнтка Кася, асуджаная за ўдзел у пратэстах, якая выжывае дзякуючы маляваньню, 50-гадовы Вітольд Ашурак, палітзьняволены, які загінуў у турме (яго гісторыя разгортваецца праз фотаздымкі, дасланыя сябрам).

«Мы не разьлічвалі, што можам трапіць на такі фэстываль. Зараз увогуле нават няма ні хвіліны, бо працуем дзень і ноч. Усе мы ведаем, што ў сьвеце тры галоўныя кінафэстывалі — гэта Канскі, Вэнэцыянскі і Бэрлінскі. Таму мы маглі пра такое толькі марыць», — сказаў «Позірку» Андрэй Куціла.

Рэжысёр-дакумэнталіст адзначыў, што стваральнікі фільму хацелі б, каб «Лісты» пабачылі ў Эўропе і Амэрыцы, для гэтага карціну плянавалі рабіць сумесна з вядомымі заходнімі тэлеканаламі — нямецкімі Deutsche Welle, ZDF, француска-нямецкім Arte, польскім TVP.

«Мы, беларусы, добра ведаем, што ў нас адбываецца ўнутры. Мы самі адчуваем свой боль. А як дайсьці з нашай праблемай далей? Мастацкая форма ў пэўным сэнсе пашырае гэтыя магчымасьці. Мы думалі, што гэта можа дапамагчы людзям далёка па-за межамі краіны зразумець, што мы перажылі, што мы перажываем і што можа з намі быць у будучыні. І каб пазбавіцца ад гэтага стэрэатыпу, калі нас часта зьмешваюць з расейцамі ці атаясамліваюць з палітыкай Расеі ці нават палітыкай беларускага рэжыму», — сказаў Куціла.

Ён перакананы, што фільм змогуць убачыць і людзі ў Беларусі: «Не сёньня, канешне, а праз пэўны час, калі скончыцца фэстывальная дыстрыбуцыя».

Паказ фільма плянуецца таксама ў Польшчы.

Хто такі Андрэй Куціла

  • Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах.
  • У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зьняў больш за 10 фільмаў, ляўрэат шэрагу міжнародных кінапрэмій.
  • Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Эўрапейскім кінарынку Berlinale прэзэнтавалі беларускія кінапраекты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Топ-50 беларускіх фільмаў склалі рэжысэры і кінакрытыкі да 100-годзьдзя беларускага кіно

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Калі мы нічога ня зробім, то на нас на ўсіх паставяць крыж». Расказваем пра Беларускую незалежную кінаакадэмію